Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Чыноўнікаў трэба ледзь ня вешаць, шматаць і расшкамутаць», — Лукашэнка спаслаўся на «думку народу» і спэцслужбы


Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Падчас «кадравай нарады» 17 жніўня Аляксандар Лукашэнка працягнуў абурацца працай чыноўнікаў. Паводле ягонай прэс-службы, цяпер ён спасылаецца на «меркаваньне людзей», якія заўважае па публікацыях у інтэрнэце і справаздачах спэцслужбаў.

Меркаваньне народу, на думку Аляксандра Лукашэнкі, такое:

«Вось, усё правільна робіць прэзыдэнт: трэба гэтых чыноўнікаў ледзь ня вешаць, шматаць і расшкамутаць. Гэта няправільнае разуменьне людзьмі маіх дзеяньняў».

Лукашэнка дадаў, што старшыні сваёй адміністрацыі Натальлі Качанавай і «тым, хто працуе цяпер у Воршы» ён даручыў «паставіць пад напружаньне» нелюбімых чыноўнікаў, ды адзначыў, што «людзям трэба паглядзець і на сябе, перш чым кагосьці асуджаць».

Праўда, разам з тым Лукашэнка паабяцаў адказаць і тым, хто ў інтэрнэце «спрабуе кінуць камень у агарод тых рашэньняў», якія ён прымае.

Таксама ён удакладніў, што ў Аршанскім раёне «паставіць пад напружаньне» трэба ўсіх, «пачынаючы са звычайнага чалавека»:

«Людзі павінны адчуваць, што там пачалася, вобразна кажучы, рэвалюцыя, — казаў Лукашэнка. — І варушыцца трэба ўсім, у тым ліку звычайным людзям».

За апошні тыдзень Лукашэнка скрытыкаваў віцэ-прэм’ера, экс-міністра здароўя Васіля Жарко за карупцыю ў ахове здароўя, накрычаў на міністраў і запатрабаваў замены «ўсяго кіраўніцтва ўраду» звольніў міністраў архітэктуры і прамысловасьці Анатоля Чорнага і Віталя Воўказа «невыкананьне ягоных даручэньняў», а таксама старшыню Аршанскага райвыканкаму Аляксандра Пазьняка.

Новых міністраў падкажа Макей, праверыць Вакульчык

Адносна патэнцыйных новых чальцоў ураду Лукашэнка адзначыў, што «ёсьць някепскія амбасадары, якія атрымалі пэўны досьвед працы», паабяцаў паслухаць меркаваньне міністра замежных справаў Уладзімера Макея.

Нарада па разглядзе кадравых прапановаў 17 жніўня
Нарада па разглядзе кадравых прапановаў 17 жніўня

Ды «каб не было размоваў, што людзі ня тыя», казаў Лукашэнка, на нараду былі запрошаныя старшыня Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Валерый Вакульчык і начальнік Апэратыўна-аналітычнага цэнтру Андрэй Паўлючэнка.

За сталом на нарадзе па кадравых пытаньнях ураду пры гэтым не было прэм’ер-міністра Андрэя Кабякова — затое сярод іншых быў экс-прэм’ер Міхаіл Мясьніковіч, які цяпер старшынюе ў Савеце Рэспублікі.

«Спэктар кандыдатураў досыць шырокі, і давайце мы гэтыя кандыдатуры разгледзім, – казаў Лукашэнка. – Але пытаньне трэба вырашаць, не зацягваючы, каб не дапусьціць некантраляванага разьвіцьця некаторых, перш за ўсё нэгатыўных, працэсаў у эканоміцы. Хоць я не хачу драматызаваць сытуацыю. Міністры на месцах, ведамствы працуюць, губэрнатары на месцы. Кіравальнасьць у нас проста ня можа быць страчаная».

Мо нарэшце зьявіцца новы міністар энэргетыкі?

Адно міністэрскае месца ў Беларусі вакантнае ўжо тры з паловай месяцы. Міністар энэргетыкі Беларусі Ўладзімер Патупчык быў вызвалены ад пасады 2 траўня за стварэньне незаконнага сямейнага бізнэсу. Як казаў старшыня КДБ, пры падтрымцы былога міністра быў арганізаваны бізнэс па пастаўках будматэрыялаў па завышаных цэнах. Новага міністра пакуль не прызначаюць.

Тым часам новага кіраўніка для Аршанскага раёну знайшлі за дзень.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG