Былы фігурант «справы Белага легіёну», мастак і дызайнэр Андрэй Бяляўскі накіраваў у Вярхоўны суд скаргу на прысуд Ленінскага раённага суду Менску, які ў студзені 2018 году пакараў яго 1 годам «хатняй хіміі» за захоўваньне аднаго патрона, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».
Спачатку Андрэй Бяляўскі з дапамогай адваката спрабаваў абскардзіць прысуд у Менскім гарадзкім судзе. Аднак апэляцыйная калегія судзьдзяў Менгарсуду, у якой старшынстваваў Уладзімер Сьцяпурка, на паседжаньні 27 сакавіка пакінула ягоную скаргу без задавальненьня. У пачатку красавіка прысуд уступіў у законную сілу.
Потым Бяляўскі, ужо адбываючы пакараньне, накіраваў наглядную скаргу на імя старшыні Менскага гарадзкога суду, аднак і там довады асуджанага і ягонага адваката не былі пачутыя. Наступны крок — скарга ў Вярхоўны суд.
Фігурант справы «Белага легіёну» Бяляўскі пра суд за патрон: «Прысуд перадузяты, буду абскарджваць»
Бяляўскі і ягоны адвакат лічаць, што год абмежаваньня волі, хоць і без накіраваньня ў папраўчую ўстанову, пры прызнаньні віны і пры раскаяньні, якія мусяць зьмякчыць віну, — гэта вельмі жорсткае і неадэкватнае ўчынку пакараньне. Захоўваньне аднаго патрона ня можа несьці ў сябе грамадзкай небясьпекі. Да таго ж суд ніяк не улічыў тыя два з паловай месяцы, якія Бяляўскі правёў за кратамі падчас сьледзтва ў справах «Аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў» і «Аб незаконным узброеным фармаваньні».
Як паведаміў Бяляўскі «Вясьне», ён адразу вырашыў у сваёй справе ісьці да канца.
«Усё ж такі яшчэ застаюцца спадзевы, што здаровы сэнс возьме верх і Вярхоўны суд прыме адэкватнае рашэньне», — падзяліўся думкамі Бяляўскі.
Андрэй Бяляўскі быў затрыманы 21 сакавіка 2017 году і абвінавачаны паводле ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэксу Беларусі — «Навучаньне і падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках» і арт. 287 Крымінальнага кодэксу — «Стварэньне незаконнага ўзброенага фармаваньня». Адпушчаны зь СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыезьдзе 2 чэрвеня са спыненьнем справы паводле арт. 293 Крымінальнага кодэксу.
Справа «Белага легіёну» — ад затрыманьняў да вызваленьняў
Падчас ператрусу адразу пасьля затрыманьня ў яго быў знойдзены спраўны патрон. Як толькі ў канцы лістапада Сьледчы камітэт спыніў справу «Аб незаконным узброеным фармаваньні», на Бяляўскага была заведзеная новая справа — аб захоўваньні боепрыпасу (ч.2 арт.295 КК РБ).
12 сьнежня Сьледчы камітэт прад’явіў маладому чалавеку абвінавачваньне, а 12 студзеня судзьдзя Марына Запасьнік прызнала Бяляўскага вінаватым паводле ч. 2 арт. 295 Крымінальнага кодэксу («Незаконныя выраб, набыцьцё, перадача ў валоданьне, збыт, захоўваньне, перавозка, перасылка або нашэньне агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў») і прызначыла пакараньне ў выглядзе абмежаваньня волі тэрмінам на 1 год без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія»).