Заробак 20-гадовага жывёлавода Дзімы Чашэйкі ўсяго за некалькі гадзін вырас удвая. Ён стаў ці ня самым высокааплатным работнікам СПК «Бародзічы». На каровіную пашу да Дзімы прыехалі тры ягоныя начальнікі. Гудзе ўся гаспадарка: Дзіма паскардзіўся на несправядлівы заробак.
7.40 ранку. Дзіма Чашэйка з Зэльвы сядае на ровар і едзе на зьмену. Дахаты ён вернецца наступным ранкам. Працуе Дзіма па 24 гадзіны — суткі праз суткі.
Кароваў у Дзімы каля 300. Статак цельны і сухастойны — каровы ці цяжарныя, ці толькі нарадзілі. Паміж дарослымі жывёламі бегае малое цялятка, якое нарадзілася ўначы.
Галоўныя абавязкі Дзімы, каб каровы не галадалі і мелі ваду. І не разьбегліся, вядома. Раз на некалькі гадзін ён пераносіць дрот з электрычным пастухом на новае месца. Гэта называецца «адбіць клетку». У яе пераганяе статак.
«Адбіў клетку, перапусьціў, зьбяру другую клетку, адаб’ю, прыедзе трактар, падчаплю бочку, зьедзе, пасьля прыедзе, яны зьядуць траву, у новую перагнаў іх клетку, зноў сабраў клетку, зноў адбіў... Так і дзень праходзіць», — гэта працоўны рытм беларускага пастуха.
Пастухом Дзіма ўладкаваўся ў красавіку. Атрымаў за першы месяц 445 рублёў 60 капеек «на картку» — з усімі вылічэньнямі. З 1 траўня Дзіма застаўся без напарніка. Працы паболела ўдвая, і заробак, кажа, паабяцалі падвойны.
За травень Дзіму пералічылі 610 рублёў 10 капеек. У ліпені папрасіў маці патэлефанаваць у бухгальтэрыю. Там сказалі, што за чэрвень налічылі яму 450 рублёў за 27 працоўных дзён і 4 выходныя. Дзіма кажа, што замест 360 адпрацаваных гадзін запісваюць яму 170, не аплачваюць перапрацоўкі. А выходных у яго няма як такіх: кожныя другія суткі ён выходзіць на працу.
«Я падышоў да начальніка свайго, сказаў, што буду звальняцца. А ён мне кажа: „Не падабаецца, валі на...“, — кажа Дзіма. — „Ты нічога не даб’есься“».
Хлопец пайшоў у «белы дом» — так у Зэльве называюць раённую адміністрацыю, паскардзіўся ў інспэкцыю па ахове працы. Напісаў журналістам. «Скажыце, яны маюць права?» — такое паведамленьне мы атрымалі ад яго «Ўкантакце».
Супрацоўніца ўпраўленьня па працы, занятасьці і сацыяльнай абароне Зэльвенскага райвыканкаму Алена Міхайлаўна пацьвердзіла, што справай Чашэйкі займаецца. Адказ ён атрымае ў вызначаны законам тэрмін — празь месяц.
Пад адзінаццатую на полі зьяўляецца аўтамабіль. Гэта намесьнік дырэктара гаспадаркі Дзьмітры Парцяны прывёз Дзіму напарніка. «А што, Дзіму нешта не падабаецца?» — пытаецца ён у нас.
Новы напарнік Аляксандар першы дзень пасьля бальнічнага. 8 месяцаў праляжаў у розных шпіталях, мучыцца са сьпінай, моцна кульгае. Інваліднасьць яму «не паложана», а паказаная «лёгкая праца». Чаму такой лічыцца праца пастуха, калі за суткі трэба наматаць некалькі кілямэтраў па полі, не зразумела. Але выбіраць працоўнае месца Аляксандру асабліва не выпадае, абы дапрацаваць да пэнсіі. А да яе яшчэ два гады.
Дзіма ў пастухі трапіў «праз маму». Яна хоць і на пэнсіі (262 рублі), але робіць даяркай (700–800 рублёў летам і 300–400 узімку). «Людзі працуюць хто дзе, палова беспрацоўныя, — кажа ён. — У калгас ня кожны хоча ісьці. На новай фэрме зь пятай ранку да восьмай вечара жывёлаводам працаваць — гэта 300–400 рублёў атрымаць».
Праца ў «калгасе» Дзіму не падабаецца. «А што тут можа падабацца?» — зьдзіўляецца ён пытаньню.
Пад 12-ю прывозяць абед. «Гэта рана, — кажуць пастухі. — Могуць і пад чацьвёртую прывезьці халодны». «Калгасная» ежа Дзіму ня вельмі да спадобы. Кормяць раз на дзень. За гэта ад заробку адлічваюць 20%, як тлумачыць нам пазьней эканамістка гаспадаркі.
На полі гарачыня. Каровы аблепленыя жамярой і адмахваюцца ад яе хвастамі. Дзіму жамяра таксама назаляе. Але адмахвацца ад яе няма чым — рукі занятыя працай.
Пакуль мы адлучаемся ў Зэльву на абед, на полі здараецца цуд. Дзімаў бацька Валер зьезьдзіў у праўленьне па «рашчотнік». Дзіма кажа, што яму на рукі разьлікоўку не даюць ужо другі месяц. А ў новай разьлікоўцы нечуваны заробак — 765 рублёў. Да таго ж праз касу Дзіму абяцалі даплаціць 192 рублі 40 капеек. Начальства прывозіць Дзіму і інструкцыю пра ягоныя абавязкі. «Вывучай, Дзіма, што пастух мае рабіць», — жартуе зь яго напарнік.
Дзіма захоплена паказвае ў разьлікоўцы, як 170 адпрацаваных ім гадзін (насамрэч 360) ператварыліся ў 15 зьмен. «Заплацілі за перапрацоўку 77 рублёў. А ў тым месяцы ўвогуле не атрымаў за перапрацоўку».
І тут на полі зьяўляецца аўтамабіль. Гэта дырэктар — Аляксандар Засьценчык. «Нават летась ня бачыў яго тут», — кажа Дзіма. Аляксандар Уладзімеравіч запэўнівае, што пра праблемы Дзьмітрыя чуе ўпершыню, сам пастух да яго ніколі не зьвяртаўся. Кажа, што з заробкам ягоным аніякіх пытаньняў быць не павінна.
«Мы ж 20 ліпеня званілі ў кантору. Мне яшчэ эканамістка ваша сказала: „Вам мала, ці што“?» — абураецца Дзіма і паказвае, як яму пералічылі заробак. «Я сёньня аніякіх не даваў камандаў, ніхто да мяне не прыходзіў», — пераконвае дырэктар і зьяжджае.
Не пасьпяваем мы абмеркаваць візыт дырэктара, як зьяўляецца ягоны намесьнік Дзьмітры Парцяны. Ён тлумачыць, што заробак пастуха залежыць ад пагалоўя статку. Чаму тады ў разьлікоўцы пішуць гадзіны, якія мала таго, што ня маюць дачыненьня да заробку, дык яшчэ і не адпавядаюць рэальна адпрацаваным?
«У рашчотніку, можа, і памылілася бухгальтэрыя, трэба табэль паглядзець», — кажа ён. І пераконвае, што ўсё налічана правільна. А калі і ёсьць памылкі, то іх выправяць. «А чаго вы прыехалі, каля Менску пастухоў няма?» — са скрухай кажа нам намесьнік дырэктара на разьвітаньне.
Рэшта вечара праходзіць у працы і тэлефонных размовах. «Мама кажа: „Усе ўжо ведаюць. Кажуць, што паскардзіўся“. Ранкам усё спакойна было, а ўвечары ўжо ўвесь калгас ведае».
Дзіма позна ня сьпіць, чакае, пакуль пасьне статак. Пераглядае навіны ў тэлефоне. Палітыкай ён не цікавіцца, але падпісаны на беларускія суполкі «Ўкантакце». Там жа слухае музыку і размаўляе зь сябрамі. «Без „Укантакце“ цяпер ніяк», — пасьміхаецца ён. Хутка з Польшчы яму прывязуць «шосты айфон». Там ён таньнейшы. У Польшчы, кажа Дзіма, усё таньнейшае, апроч цыгарэт.
Дзіма хацеў у кранаўшчыкі, але ўступнага бала не хапіла. Адвучыўся ў Менску на плітачніка-абліцоўшчыка. Спрабаваў застацца ў сталіцы. «Папрацаваў грузчыкам месяц-два, кватэру наймаць трэба было, то пераехаў сюды», — кажа ён. Зарабляў 600–700 рублёў, за пакой трэба было аддаваць 200. Кажа, у Менску жыць яшчэ цяжэй, як у Зэльве.
Палову свайго заробку Дзіма аддае маці. Палова застаецца на картцы. Дзіма ня марыць купіць аўтамабіль ці пабудаваць дом. «Калі за 300 рублёў, то на машыну год працаваць і нічога сабе не купляць», — кажа ён.
Дзіма ані разу ня быў за мяжой. Але хутка зьедзе працаваць у Варшаву. Там ужо год на будоўлях робіць ягоны брат. Дзіма кажа, што ў таго ўсё працоўнае адзеньне белае, нават абутак. І ўсё трэба мыць штодня, каб пасьля гаспадар мог зразумець, ці добра ты працаваў. Брат таксама працуе па 12 гадзін і мае адзін выходны. Але зарабляе нашмат больш.
«Палякам гэта мала, яны ў Нямеччыну зьяжджаюць. А беларусам гэта многа. Мне брат распавядаў, што ў арганізацыі пяцьдзясят чалавек, і ўсе беларусы. З адной Зэльвы толькі 20 чалавек», — Дзіма кажа, што раней ад іх усе езьдзілі на заробкі ў Расею, а цяпер — усе на Польшчу.
«Васямсот буду зарабляць, — кажа ён. — Не рублёў — даляраў. А тут я што, пасьвіў суткі праз суткі па 24 гадзіны, а мне ўзялі і налічылі 400 рублёў».
Асаблівых чаканьняў ад жыцьця ў Варшаве ў яго няма: «Проста еду, каб працаваць». Грошы Дзіму трэба, каб дапамагаць маці. Ён наймалодшы з чатырох дзяцей. Бацькам трэба дапамога па гаспадарцы і на рамонт у доме.
Дзяўчыны ў Дзімы няма. «Цяпер мне ўсе кажуць, што ў Польшчы знойдзеш сабе люсю», — сьмяецца Дзіма.
Увесь працоўны час Дзіма праводзіць на нагах. Хіба прысядзе недзе на зямлю. Будка цесная, душная і цёмная. Запарыць гарбаты немагчыма, бо вады няма як згатаваць. Разам з Аляксандрам яны пару гадзін сьпяць у будцы.
Уначы нарадзілася цялятка. Дзіма апрацоўвае яго і ставіць метку. Каля восьмай сядае на ровар і едзе дахаты.
«Трэці месяц хлопец пасе адзін, і за чэрвень 400 рублёў бруднымі, — камэнтуе сытуацыю Дзімаў бацька Валер. — „Яны“ не перажываюць. У іх заробкі ёсьць, ім добра. Начальнік, ён мае рацыю, а ты калгасьнік, ты ня маеш рацыі». Сам Дзіма поўны рашучасьці пісаць заяву на звальненьне. «Такая гісторыя ўжо была, тры дні гэты чалавек, што паскардзіўся, прарабіў — і згрызьлі яго».
«Яны ўжо ўсё роўна яму жыцьця не дадуць, будуць есьці і есьці», — пацьвярджае бацька.
Гісторыя, адзін у адзін падобная да Дзімавай, у СПК «Бародзічы» сапраўды была. Адсутнасьць копіі працоўнай дамовы, несапраўдныя дадзеныя ў разьліковых лістах, несправядліва налічаны заробак — усё гэта ўскрылася ў гаспадарцы яшчэ 3 гады таму. Цяпер прадстаўніца аддзела кадраў пераконвае, што копію працоўнай дамовы Дзіму выдавалі. Але паказаць нам саму дамову адмаўляецца. Галоўная эканамістка Валянціна Зьмітрукевіч кажа, што ўсё налічвалі правільна, а куды ён падзеў свае «рашчотнікі», яна ня ведае.
«У яго годны заробак. Ён перавышае 800 рублёў. У нас па гаспадарцы сярэдні заробак за 6 месяцаў 516,7 рубля. А ў чэрвені — 605 рублёў. У Чашэйкі заробак нашмат вышэйшы. Расклад такі: яны абслугоўваюць сухастойнае пагалоўе, і ёсьць расцэнка — 5 рублёў за адну галаву. Плюс аплачваецца начны час працы і перапрацоўка, — кажа Зьмітрукевіч.
«Хачу данесьці вам з глыбіні душы сваёй, што гэта няпраўда. Да мяне ніхто не прыходзіў, 400 рублёў я нікому не налічвала», — пераконвае эканамістка. Калі мы просім у яе паглядзець табэль і сфатаграфаваць дадзеныя, яна адмаўляецца. «Я баюся», — адказвае.
«Я, канечне, супраць усяго, што Дзіма распачаў», — кажа Дзімава маці Надзея, маючы на ўвазе зварот ва ўпраўленьне па працы і гутарку з журналістамі.
Празь некалькі дзён пасьля нашай паездкі ў Зэльву яна паведамляе, што абяцаныя 192 рублі 40 капеек даплаты Дзіму выплачваць адмаўляюцца. Кажуць, яны ўжо ўключаныя ў налічаны на картку заробак.
Цяпер палічым. За працу «суткі праз суткі» з напарнікам і без выходных Дзіма Чашэйка за красавік атрымаў 445 рублёў. За падвойную норму, калі працаваў без напарніка, — 610 рублёў за травень і 760 за чэрвень.
«Дзіма, а які вам трэба заробак, каб вы ў Зэльве засталіся?» — пытаюся я ў яго.
«Не застаўся б. Паўсюль падманваюць. Не разумеюць яны труд наш», — адказвае ён.