Аўтар сайту graves.by Андрэй Бурдзянкоў пачаў пераносіць на інтэрнэт-мапу 200-гадовы горадзенскі нэкропаль. Цяпер ён упершыню просіць дапамагчы грашыма і валянтэрствам, бо могілкі моцна зарасьлі.
7 тысяч магіл і 20 тысяч даляраў
Сутнасьць вялікага праекту гіда-перакладчыка Андрэя Бурдзянкова, які першы ў Беларусі пачаў ствараць каталёг старадаўніх пахаваньняў зь іх дакладнымі каардынатамі, — перанесьці рэальныя могілкі ў сеціва.
Так людзі нават зь іншых краін змогуць адшукаць месцы пахаваньня сваіх крэўных. Дзеля гэтага кожнае надмагільле трэба сфатаграфаваць з дапамогай адмысловай прылады і запампаваць у інтэрнэт з апісаньнем. На віртуальнай мапе помнік мае дакладныя каардынаты.
Андрэй аблічбаваў ужо каля 7 тысяч (з 30 мільёнаў) беларускіх пахаваньняў: большасьць у вёсцы Налібакі, Дзяржынску, Наваградку, крыху ў Менску. У будучым плянуе ахапіць праектам усе могілкі краіны.
Прыладу GeoTag, якая фатаграфуе помнікі з GPS-прывязкай, Андрэй стварыў на ўласныя грошы. На гэта пайшло 14 тысяч даляраў. За стварэньне сайта аддаў каля 2 тысяч даляраў. Дзеля гэтага нават прадаў аднапакаёўку ў Менску.
Інструмэнты і прылады, якія выкарыстоўвае Бурдзянкоў, агулам каштуюць некалькі тысяч даляраў. Сярод іх камэра з сынхранізатарам і бліскавіцай, штатыў, электракаса, электранажніцы, нож, сэкатар. На зарослыя могілкі ўлетку патрэбныя і такія дробязі, як гумовыя боты, рукавіцы, сродкі ад камароў і кляшчоў — гэта таксама грошы з уласнай кішэні. Сюды ж дадаецца кошт падарожжа ў розныя пункты Беларусі, плата за гатэлі. Да таго ж справа патрабуе часу, у які Андрэй мог бы працаваць за грошы.
Пры гэтым ягоная інтэрнэт-база пахаваньняў — бясплатная. Аўтар праекту спадзяецца, што так будзе заўсёды.
На пытаньне, ці лічыць сябе нармальным чалавекам, амаль бяз жарту адказвае адмоўна. Кажа, што займаецца гэтым дзеля гісторыі. Да таго ж такая праца супакойвае.
На пакос ідзе болей часу, чым на фота і расшыфроўку
У Горадню Андрэй прыяжджаў з чэрвеня ўжо некалькі разоў. Аблічбаваў каля сотні помнікаў. Галоўная праблема тут — кустоўе, якое цалкам хавае пліты. Перад здымкамі трэба расчысьціць тэрыторыю. Выявілася, што на фізычную працу ідзе больш часу, чым на фатаграфаваньне і расшыфроўваньне надпісаў.
Каб зьберагчы час, першы пакос двух сэктараў ужо замовілі за грошы — заплацілі звыш 300 даляраў.
Горадзенскімі могілкамі Андрэй заняўся, бо «ў мясцовых адчуваецца густ да гісторыі, да каранёў». Гэта адны з самых старых беларускіх могілак, і захаваліся яны лепей, чым, прыкладам, старыя ў Пінску. Хоць у тым жа Пінску 43 гарадзкія арганізацыі раз на год выкошваюць усю тэрыторыю пахаваньняў. У Горадні чысьцяць сьцежкі толькі па пэрымэтры, астатняе лічыцца прыватнай уласнасьцю, за якой мусяць даглядаць нашчадкі. З гэтым цяжкасьці, бо магілам больш за дзьвесьце год.
Цяпер Бурдзянкоў вырашыў запусьціць кампанію па зборы грошай на краўдфандынгавай плятформе Talaka. Да канца верасьня плянуюць сабраць 1500 рублёў.
Гэтыя грошы пойдуць, у першую чаргу, на прыбіраньне травы і каранёў на горадзенскіх могілках. Таксама за сабраныя сродкі крыху дапрацуюць мабільную праграму і сайт, у тым ліку беларускамоўную вэрсію, бо цяпер ён існуе толькі па-ангельску.
Мужчына спадзяецца, што такі збор будзе разавым, бо праект павінен зарабляць сам. Цяпер доступ да ягонай мабільнай праграмы каштуе 1 даляр (пасьля 10 здымка).
«Можна доўга выступаць на плошчах, прасіць грошы. Але гэта ня мой стыль», — кажа ён.
Патрэбныя валянтэры
На думку Бурдзянкова, было б здорава, калі б нехта зь мясцовых людзей з нажніцамі і касілкамі змог расчысьціць могілкі па сэктарах. Гэта можа быць валянтэрская або аплатная праца.
Калі кампанія пойдзе зладжана і возьмуць удзел прынамсі 20 ахвотных, то да канца верасьня можна аблічбаваць старыя горадзенскія могілкі цалкам. Калі надворʼе дазволіць.
Каардынатар у справе прыбіраньня старых могілак у Горадні — Сяржук Герман. Да яго могуць зьвяртацца ўсе ахвотныя, каб пакасіць траву або дапамагчы з аблічбоўваньнем.
Паходня згасла
Старыя горадзенскія могілкі на вуліцы Антонава складаюцца зь дзьвюх частак: каталіцкай і праваслаўнай. Каталіцкія ўпершыню згадваюцца ў 1792 годзе, праваслаўныя — пазьней. Лічыцца, што гэта самы стары камунальны хрысьціянскі нэкропаль у Беларусі. Камунальны — значыць, не пры царкве, а вынесены за горад.
Тут пахаваныя пісьменьнікі Эліза Ажэшка, Міхась Васілёк, Міхась Багун, маці Максіма Багдановіча Марыя Апанасаўна, архітэктар Джузэпэ Сака, невядомы француз Франсуа Легрэ, прадстаўнікі мясцовай інтэлігенцыі, духавенства, вайскоўцы і чыноўнікі.
Надмагільлі маюць мастацкую каштоўнасьць. Замест сучасных тыповых помнікаў тут можна сустрэць скульптуры анёла, жанчыны ў смутку, замест фатаздымкаў — каменныя рэльефныя партрэты-мэдальёны. Выявы багатыя на сымбалі: абрэзаны слуп азначае ўзрост нябожчыка (чым вышэйшы, тым даўжэй жыў), дрэва з абрэзанымі галінамі і згаслая паходня — сьмерць, а матылёк — крохкасьць чалавечага жыцьця.
Дзякуючы сваёй унікальнасьці горадзенскі горад памерлых мог бы стаць такім жа брэндам, як Росы ў Вільні або Лычакоўскія могілкі ў Львове.
Але комплекс пахаваньняў дагэтуль ня ўнесены ў ахоўны сьпіс і не ахоўваецца дзяржавай. Мэталічныя крыжы і агароджы раскрадаюць, верагодна, на мэталалом, каменныя помнікі руйнуюцца ад часу.