Разьвітаньне адбылося ў рытуальнай залі на вуліцы Альшэўскага ў Менску.
Заснавальник і кіраўнік агенцтва БелаПАН раптоўна памёр 23 жніўня на 53-м годзе жыцьця.
ФОТАГАЛЕРЭЯ
Хто такі Алесь Ліпай
Алесь Ліпай — заснавальнік і кіраўнік БелаПАН, найстарэйшага незалежнага інфармацыйнага агенцтва ў Беларусі, якое працуе ад 1991 году. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускага ПЭН-цэнтру.
Нарадзіўся ў 1966 годзе ў вёсцы Андросаўшчына Капыльскага раёну. У 1988 годзе, падчас вучобы на факультэце журналістыкі БДУ, перасьледаваўся за ўдзел у вырабе самвыдатаўскай насьценгазэты «Лірнік».
У 1989 годзе Ліпай стаў першым карэспандэнтам Радыё Свабода ў Беларусі.
Аўтар перакладу на беларускую мову Дамовы аб вывадзе ядзернай зброі зь Беларусі. На пачатку 1990-х гадоў арганізаваў перавозку ў Беларусь больш як тысячы кніг, выдадзеных беларускай дыяспарай у Нямеччыне, і распаўсюдзіў іх па школах ды бібліятэках.
У чэрвені 1996 году, падчас апэрацыі па вызваленьні дзяцей, узятых у закладнікі тэрарыстам у дзіцячым садку ў Менску, браў інтэрвію ў тэрарыста, адцягваючы тым самым ягоную ўвагу.
14 чэрвеня супраць Ліпая завялі крымінальную справу за ўхіленьне ад сплаты падаходнага падатку. Крымінальны перасьлед Ліпая лічаць зьвязаным зь ягонай прафэсійнай дзейнасьцю, Беларуская асацыяцыя журналістаў і праваабарончы цэнтар «Вясна» асудзілі справу супраць Ліпая.
БелаПАН быў генэральным партнэрам менскага мітынгу-канцэрту «Сьвята Незалежнасьці», прысьвечанага 100-й гадавіне абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Ліпай выступаў на сьвяце, сярод іншага заклікаў да салідарнасьці з затрыманымі з палітычных прычын, зачытаў верш Уладзімера Някляева, які той напісаў за кратамі.