Эўрапейская камісія афіцыйна запрасіла Беларусь на пяты раўнд перамоваў аб пагадненьнях адносна спрашчэньня візавага рэжыму і рэадмісіі. Пра гэта гаворыцца на сайце прадстаўніцтва ЭЗ у Менску.
З улікам таго, што папярэдняя сустрэча адбылася ў Менску, гэтым разам удзельнікам прапанавана сустрэцца ў Брусэлі ў верасьні 2018 году.
Камісар у пытаньнях міграцыі, унутраных спраў і грамадзянства Дымітрыс Аўрамопуляс у гэтым зьвязку заявіў, што Эўразьвяз — цьвёрды прыхільнік умацаваньня ўзаемадзеяньня з народам Беларусі і яе грамадзянскай супольнасьцю.
«Спрашчэньне візавага рэжыму будзе садзейнічаць актыўнаму разьвіцьцю кантактаў паміж людзьмі, што дазволіць ня толькі ствараць асабістыя сувязі, але і ўмацоўваць узаемадзеяньне паміж кампаніямі на карысьць нашых эканомік. Хацеў бы падзякаваць уладам Беларусі за ўдзел у перамовах, бо такое супрацоўніцтва ажыцьцяўляецца ў інтарэсах абодвух бакоў і, самае галоўнае, у інтарэсах нашых грамадзянаў», — адзначыў эўрачыноўнік.
Менск пагадзіўся на прапанову
Беларускі бок пагадзіўся на прапанову Эўразьвязу правесьці ў верасьні перамовы наконт спрашчэньня візавага рэжыму паміж Беларусьсю і Эўразьвязам. Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведамілі ў крыніцах зьнешнепалітычнага ведамства Беларусі.
Там сказалі, што зараз бакі па дыпляматычных каналах узгадняюць канкрэтную дату правядзеньня пятага раўнду перамоваў.
«Справа ў тым, што верасень — месяц адпачынкаў, і знайсьці вольны дзень для перамоваў будзе ня так проста, — сказалі ў зьнешнепалітычным ведамстве.
Перамовы аб спрашчэньні візавага рэжыму і рэадмісіі афіцыйна пачаліся ў студзені 2014 году. На сёньняшні дзень адбыліся чатыры раўнды.
Падчас нефармальнай сустрэчы міністраў замежных спраў краін «Усходняга партнэрства» ў чэрвені ў Менску эўракамісар Ёганэс Ган, адказваючы на пытаньне аб пэрспэктывах спрашчэньня візавага рэжыму паміж Беларусьсю і краінамі Эўразьвязу, заявіў, што «засталося зусім мала, і мы са свайго боку гатовыя ня проста прайсьці, а прабегчы гэты апошні кавалак дыстанцыі».
МЗС Беларусі: перамовы з ЭЗ пра спрашчэньне візавых працэдур зацягнуліся
Калі пагадненьні будуць падпісаныя, яны дазволяць спрасьціць і зрабіць таньнейшымі працэдуры выдачы кароткатэрміновых візаў беларускім грамадзянам, а таксама дазволяць Беларусі лепш забясьпечваць рэадмісію сваіх грамадзянаў, якія ня маюць права знаходзіцца на тэрыторыі Эўразьвязу.