У ЗША жанчына-трансгендэр упершыню вылучана прэтэндэнтам на пасаду губэрнатара ад адной з найбуйнейшых партый. Дэмакратычная партыя ў штаце Вэрмонт падтрымала кандыдатуру Крысьцін Холкуіст. На праймэрыз ёй удалося абысьці трох сваіх апанэнтаў, сярод якіх быў 14-гадовы падлетак. Палітык, якую да зьмены полу звалі Дэвід Холкуіст, сваё вылучэньне назвала «гістарычным».
На пасадзе губэрнатара яна зьбіраецца пашырыць у Вэрмонце доступ да шырокапалоснага інтэрнэту і праводзіць экалягічна арыентаваную энэргетычную палітыку. Па словах Холкуіст, да ўдзелу ў палітыцы яе падштурхнула перамога Дональда Трампа на выбарах прэзыдэнта ў 2016 годзе. У гутарцы з The Guardian яна заявіла, што навіна аб яго будучым прэзыдэнцтве стала для яе «траўмай», якая вядзе да «палітычнай дэпрэсіі».
Супернікам Холкуіст будзе дзейны губэрнатар-рэспубліканец Філ Скот. Хоць ён лічыцца фаварытам гонкі, апошнім часам яго папулярнасьць зьніжаецца, а на прэзыдэнцкіх выбарах у 2016 годзе большасьць жыхароў Вэрмонту прагаласавалі за Гілары Клінтан.
62-гадовая Холкуіст можа стаць самым высокапастаўленым, але не адзіным чыноўнікам-трансгендэрам у Амэрыцы. У мінулым годзе Даніка Роем стала першым адкрытым трансгендэрам, якому ўдалося прайсьці ў парлямэнт штату — яна атрымала месца ў заканадаўчым сходзе Віргініі. Іншы адкрыты трансгендэр — Джэс Гербст — зьяўляецца мэрам гораду Нью-Хоўп у Тэхасе.