Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Cаміт Трамп-Пуцін: у чыю браму гол


Якія вынікі сустрэчы прэзыдэнтаў ЗША і Расеі? У чым палепшыліся амэрыкана-расейскія адносіны? У чым Трамп пярэчыў Пуціну? Гэтыя тэмы ў «Экспэртызе Свабоды» абмяркоўваюць Юры Дракахруст і Валер Карбалевіч.

Дракахруст: Падчас выніковай прэсавай канфэрэнцыі саміту ў Хэльсынкі было зададзенае пытаньне, на чыім баку мяч (кажучы футбольнай тэрміналёгіяй, балазе, толькі што скончыўся чэмпіянат сьвету па футболе). Пуцін, як чараўнік (асабліва, калі ўлічыць, што пытаньне задаваў расейскі карэспандэнт, можна было здагадацца, што гэта было разыграна) дастаў, так бы мовіць, з-пад пахі футбольны мяч і ўручыў Трампу — вось, маўляў, мяч на вашым баку. Па шчырасьці, да пэўнай ступені ў мяне такое ўражаньне, што так яно і атрымалася.

Магчыма, мы ня ўсё ведаем, магчыма, штосьці даведаемся пазьней з твітаў прэзыдэнта Трампа, магчыма, з нейкіх канкрэтных рашэньняў. Але калі рабіць высновы ўласна на падставе прэсавай канфэрэнцыю, то нейкіх рашэньняў, па чым бы тое ні было — хоць па ядзерным раззбраеньні, хоць па Ўкраіне, Сырыі — увогуле не было агучана. Не было прынята выніковай дэклярацыі, якая была прынятая, напрыклад, у Сынгапуры, калі сустракаліся Трамп з Кім Чэн Ынам.

Калі казаць пра нейкія рэальныя вынікі, ці часткова рэальныя, то фармуляваў іх Пуцін. Скажам, тэма самая вострая — тэма ўмяшаньня Расеі ў амэрыканскія выбары: ён паўтарыў сваю звычайную формулу, што расейская дзяржава ні ў што не ўмешвалася, а калі і ёсьць у Расеі нейкія людзі кшталту Сораса — ну што ж, можа нехта ўмешваўся.

Ах, вы прадьявілі абвінавачваньне 12 афіцэрам ГРУ? Окей, добра, прышліце ў Расею вашы запыты да гэтых людзей, нашае сьледзтва іх дапытае. Можаце нават прыслаць сваіх сьледчых, але тады на пачатках узаемнасьці мы хацелі б дапытаць спадара Браўдэра, ключавую фігуру ў справе Магніцкага, на якую завязаныя адпаведныя санкцыі Закону Магніцкага.

Зьвяртайцеся да сьледчых органаў РФ — ну гэта відавочна здымае віну з расейскай дзяржавы, значыць, расейская дзяржава ні пры чым, яна вам дапаможа знайсьці тых, хто можа быць сапраўды да гэтага датычны. А прэзыдэнт Трамп назваў гэта выдатнай ідэяй. Не ведаю, наколькі яна выдатная — але гэта, прынамсі, нейкая рэалія.

Таксама можна назваць да нейкай ступені пэўнай рэальнасьцю заяву Пуціна пра тое, што Расея ня будзе зьмяншаць транзыт газу праз Украіну. Але ізноў жа пры пэўных умовах. Калі стакгольмскі арбітраж вырашыць спрэчку паміж Украінай і Расеяй. Але гэта прынамсі нейкая канкрэтная прапанова, абавязаньне. Усё астатняе ў тумане. Так, мы найбунейшыя ядзерныя дзяржавы, прэзыдэнт Трамп на прэсавай канфэрэнцыі ізноў паўтарыў гэтую лічбу, якую сказаў яшчэ на пратакольных здымках — 90% сусьветнага ядзернага патэнцыялу прыпадае на ЗША і РФ. Але што канкрэтна вырашана наконт гэтага патэнцыялу, якія пагадненьні будуць заключаныя, працягнутыя ці мадыфікаваныя? Нічога пра гэта не прагучала.

Што тычыцца Сырыі, то з вуснаў прэзыдэнта Трампа прагучала, што гэта вельмі важна, дзякуй Расеі, яна таксама паўдзельнічала, ЗША на 99% разграмілі Ісламскую дзяржаву. Але ніякіх канкрэтных дамоўленасьцяў мы не дасягнулі, мы будзем аказваць гуманітарную дапамогу — там шмат уцекачоў, шмат людзей пацярпелі. Але гуманітарная дапамога не ёсьць вырашэньне палітычнага пытаньня. Калі ў нейкай краіне ідзе грамадзянская вайна, а вялікая дзяржава гаворыць, што нашае рашэньне — гэта аказваць ёй гуманітарную дапамогу, гэта не палітычнае рашэньне, пры ўсёй павазе і спачуваньні людзям, якія ад гэтай вайны пацярпелі. Адна праблема, па якой, можна сказаць, два лідэры гучалі сугучна — гэта супрацоўніцтва спэцслужбаў. Пуцін пра гэта сказаў, ён падзякаваў яшчэ раз ЦРУ за дапамогу, Трамп падзякаваў Пуціну за тое, што той падзякаваў ЦРУ. Ну і ўсё. Можа я чагосьці не пабачыў, не зьвярнуў увагу на нейкі аспэкт. Валер, а вы?

Карбалевіч: Я згодзен з вамі. Гледзячы па ўсім, нейкіх канкрэтных дамоўленасьцяў па важных пытаньнях не было дасягнута. Але лічу, што і чакаць іх ня варта было, і сур’ёзныя экспэрты іх і не чакалі. Як сказаў Трамп — гэта добры пачатак. Гэтым сустрэча і важная. Найніжэйшую кропку ў двухбаковых адносінах краіны прайшлі.

Думаю, галоўным і добрым вынікам гэтага саміту магло б стаць фармаваньне правілаў, паводле якіх павінная ісьці канфрантацыя паміж краінамі. Хаця б тых, якія існавалі ў часы «халоднай вайны» паміж СССР і ЗША. Фармаваньне мэханізмаў, мінімізацыя рызыкаў, вызначэньне «чырвоных лініяў», якія бакі не павінны пераходзіць. Вось Пуцін адзначыў, што створаная экспэртная рада па двухбаковых адносінах. У прынцыпе нейкія экспэртныя рады ці камісіі — гэта і ёсьць канкрэтны вынік гэтага саміту, я думаю, што нечага іншага, больш важнага, чакаць і ня варта было.

Дракахруст: Людзі старэйшага пакаленьня добра памятаюць, як у часы СССР былі формулы «дух Жэнэвы», «дух Кэмп-Дэйвіду». Гэта калі Хрушчоў упершыню паехаў у Злучаныя Штаты, сустрэўся з прэзыдэнтам Эйзэнхаўэрам на прэзыдэнцкім ранча ў Кэмп-Дэйвідзе. І, маўляў, хоць нічога асабліва не дасягнута, але дух Кэмп-Дэйвіду, дух узаемнага паразуменьня — ён як бы нічога не вырашае, але ён вырашае ўсё.

Але прэзыдэнт Трамп ужо ня першы год кіруе, ён ня ўчора прыйшоў у Белы Дом. І тэза пра «пакладзены пачатак» гучыць неяк дзіўна. Ну дык ён ужо ладную частку тэрміну адбыў. А толькі зараз пакладаецца пачатак. Што тычыцца стварэньня розных камісіяў, то ні прэзыдэнт Трамп, ні прэзыдэнт Пуцін нават не сфармулявалі, для чаго гэтыя камісіі.

Калі падобныя камісіі ствараюцца, скажам, з КНДР, дык там хоць фармулюецца мэта — дэнуклеарызацыя. Ці будзе яна дасягнутая — Бог ведае. Але тут і такой мэты няма.

І я яшчэ зьвярнуў увагу на тон прэзыдэнта Трампа. У нейкім сэнсе Пуцін быў там лішні. У тым сэнсе, што Трамп гаварыў пра унутраныя амэрыканскія тэмы і пра агульныя канцэптуальныя рэчы. Што, як казалі бацькі-заснавальнікі, дыпляматыя лепш за канфлікт, што нашы адносіны былі на найгоршай кропцы 4 гадзіны таму, а вось прайшло 4 гадзіны — і ўсё стала іншае.

Як казаў Ельцын у свой час, «я абляцеў двойчы статую Свабоды і стаў удвая свабоднейшым». Вось мы пагаварылі, і зь ніжняй кропкі мы падняліся. У чым? Ну можа быць. Я не кажу, што гэтага не было. Але ў чым яны палепшыліся, Трамп не патлумачыў.

Потым ён, стоячы побач ці то з супернікам, ці то з канкурэнтам, пачаў прыгадваць мэйлы Клінтан, крытыкаваць нейкія заявы ФБР. Ён быў цалкам у амэрыканскім кантэксьце, у амэрыканскіх разборках. Пуцін пра ўнутрырасейскія спрэчкі, праблемы слова не сказаў.

Карбалевіч: Тут якраз праблема ў розных сытуацыях, у якіх знаходзяцца Трамп і Пуцін. Трамп знаходзіцца пад моцным ціскам унутры краіны — ціскам Кангрэсу, палітычных праціўнікаў, мэдыяў. І таму ён працягваў гэты дыялёг, гэтую дыскусію, гэтую спрэчку са сваімі апанэнтамі. У Пуціна такой неабходнасьці няма, ён свабодны ў гэтым сэнсе, у яго свабода рук, таму што ніхто ўнутры краіны яго ня зьвязвае нейкімі абмежаваньнямі.

І гэтая розьніца, мне падаецца, зразумелым чынам уплывала і на іх паводзіны падчас гэтай прэсавай канфэрэнцыі. Трамп і Пуцін занадта псыхалягічна зацыкленыя адзін на адным. Гэта было бачна па выказваньнях амэрыканскага палітыка яшчэ падчас прэзыдэнцкай кампаніі.

З другога боку, няўклюдная спроба з боку Масквы дапамагчы Трампу перамагчы. Вось гэтае прыцягненьне і адштурхоўваньне адначасова мае сваю плюсы і свае мінусы. І яно ў пэўным сэнсе перашкаджае рацыянальнаму погляду на двухбаковыя адносіны і не дазваляе ажыцьцявіць перазагрузку.

Мяркую, калі б ня моцны ціск на Трампа з боку апанэнтаў унутры ЗША, гэты саміт мог бы быць падобны на першы саміт Гарбачова-Рэйгана, калі заклятыя ворагі раптам змаглі зрабіць вельмі значныя крокі па ліквідацыі «халоднай вайны».

То бок Трамп псыхалягічна гатовы быў на такую «зьдзелку» — гэта любімае слова Трампа. Магчыма, Трампу псыхалягічна больш зручна весьці перамовы з аўтарытарнымі лідэрамі кшталту Пуціна ці Кім Чэн Ына. Але вось тыя праблемы і цяжкасьці, якія мае Трамп унутры краіны, вымагаюць яго праводзіць вельмі асьцярожную палітыку.

Юры Дракахруст
Юры Дракахруст

Дракахруст: Гэта адно з магчымых тлумачэньняў. Мяне ўразіў, напрыклад. кантраст паміж тым, што мы чулі на працягу апошняга тыдня, і ў Брусэлі, і ў Лёндане, і той лагоднасьцю, якую мы бачылі ў Хэльсынкі. Трамп фактычна ні па адным пытаньні Пуціну не запярэчыў, не агрызнуўся, калі хочаце.

Атрымалася па прымаўцы — бі сваіх, каб чужыя баяліся. Ён рэзка і публічна крытыкаваў Нямеччыну, у Лёндане ён казаў, што калі вы правядзеце Брэксіт ня так, а гэтак, то мы не заключым з вамі пагадненьня. У Хэльсынкі Трамп ні пра што не сказаў — калі вы, расейцы, будзеце тое і тое рабіць (ці наадварот — не рабіць), то мы зробім у адказ гэтае і гэтае. Абсалютна нічога такога сказана не было.

Некаторыя ў Вашынгтоне прапаноўвалі, каб Трамп, фігуральна кажучы, плюнуў Пуціну ў твар. Што ён гэтага не зрабіў — напэўна слушна ў дыпляматычным сэнсе, але паказаць, што ЗША і Расеі маюць усё ж розныя пазыцыі хоць у нечым — ніводнага слова пра гэта не прагучала. А ў Брусэлі і Лёндане — прагучала і шмат.

Карбалевіч: Думаю, Трамп у сваёй рыторыцы зыходзіць з таго, як на яго словы будзе рэагаваць ягоны электарат. Вы адзначылі, што Трамп увесь час знаходзіўся ў кантэксьце ўнутраных праблем. Ён абяцаў свайму электарату, што ён моцна зацісьне ўсіх замежных эканамічных канкурэнтаў, каб даць працу амэрыканскім рабочым. А канкурэнты — гэта Эўразьвяз, гэта Кітай. А Расея — эканамічна не канкурэнт, бо яна эканамічна слабая. Яна канкурэнт толькі ў геапалітыцы, што, магчыма, для Трампа менш важна. Таму Пуцін толькі супернік. Як сказаў Трамп на прэсавай канфэрэнцыі, тое, што ён назваў Пуціна харошым канкурэнтам — гэта камплімэнт. Мне падаецца, вось гэтым тлумачыцца такая розная рыторыка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG