77% грамадзянаў Беларусі станоўча ці нэўтральна ставяцца да Эўразьвязу. Такі вынік апытаньня грамадзкай думкі, якое правёў праект «Усходняе суседзтва ЭЗ» (EU Neighbours East) сумесна з установай «АКТ».
Як паведамляюць «Беларускія навіны», апытаньні штогод праводзяцца ў шасьці краінах «Усходняга партнэрства» — Азэрбайджане, Армэніі, Беларусі, Грузіі, Малдове, Украіне. У Беларусі ладзіліся асабістыя інтэрвію, была апытана 1000 рэспандэнтаў.
5% беларусаў ніколі ня чулі пра існаваньне Эўразьвязу
43% апытаных беларусаў нэўтральна ставяцца да ЭЗ, 34% — станоўча, 18% — адмоўна. Каля 5% складае доля апытаных, якія «ніколі ня чулі» пра Эўразьвяз. 46% ацэньваюць адносіны паміж ЭЗ і Беларусьсю як «добрыя», 4% — як «вельмі добрыя».
Самымі важнымі прыярытэтамі 61% апытаных назвалі мір, бясьпеку і стабільнасьць, а самымі значнымі праблемамі для беларусаў зьяўляюцца малыя заробкі і пэнсіі (60%) і беспрацоўе (55%).
41% рэспандэнтаў сярод прынцыповых асабістых каштоўнасьцяў адзначылі правы чалавека. Пры гэтым большасць станоўчых ацэнак ЭЗ таксама зьвязана з тэматыкай правоў і свабодаў грамадзянаў. 67% апытаных асацыююць Эўразьвяз з правамі чалавека, 69% — са свабодай рэлігіі, 66% — са свабодай СМІ, 62% — са свабодай, па 64% — з павагай да іншых культур і ў цэлым з дэмакратыяй.
Палова апытаных лічаць выбары ў краіне сумленнымі
Сытуацыю з захаваньнем гендэрнай роўнасьці станоўча ацэньваюць 75% апытаных, зь вяршэнствам права — 66%, з выкананьнем правоў чалавека — 60%, свабоды СМІ — 55%, незалежнасьцю судовай сыстэмы — 54%, абаронай правоў меншасьцяў — 53%. Выбары ў краіне лічаць сумленнымі і справядлівымі 54% рэспандэнтаў.
61% беларусаў (54% у 2017 годзе) перакананыя, што Расея ў фінансавым пляне падтрымлівае Беларусь больш, чым ЭЗ, і 22% — што Эўразьвяз і Расея аказваюць аднолькавую падтрымку Беларусі. Большая частка насельніцтва перакананая, што ЗША, ААН і МВФ аказваюць такую ж або меншую падтрымку Беларусі, чым ЭЗ.
Пры гэтым 50% апытаных хочуць, каб ЭЗ больш падтрымлівала эканамічнае разьвіцьцё ў Беларусі, 35% — магчымасьці ў працаўладкаваньні.