Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За першыя паўгода Беларусь «недабрала» ападкаў. Адкуль прыйшлі навальніцы


Залева ў Менску, архіўнае фота
Залева ў Менску, архіўнае фота

Вінаваты ў дажджах, якія ідуць па ўсёй Беларусі на гэтым тыдні, маларухомы паўднёвы цыклён, цэнтар якога знаходзіцца над паўночным усходам Украіны.

«На тэрыторыю нашай краіны паступае цёплае вільготнае паветра чарнаморскага паходжаньня. Надвор’е ў Беларусі з праліўнымі дажджамі і высокай тэмпэратурай паветра больш характэрнае для чарнаморскага ўзьбярэжжа», — паведаміла журналістам 19 ліпеня супрацоўніца Рэспубліканскага цэнтру гідрамэтэаралёгіі, кантрою радыяактыўнага забруджваньня і маніторынгу навакольнага асяродзьдзя Міністэрства аховы прыроды Натальля Клявец.

Да канца гэтага тыдня надвор’е ў Беларусі прынцыпова ня зьменіцца. Па-ранейшаму ў многіх рэгіёнах чакаюцца навальніцы, якія суправаджаюцца парывістым ветрам. Тэмпэратурны рэжым застанецца павышаным: уначы — +14-19°С, удзень — +22-28°С.

У час залеваў у Менску тройчы затапляла нядаўна адрэмантаваную пешаходную вуліцу Рэвалюцыйную. Будаўнікі вінавацяць вялікія аб’ёмы вады, грамадзяне наракаюць на нізкую якасьць работ — патрабуюць правесьці пракурорскую праверку. Залевы апошніх дзён ператварылі ў рэкі і іншыя вуліцы ў Менску (у тым ліку каля будынка МНС), і ў іншых гарадах Беларусі.

Пры тым цягам першых шасьці месяцаў 2018 году ў Беларусі выпала толькі 76% ападкаў ад нормы — толькі 223 мм, піша БелТА са спасылкай на прадстаўніка Рэспубліканскага цэнтру па гідрамэтэаралёгіі.

Пачакайце наступнага тыдня

Перамены пачнуцца толькі на пачатку наступнага тыдня, паведаміла Клявец.

«На захадзе Беларусі дажджоў стане менш. У той жа час у цэнтральных і ўсходніх рэгіёнах краіны захаваецца няўстойлівае надвор'е з кароткачасовымі дажджамі, верагоднасьць навальніц застанецца высокай. Тэмпэратура паветра амаль не зьменіцца: ноччу — ад плюс 11 на захадзе да 18 градусаў вышэй за нуль на ўсходзе, днём — 22-28 градусаў цяпла».

З радыяцыяй зьменаў не заўважана

Калега Клявец Міхаіл Каваленка сказаў, што сёлета радыяцыйная абстаноўка ў Беларусі застаецца стабільнай. І нават нядаўняе ўзгараньне ў Чарнобыльскай зоне на тэрыторыі Ўкраіны на яе не паўплывала.

«Плошча ўзгараньня была нязначная. І пажар дастаткова хутка ліквідавалі. У сувязі з гэтым у Беларусі ніякіх зьмяненьняў радыяцыйнай абстаноўкі не было», — запэўніў супрацоўнік Міністэрства аховы прыроды.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG