Прэзыдэнт Нямецкага алімпійскага камітэту (DOSB) Альфанс Гёрман не выключае байкоту Эўрапейскіх гульняў-2019 у Менску, заявіў ён у інтэрвію нямецкаму радыё Deutschlandfunk, якое сёньня цытуюць нямецкія СМІ.
Як піша выданьне Focus, Альфанс Гёрман лічыць, што байкот «ня выключаны, калі сытуацыя будзе разьвівацца так, як гэта нядаўна адбылося».
Гёрман таксама заявіў, што падзеі ў Беларусі «непакояць, таму мы будзем і надалей ўважліва сачыць за імі».
Пры гэтым Нямецкі алімпійскі камітэт, адзначыў яго кіраўнік, прытрымліваецца меркаваньня, што «байкот не зьяўляецца добрым інструмэнтам», ён «можа выкарыстоўвацца толькі там, дзе існуюць абсалютна непрымальныя ўмовы».
Гэта тычыцца цяперашняй Беларусі, якая цягам 24 гадоў знаходзіцца пад аўтарытарным кіраваньнем прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі, адзначаюць нямецкія СМІ. Апошнія арышты беларускіх журналістаў асудзіла АБСЭ і іншыя міжнародныя арганізацыі, з заявай з гэтай нагоды выступіў у тым ліку ўрад ФРГ.
Хто асудзіў затрыманьні журналістаў і ператрусы ў рэдакцыях. Сьпіс
Затрыманьні незалежных журналістаў. Што важна ведаць
- Раніцай 7 жніўня супрацоўнікі Сьледчага камітэту прыйшлі зь ператрусамі ў офісы інтэрнэт-парталу Tut.by і інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, а таксама ў кватэры журналістаў гэтых кампаній.
- Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі. Максымальнае пакараньне паводле ч. 2 арт. 349 — абмежаваньне ці пазбаўленьне волі на тэрмін да 2 гадоў.
- 7–8 жніўня прайшлі ператрусы ў офісах Tut.by, БелаПАН, Realt.by, газэты «Культура» і ТАА «Айціві». Таксама па справе праходзіць выдавецкі дом «Беларуская навука».
- Вядома, што цягам 7–9 жніўня затрымалі 17 журналістаў. Іх вызвалялі пасьля допыту ў СК.
- 9 жніўня СК заявіў, што галоўная рэдактарка Tut.by Марына Золатава прызнала віну.
- Падставай для завядзеньня крымінальнай справы паслужыла паведамленьне БелТА пра збоі ў кліентаў пры доступе да платнай падпіскі на паслугі.
- Платная падпіска БелТА каштуе 612 рублёў на месяц.
- У падтрымку журналістаў, якіх перасьледуюць па «справе БелТА», сабралі больш за тысячу даляраў.
- Хто асудзіў затрыманьні журналістаў і ператрусы ў рэдакцыях. Сьпіс
- У чэрвені 2018 году супраць кіраўніка БелаПАН Алеся Ліпая завялі крымінальную справу за ўхіленьне ад сплаты падаходнага падатку.