Беларускія дыпляматы прыбылі ў Мікалаеўскую вобласьць Украіны на месца аварыі аўтобуса з Гомля, у якой загінулі 5 чалавек.
Супрацоўнікі амбасады Беларусі ва Ўкраіне знаходзяцца на месцы трагічнага дарожна-транспартнага здарэньня ў Мікалаеўскай вобласьці, дзе загінулі 5 беларусаў, а яшчэ 12 траўмаваліся, паведаміў Свабодзе прэсавы сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Анатоль Глаз.
«Яны зараз складаюць спэцыяльныя лісты на пацярпелых, каб пасьля перадаць інфармацыю родным і блізкім. Абавязкова ў такіх выпадках праходзіць працэс ідэнтыфікацыі кожнай асобы. А затым трэба будзе зрабіць яшчэ шэраг дзеяньняў, неабходных у такіх трагічных справах. Гэта руцінныя мерапрыемствы, але яны вельмі важныя і неабходныя, бо людзі загінулі», — адзначыў адказны супрацоўнік замежнапалітычнага ведамства.
Беларускія дыпляматы накіраваліся ў Мікалаеўскую вобласьць з Кіева, дзе месьціцца амбасада. Раней Беларусь мела яшчэ і консульскае аддзяленьне ў Адэсе, але падчас аптымізацыі структуры МЗС яго ліквідавалі.
Каля 4:00 20 ліпеня на аўтадарозе Кіеў — Адэса паблізу паселішча Крывое Возера Мікалаеўскай вобласьці ў выніку аварыі загінулі 5 грамадзянаў Беларусі, 12 атрымалі траўмы.
Як паведамілі Свабодзе ў Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны, кіроўца мікрааўтобуса Mercedes-Benz ня справіўся з кіраваньнем — аўтобус сутыкнуўся з прыпаркаваным на ўзбочыне грузавым аўтамабілем.
Пацярпелых у выніку аварыі шпіталізавалі ў Крываазёрскую цэнтральную раённую лякарню.
Як паведамляе прэс-служба Галоўнага ўпраўленьня Нацыянальнай паліцыі ў Мікалаеўскай вобласьці, сьледчыя ўстанавілі асобы грамадзян, якія загінулі і атрымалі траўмы падчас ДТЗ. «Усе яны зьяўляюцца грамадзянамі Рэспублікі Беларусь», — гаворыцца ў паведамленьні.
Сваякі могуць патэлефанаваць і праверыць, ці ёсьць іхныя блізкія ў сьпісе пацярпелых, па нумары +38 (0512) 53-11-13.