На фінале чэмпіянату сьвету ў футболе і на цырымоніі закрыцьця чэмпіянату, што 15 ліпеня праходзілі на маскоўскім стадыёне «Лужнікі», прысутнічалі Аляксандар і Мікалай Лукашэнкі.
Аляксандар і Мікалай Лукашэнкі сядзелі побач з Наінай Ельцынай, Дзьмітрыем Мядзьведзевым і ягонай жонкай Сьвятланай.
Уладзімір Пуцін сядзеў у іншым месцы, побач з кіраўніком FIFA Джані Інфантына, прэзыдэнтам Францыі Эманюэлем Макронам і прэзыдэнткай Харватыі Каліндай Грабар-Кітаравіч.
Разам зь імі на фінале былі таксама кіраўнікі Армэніі, Габону, Малдовы, Палестыны, Катару і Судану, прэм’еры Вугоршчыны, Кіргізстану, Сан-Тамэ і Прынсыпі. Таксама на цырымоніі прысутнічалі актор Стывэн Сыгал, старшыня праўленьня футбольнага клюбу «Дынама-Берасьце» Дыега Марадона і іншыя вядомыя людзі. Інфармацыя аб тым, што Аляксандар Лукашэнка нібы паляціць на фінал безь Мікалая, не пацьвердзіліся.
Пасьля гульні Лукашэнка прысутнічаў на нефармальнай сустрэчы кіраўнікоў дзяржаваў, у тым ліку абдымаўся з прэзыдэнткай Харватыі.
Напярэдадні фіналу прэс-сакратарка Лукашэнкі Натальля Эйсмант казала, што ён будзе заўзець не за канкрэтную каманду, а «за прыгожы і выніковы футбол». Сам Лукашэнка апярэдадні адкрыцьця чэмпіянату зычыў удачы «братам-расейцам».
У фінале Францыя, якая ад пачатку лічылася фаварытам чэмпіянату, перамагла Харватыю, якія сэнсацыяна прабіліся ў фінал, у тым ліку выбіўшы расейцаў у чвэрцьфінале, зь лікам 4:2. Бэльгія заваявала трэцяе месца.
У час гульні на поле выбеглі чатыры актывісткі і актывісты Pussy Riot у паліцэйскай уніформе, іх затрымалі , у час допыту паліцыянт выказаў шкадаваньне, што «цяпер не 1937 год».