У Чавусах судзяць за перавышэньне службовых паўнамоцтваў у спалучэньні з гвалтам і зьнявагаю пацярпелых былога дырэктара Магілёўскай спэцвучэльні закрытага тыпу № 2 Алега Малышкіна, а таксама двух яго намесьнікаў Валерыя Баравікова ды Аляксандра Доўгага.
Рэзанансную справу аддалі Чавускаму раённаму суду, бо магілёўскія суды «загружаныя больш важнымі справамі». Разглядае справу Вольга Палуян, старшыня раённага суду.
Нагодай для крымінальнага перасьледу сталася зьбіцьцё службоўцамі шасьцярых выхаванцаў навучальнай установы 26 лістапада 2017 году.
Паводле папярэдняга сьледзтва, прадстаўнікі адміністрацыі навучальнай установы выкарысталі гвалт і прыніжэньне непаўналетніх, каб высьветліць, чаму тыя самавольна пакінулі тэрыторыю спэцвучэльні, а таксама арганізавалі іх незаконнае ўтрыманьне ў бацькоўскім пакоі, тым самым абмежаваўшы іх свабоду. Пасьля зьбіваньня адзін з навучэнцаў трапіў у шпіталь з пашкоджаньнем хрыбетніка.
Сьледзтва ўстанавіла: дзеяньні абвінавачаных былі ўзгодненымі. Зьбівалі яны навучэнцаў «у мэтах асабістай зацікаўленасьці, што выявілася ў спрашчэньні выхаваўчага працэсу», а таксама каб «утоіць факт зьдзяйсьненьня выхаванцамі супрацьпраўнага ўчынку, які ёсьць адным з паказьнікам неэфэктыўнай працы службоўцаў і навучальнай установы ў цэлым».
Абвінавачаныя
Малышкін і Баравікоў утрымліваюцца ў сьледчым ізалятары Магілёўскай турмы № 4. У судовай залі яны пад вартай у клетцы. Аляксандар Доўгі на волі.
— Алег Малышкін прызначаны дырэктарам спэцвучэльні 26 лістапада 2014 году. Пад вартай ад 1 сьнежня 2017 году. Ён абвінавачваецца па трох артыкулах крымінальнага кодэксу.
Паводле сьледзтва службовец «у групе асобаў» удзельнічаў у зьбіваньні і прыніжэньні навучэнцаў, якія ўцяклі з вучэльні.
Акрамя таго ён асабіста зьбіваў дзягаю ў прысутнасьці іншых асобаў яшчэ аднаго навучэнца 2001 году нараджэньня за парушэньне рэжыму спэцвучэльні. Біў па нагах і клубах. Выяўлена тры такіх выпадкі. У адным з іх абвінавачаны змусіў непаўналетняга зьняць нагавіцы і нанёс яму па аголеным целе тры ўдары дзягаю. За зьбіцьцё навучэнцаў Малышкіну інкрымінуецца 3 частка 426 артыкулу Крымінальнага кодэксу (перавышэньне службовых паўнамоцтва ў асабістых мэтах спалучанае з гвалтам і зьнявагаю пацярпелага).
Сьледзтва таксама выявіла, што ў 2016 годзе абвінавачаны на службовай машыне зьбіў непаўналетнюю 2009 году нараджэньня ў двары жылога масіву. У выніку дзяўчынка зламала руку, а таксама атрымала іншыя цялесныя пашкоджаньня (1 частка 317 артыкулу Крымінальнага кодэксу). Маці пацярпелай выставіла Малышкіну пазоў на кампэнсацыю маральнай шкоды ў 5 тысяч рублёў.
Алегу Малышкіну таксама выстаўленае абвінавачваньне ў злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі і ўладай (2 частка 324 артыкулу Крымінальнага кодэксу). На працягу 2016-17 году службовец сыстэматычна выкарыстоўваў сваіх падначаленых і навучэнцаў для выкананьня работ у сваіх інтарэсах з выкарыстаньнем службовага транспарту. Ён вывозіў з тэрыторыі навучальнай установы нарыхтаваны бярозавы кругляк для сябе, а таксама для тых супрацоўнікаў, якія дапамагалі яму. За гэта ім выплачваўся заробак. Шкода ад такіх дзеяньняў сьледзтвам ацэненая ў 398 рублёў 75 капеек.
— Валеры Баравікоў займаў пасаду намесьніка дырэктара па рэжыму спэцвучэльні ад 8 траўня 2015 году. Служыў у Аўганістане. Паводле яго словаў, мае 8 узнагарод. Мае праблемы са здароўем, але не сказаў суду якіх. Яго арыштавалі 29 лістапада 2017 году.
Сьледзтва высьветліла, што ён таксама ўдзельнічаў у зьбіваньні і прыніжэньні выхаванцаў за ўцёкі з вучэльні. Акрамя таго ён асабіста зьбіваў у прысутнасьці іншых асобаў яшчэ аднаго з навучэнцаў, які парушаў рэжым у вучэльні. Ягоныя дзеяньні кваліфікаваныя 3 частка 426 артыкулу Крымінальнага кодэксу (перавышэньне службовых паўнамоцтва ў асабістых мэтах спалучанае з гвалтам і зьнявагаю пацярпелага).
— Аляксандар Доўгі займаў пасаду намесьніка дырэктара па навучальнай працы спэцвучэльні ад 18 лютага 2015 году.
Службовец разам з Малышкіным і Баравіком зьбіваў непаўналетніх за іх уцёкі з навучальнай установы. Яму інкрымінуецца 3 частка 426 артыкулу Крымінальнага кодэксу (перавышэньне службовых паўнамоцтва ў асабістых мэтах спалучанае з гвалтам і зьнявагаю пацярпелага).
Пацярпелыя
Пацярпелымі па справе прызнаныя васьмёра выхаванцаў спэцвучэльні 2000 і 2001 году нараджэньня. Двое з іх сіроты. Пацярпелай таксама прызнаная дзяўчынка, якую зьбіў на машыне Малышкін. Інтарэсы пацярпелых прадстаўляюць іх законныя прадстаўнікі — бацькі.
Законнай прадстаўніцай дваіх сірот мелася быць супрацоўніца Ленінскага аддзелу адукацыі Магілёва. На судзе высьветліся, што яна звольнілася 8 ліпеня.
Чаму зьбеглі навучэнцы
Шасьцёра навучэнцаў уцяклі з вучэльні 26 лістапада 2017 году. Праз тры гадзіны іх адшукалі і вярнулі назад. Як даведаліся бацькі іх дзяцей па адным заводзілі ў пакой, дзе не было відэаназіраньня, і трое супрацоўнікаў вучэльні іх зьбівалі. Хлопец, якому ў пашкоджаным хрыбетнікам прыбыў у шпіталі два тыдні.
Бацькі настойвалі, што дзеці наважыліся на ўцёкі, каб паведаміць міліцыі пра надта жорсткія ўмовы ўтрыманьня ў спэцвучэльні і сваволю кіраўніцтва.
У прыватных гутарках хлопцы пацьвердзілі свае словы. Яны сьцьвярджаюць: калі б не пашкодзілі хрыбетнік аднаму з уцекачоў, то пра інцыдэнт са зьбіцьцём ніхто б не даведаўся. «Яго б утаілі», — кажуць хлопцы і тлумачаць:
«Калі добра ў вучэльні, то чаму нам уцякаць».
На пытаньне, ці не шкада ім абвінавачаных, адказалі, што шкада, але дадалі:
«Трэба было думаць галавой перад тым, як нешта рабіць»
Сваякі прыехалі падтрымаць абвінавачаных
На суд прыехалі падтрымаць абвінавачаных іх родныя. У гутарцы з журналістамі сваякі Баравікова казалі, што ён схудней за час утрыманьня ў няволі «кіляграмаў на дзесяць». Па іх словах, ён выглядае дужа знэрваваным. Суразмоўцы паведамілі, што ў падсуднага хворае сэрца. Яго яны ня лічаць вінаватым.
На спробу родных на пачатку суду выказаць словы падтрымкі Баравікоў адрэагаваў эмацыйна. Прыпомніў, што вучэльні ён аддаў 20 гадоў. З іх 15 на пасадзе намесьніка дырэктара па рэжыму.
«А цяпер зь мяне зрабілі зэка. Яны зрабілі...», — казаў ён.
Суду Баравікоў паведаміў, што затрымалі яго 28, а не 29 сьнежня, як напісана ў матэрыялах справы. Першыя суткі арышту, даводзіў падсудны, ня мог спаць і яго не кармілі.
Двое іншых падсудных паводзілі сябе вонкава спакойна. Аляксандар Доўгі перад судом падышоў да выхаванцаў і пацікавіўся, як яны маюцца. Суду ён паведаміў, што з вучэльні звольніўся.
Разгляд справы зацягнецца надоўга. Яна налічвае 25 тамоў. 13 ліпеня ў першы дзень суду агучылі абвінавачваньні падсудным. Пасьля перапынку 17 ліпеня пачнецца допыт пацярпелых.