Затрыманую 7 жніўня галоўную рэдактарку Tut.by Марыну Золатаву прывезьлі начаваць у турму на вуліцы Акрэсьціна ў Менску (Цэнтар ізаляцыі правапарушальнікаў). Пра гэта Свабодзе паведаміў дзяжурны ЦІП.
Затрыманымі застаюцца прынамсі 5 журналістак: Марына Золатава, Ганна Калтыгіна, Галіна Ўласік, Ганна Ермачонак з Tut.by, Тацяна Каравянкова зь БелаПАНу. Пяцярых — Ульляну Бабаед, Людмілу Чэкіну, Яўгенію Беразюк, Дзьмітрыя Бобрыка і Андрэя Сераду ўвечары ў аўторак адпусьцілі.
Пасьля 23-й гадзіны дзяжурны ЦІП паведаміў Свабодзе, што ў ізалятар прывезьлі толькі Марыну Золатаву. Дзе ўсю ноч трымалі астатніх, высьветліць не ўдалося. Дзяжурны ЦІП цяпер адказвае: «Інфармацыю пра затрыманых мы не даём». У аўторак да затрыманых не дапускалі адвакатаў, зь якімі заключылі дамовы іх родныя. Напрыклад, Тацяне Каравянковай прапанавалі дзяржаўнага абаронцу пры допыце, яна адмовілася.
Мяркуецца, што ў сераду затрыманых будуць прывозіць на допыты ў Сьледчы камітэт. Прынамсі, дачцэ Галіны Ўласік Валерыі паведамілі, што допыт маці ў прысутнасьці адваката адбудзецца а 12-й гадзіне ў Сьледчым камітэце на вуліцы Фрунзэ.с
Затрыманьні незалежных журналістаў. Што важна ведаць
- Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі. Максымальнае пакараньне паводле ч. 2 арт. 349 — абмежаваньне ці пазбаўленьне волі на тэрмін да 2 гадоў.
- 7–8 жніўня прайшлі ператрусы ў офісах Tut.by, БелаПАН, Realt.by, газэты «Культура» і ТАА «Айціві». Таксама па справе праходзіць выдавецкі дом «Беларуская навука».
- Вядома, што цягам 7–9 жніўня затрымалі 17 журналістаў. Іх вызвалялі пасьля допыту ў СК.
- 9 жніўня СК заявіў, што галоўная рэдактарка Tut.by Марына Золатава прызнала віну.
- Падставай для завядзеньня крымінальнай справы паслужыла паведамленьне БелТА пра збоі ў кліентаў пры доступе да платнай падпіскі на паслугі.
- Платная падпіска БелТА каштуе 612 рублёў на месяц.
- Хто асудзіў затрыманьні журналістаў і ператрусы ў рэдакцыях. Сьпіс
- У чэрвені 2018 году супраць кіраўніка БелаПАН Алеся Ліпая завялі крымінальную справу за ўхіленьне ад сплаты падаходнага падатку.