«Весткі беларускіх гарадоў і вёсак» – так называўся шматгадовы цыкль перадачаў, якія на Радыё Свабода з канца 1980-х вёў Ясь Валошка – Алесь Ліпай. Алесь стаў першым карэспандэнтам Беларускай службы Радыё Свабода ў Савецкім Саюзе.
З рэдакцыі ў Мюнхэне пазванілі на тэлефонны нумар у папулярную тады газэту «Знамя Юности» па камэнтар, ён выпадкова падняў трубку – а далей была ўжо гісторыя, як кажуць у такіх выпадках.
Наша супрацоўніцтва толькі ўзмацнілася, калі Алесь сканцэнтраваўся на БелаПАНе, Свабода стала першым замежным падпісчыкам агенцтва. Паўтары гады таму ў Менску, у сьнежні 2016, на сьвяткаваньні 25-гадовага юбілею БелаПАНу, выступаў дырэктар аддзела Эўропы РСЭ/РС Джэрэмі Бранстэйн і казаў, што мы не ўяўляем нашай працы без дакладных, апэратыўных паведамленьняў БелаПАНу, яго багатага мультымэдыйнага і аналітычнага кантэнту.
Але ня толькі – у Алеся быў азарт, непарушныя незалежніцкія каштоўнасьці, сялянская прагматычная настойлівасьць і ўпартасьць, і беларускі паэтычны слых.
Я ўкрыжаваны лёсам на крыжы,
які завуць у сьвеце Беларусьсю.
Мой Бог, дапамажы!
Дапамажы, –
бо я не паміраю, а баюся.
Насамрэч Алесь, здавалася, нічога не баяўся. Безь яго імя немагчыма ўявіць беларускую журналістыку апошніх трох дзесяткаў гадоў. Безь яго вершаў будзе няпоўная любая карціна новай нацыянальнай паэзіі незалежнай Беларусі. Сябры ня змогуць забыць яго таварыскасьць, заўсёдны гумар, упэўненасьць дзеяньня, гатовасьць дапамагчы – і надзвычайную стойкасьць, спакой і жарты, зь якімі ён ставіўся да сваёй цяжкай хваробы, балючых удараў лёсу, часам ад блізкіх людзей, і куды часьцей ад уладаў.
Мы часта сустракаліся, у Менску, у Празе, ён прыляцеў на мой дзень народзінаў у Вэнэцыю і прывёз у падарунак новую песьню, напісаную на яго верш «Карабель маёй краіны». Яна стала імгненным гітом, стала першай за пяцьдзесят гадоў песьняй па-беларуску, якая перамагла летась у Маскве на міжнародным конкурсе патрыятычнай песьні.
На гэтым караблі, які быў яго працай, яго паэзіяй, яго стваральным бізнэсам, яго шчасьлівым жыцьцём у штармавым моры беларускай незалежнай журналістыкі Алесь быў капітанам.
Карабель плыве.