На сайце Petitions.by зьявіўся зварот з патрабаваньнем праверкі «таемных выпрабаваньняў мэдычных прэпаратаў на беларусах». За лічаныя гадзіны набралася больш за тры сотні подпісаў.
Патрабаваньне зьявілася пасьля публікацыі на сайце часопіса «Ежедневник» артыкулу пад загалоўкам «Карупцыя Мінздароўя: як зь беларускіх дзяцей зрабілі выпрабавальны палігон».
Падпісанты пэтыцыі просяць Міністэрства аховы здароўя спыніць ужываньне карэйскай вакцыны, пасьля ўжываньня якой у Ганцавіцкім раёне памерла дзіця, растлумачыць, чаму незарэгістраваная ў Беларусі вакцына «Эўпэнта» была купленая і якім чынам ужывалася на беларускіх дзецях, а таксама што за 10% лекавых сродкаў, паводле зьвестак Мінздароўя, трапляюць у Беларусь без рэгістрацыі.
Таксама ў пэтыцыі просяць Сьледчы камітэт правесьці праверку фактаў, пералічаных у артыкуле — і весьці паўнавартаснае адкрытае расьсьледаваньне.
Паводле артыкулу «Ежедневника», у Беларусі вакцына «Эўпэнта» ўжываецца ад студзеня 2017 году, хоць яна не зарэгістраваная ў Беларусі, не праходзіла ў краіне выпрабаваньняў і праверак. Мінздароўя палічыла дастатковым тое, што вакцына «прэкваліфікаваная» Усясьветнай арганізацыяй здароўя — ды тая «прэкваліфікацыя» гэта праверка паводле спрошчанай працэдуры, прадугледжаная для краінаў, якія ня могуць праверыць лекі самастойна.
Выкарыстаньне такой незарэгістраванай вакцыны забароненае ў Беларусі законам, але з закону ёсьць выключэньні: для барацьбы з наступствамі надзвычайных здарэньняў і эпідэміяў або для клінічных ці даклінічных выпрабаваньняў.
Мінздароўя адмовілася адказаць выданьню, ці ў Беларусі нейкая эпідэмія, ці сапраўды на беларускіх дзецях вядуцца таемныя выпрабаваньні лекаў.