«Нам няма пра што зь імі гаварыць, байкот працягваецца», — заявілі сябры грамадзкага штабу байкоту рэстарацыі «Поедем поедим».
Зайдэс адмовіўся закрыць «Поедем поедим», прапанаваў грошы на мэмарыялізацыю Курапатаў
Адзін зь лідэраў руху абароны Курапатаў Павал Севярынец адказаў на заявы ўласьніка рэстарацыі Леаніда Зайдэса:
«Нічога па сутнасьці Зайдэс не сказаў, ягоная прэсавая канфэрэнцыя — гэта спроба адцягнуць увагу ад байкоту ягонай установы. З бандытамі мы таксама размаўляць ня будзем, пакуль рэстарацыя не закрыецца».
Натальля Гарачка заявіла Свабодзе:
«Насамрэч гэта забаўляльны комплекс, а не сямейны рэстаран, як кажа Леанід Зайдэс. Парушэньні там ужо былі, мы бачылі, як групамі расьпівалі сьпіртныя напоі, прычым на вачах малых дзяцей».
Ганна Шапуцька перакананая, што ў гэтай сытуацыі няма пра што размаўляць з уласьнікамі рэстарацыі ля Курапатаў:
«Мы ставілі ўмовай пачатку перамоў тое, каб была закрытая ўстанова: як зьявіцца такая таблічка, дык мы і будзем размаўляць зь імі. А калі гэтага няма, дык няма пра што гаварыць. Мы будзем далей зьвяртацца ў пракуратуру, каб там адказалі, якім чынам незаконна далі зямлю пад гэтую рэстарацыю. І будзем працягваць байкот».
Севярынец назваў беззаконьнем учорашнія затрыманьні Вольгі Мікалайчык, Леаніда Кулакова і Маі Навумавай каля рэстарацыі «Гранд Кушавель» (яшчэ адной установы Зайдэса).
Актывісты абмеркавалі, як далей арганізаваць байкот рэстарацыі. Усяго прагучала 15 прапановаў. Сярод іх:
- Байкот праз сацсеткі ўласьнікаў і супрацоўнікаў рэстарацыі «Поедем поедим», наведнікаў рэстарацыі, якія агрэсіўна ставяцца да пікетоўцаў.
- Зварот да пастаўшчыкоў рэстарацыі з заклікам спыніць супрацоўніцтва зь ёй. У пікетоўцаў падрыхтаваны сьпіс пастаўшчыкоў.
- Зворот да мэдыя з заклікам максымальна шырока асьвятляць падзеі вакол Курапатаў.
- Зварот да лідэраў цэркваў з заклікам далучыцца да грамадзкага байкоту.
- Звароты са скаргамі на чыноўнікаў, адказных за сытуацыю вакол ахоўнай зоны Курапатаў.
- Зварот ў Кнесэт Ізраіля аб сытуацыі з дзейнасьцю рэстарацыі каля Курапатаў.
- Зварот па садзейнічаньне да беларускіай дыяспары ў ЗША і Канадзе.
- Пачатак працы па падрыхтоўцы зварот ў ААН.
- Спроба арганізаваць гістарычную канфэрэнцыю па Курапатах 23 жніўня, у Міжнародны дзень ушанаваньня ахвяраў бальшавізму і фашызму.
- Стварэньне старонкі абаронцаў Курапатаў на Facebook.
Як вырашылі ўдзельнікі штабу грамадзкага байкоту рэстарацыі, паседжаньне яго будзе праходзіць штотыднёва.
Што важна ведаць аб пратэстах супраць новай рэстарацыі ў Курапатах
- Рэстаран стаіць за 50 мэтраў ад месца, дзе ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут, па розных ацэнках, ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
- 28 траўня карэспандэнт Свабоды трапіў на тэрыторыю комплексу, дзе пабачыў падрыхтоўку да хуткага адкрыцьця рэстарацыі.
- Грамадзкія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы яго закрыцьця.
- 1 чэрвеня рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце.
- Рэстаран «Поедем поедим» у Курапатах меркавана запрацаваў увечары 5 чэрвеня.
- 27 чэрвеня наведніцы рэстарацыі на аўтамабілі зьбілі актывіста Леаніда Кулакова, у яго пералом рукі.
- Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў 13 ліпеня паведаміў пра нейкія дамоўленасьці з уладальнікам рэстарацыі, але якія гэта дамоўленасьці — пакуль не сказаў.
- Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2012 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі.
- Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.
Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты
У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што іх зазналі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладная колькасьць невядомая — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы. Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 гады ў Курапатах — лясным масіве пад Менскам.