У Беларусі з 1 жніўня разгарнуліся школьныя кірмашы. Яны будуць працаваць да канца лета. Свабода падлічыла: каб сабраць дзіця ў школу «з нуля», напрыклад, у Магілёве, бацькам трэба быць гатовымі выкласьці трохі менш за сярэднямесячны заробак.
Гандляры на магілёўскім кірмашы запэўніваюць: у параўнаньні зь мінулым годам цэны на тавары да школы не зьмяніліся, а на частку асартымэнту нават зьменшыліся на 5–10 працэнтаў. Тым ня менш яны не чакаюць вялікага прыбытку. Многія спадзяюцца, што сёлета гандаль ня стане для іх стратным, як тое было летась.
Па словах гандляроў, актыўнасьць пакупнікоў невысокая, бо заробкі істотна ня вырасьлі. Людзі, кажуць яны, стараюцца набываць тавар недарагі. Найчасьцей аддаюць перавагу прывазной прадукцыі. Айчынная хоць і лепшай якасьці, але задарагая.
Каб сабраць у Магілёве дзіця да школы «з нуля» (то бок купляючы ўсё неабходнае), паводле падлікаў Свабоды, бацькам трэба мець ад 300 да 600 рублёў. Гэта бюджэт мінімальна неабходнага камплекту экіпіроўкі школьніка, калі ня браць пад увагу ўзрост.
Сярэдні заробак на Магілёўшчыне за чэрвень, паводле зьвестак Белстату, быў 808,1 рубля. Па Беларусі — 953,7 рубля. Зарабляюць на Магілёўшчыне меней, чым дзе ў краіне.
Афіцыйныя падлікі
Як паведамілі ў Галоўным упраўленьні гандлю і паслуг Магілёўскага аблвыканкаму, сёлета сабраць школьніка малодшых клясаў абыдзецца бацькам ад 322 да 502 рублёў. У спажывецкі набор для гэтай катэгорыі вучняў уваходзіць адзежа, абутак, школьна-пісьмовыя і канцылярскія прылады, а таксама заплечнік ці сумка.
Каб экіпаваць вучня старэйшых клясаў, спатрэбіцца, па падліках чыноўнікаў, ад 325 да 537 рублёў.
У 2017 годзе кошт экіпіроўкі школьнікаў да навучальнага году вагаўся ад 250 да 580 рублёў.
Падлікі Свабоды
Школьная форма і абутак
Школьная хлапчуковая форма з абуткам абыдзецца ад 180 да 600 рублёў. Апрануць і абуць дзяўчынку трохі даражэй: ад 190 да 620 рублёў.
Для дзяўчынкі:
спадніца: 20–70 рублёў пінжак: 20–80 рублёў нагавіцы: 20–50 рублёў кофта-гольф: 25–80 рублёў блюза: 20–70 рублёў туфлі: 30–90 рублёў форма для фізкультуры: 35–90 рублёў спартовы абутак: 20–90 рублёў
Для хлопчыка:
гарнітур-тройка: 60 —170 рублёў (асобна пінжак: 20–70 рублёў і нагавіцы 25–60 рублёў) кашуля: 15–70 рублёў кофта-гольф: 25–80 рублёў гальштук: 7–10 рублёў туфлі: 30 — 100 рублёў спартовы абутак: 20 —70 рублёў форма для фізкультуры: 20 — 90 рублёў
Пісьмовыя і канцылярскія прылады з заплечнікам
Для малодшых клясаў набор пісьмова-канцылярскіх прыладаў з алоўкамі, асадкамі, флямастарамі, пэналам, а таксама сшыткамі ды каляровай паперай абыдзецца бацькам ад 40 да 70 рублёў.
Для старэйшых клясаў сума меншая — да 40 рублёў.
Заплечнікі: ад 35 да 60 рублёў.
Кошт падручнікаў
Летась, паводле вызначэньня ўраду, камплект падручнікаў для першай клясы каштаваў 16,49 рубля (карыстаньне ім — 8,24 рубля). Самы дарагі камплект падручнікаў быў для сёмых клясаў — 40,57 рубля (карыстаньне — 20,28 рубля).
Бацькі школьнікаў: цэны растуць, а дастатак стаіць на месцы
У Магілёве першы дзень кірмашу выдаўся нешматлюдным. Мала таго, што яго разьмясьцілі на ўскрайку гораду ў мікрараёне Казіміраўка, але і пад’езд да яго аўральна рамантуюць перад Форумам рэгіёнаў Беларусі і Расеі.
Бальшыня пакупнікоў наведалася на кірмаш прыцаніцца. Яны не хавалі, што шукаюць таньнейшых тавараў, бо сямейны бюджэт не дазваляе шыкаваць. Многія набываюць рэчы да школы ў растэрміноўку паводле адмысловых банкаўскіх праграмаў.
У жыхаркі Магілёва Сьвятланы трое дзяцей. Выплачваць растэрміноўку яна будзе тры месяцы. На школьным базары жанчына набыла для дачкі нагавіцы за 30 рублёў.
«На тое, каб сабраць дзяцей у школу, мы трацім палову сямейнага бюджэту — гэта 300–400 рублёў, — кажа яна. — У мяне дзяўчаткі, дык нешта пераходзіць ад адной да другой. На гэтым эканомім. Год ад году цэны растуць на ўсё: на адзежу і абутак. Толькі дастатак не расьце».
Наступная суразмоўніца Ірына набыла дачцэ-першаклясьніцы на кірмашы заплечнік за 50 рублёў. Кажа, што і разьлічвала на такую суму. На тое, каб сабраць дачку ў школу, яна пачала адкладаць грошы зь вясны. Разьлічвае, што ўкладзецца ў 1 тысячу рублёў.
«Гэта дужа многа для нашага сямейнага бюджэту, але куды падзецца, — кажа яна. — Дзіця ідзе першы раз у школу, і трэба, каб для яе гэта было сьвятам і ёй не было сорамна».
Натальля прыехала з прыгараднай магілёўскай вёскі — Сумарокава. У яе двое дзяцей. Сын пойдзе ў трэцюю клясу. Дачка вучыцца апошні год. За месяц Натальля з мужам зарабляюць 700 рублёў.
«Лічыце, што гэтую суму пакінем у крамах і кірмашы, каб выправіць дзяцей у школу», — кажа яна.
«Добра, што дапамагаюць маці і сьвякруха, а то зусім ліха было б. Нас пашкадавалі, дык выдалі аванс. Мы хуценька сабраліся — і ў Магілёў. Цяпер грошы, як вада. Сыну гарнітур. Дачцэ трэба нешта прыстойнае прыгледзець. Выпускніца ж. Купіла нагавіцы сыну, кашулю — і ста рублёў няма. Хоць плач...»