Члены Прэзыдыюму ВС БССР у Авальнай залі. Аляксандар Сасноў, Васіль Шаладонаў, Мікалай Дземянцей, Станіслаў Шушкевіч, Уладзімер Леўчык. 1991 г.
Памёр былы старшыня Вярхоўнага Свету БССР Мікалай Дземянцей.
Мікалай Дземянцей быў чалавекам, які не рабіў подласьцяў.
Магчыма, такія словы з вуснаў ягонага палітычнага апанэнта прагучаць дзіўна, але кажу я іх не таму, што пасьля зыходу чалавека ў іншы сьвет не прынята казаць кепскае (ніжэй будзе і кепскае), але ён сапраўды не рабіў подласьцяў палітычным праціўнікам. Чаго, на жаль, не магу сказаць пра некаторых іншых высокіх кіраўнікоў, якія дэкляравалі дэмакратычныя прыхільнасьці.
У 1990 на просьбу Пазьняка, старшыня Вярхоўнага Савета БССР Дземянцей выдзеліў у Доме ўраду 363-ці пакой для Апазыцыі БНФ (якая жорстка яго крытыкавала), і гэтае памяшканьне ў пачатку 90-х быў штабам выпрацоўкі стратэгічных рашэньняў дэмакратычнага руху. Менавіта там ствараліся праекты, якія леглі ў падмурак новай беларускай дзяржаўнасьці.
У тым жа годзе, калі я напісаў ліст Гарбачову як член парлямэнцкай камісіі па Чарнобылю, а той запытаўся парады Дземянцея – ён параіў Гарбачову сустрэцца і адказаць на пытаньні адносна замоўчваньня інфармацыі пра трагедыю.
У студзені 1991-га Дземянцей паляцеў у Літву – пасьля таго, як Крэмль вывеў на вуліцы танкі і пралілася кроў.
Але ўвесну 1990-га подпіс таго ж Дземянцея з’явіўся пад заявай Прэзыдыюму ВС БССР XI скліканьня з тэрытарыяльнымі прэтэнзіямі да Літвы ў выпадку, калі яна выйдзе з СССР. Потым стала вядома, што ён сам упершыню ўбачыў гэтую заяву ў газэтах, а складзены тэкст быў у Маскве.
19 жніўня 1991-га той жа Дземянцей адмовіўся ад патрабаваньня Апазыцыі БНФ асудзіць праімпэрскі путч у Маскве.
А 12 красавіка 1995-га, пасьля зьбіцьця дзевятнаццаці дэпутатаў БНФ, Дземянцей крыкнуў – «Мала вам далі!».
Доўгі час Дземянцей працаваў сакратаром спачатку Віцебскага абкаму, а потым і ЦК па сельскай гаспадарцы. Сельская гаспадарка – тое была самая няўдзячная сфэра адказнасьці ў партыйным апараце Беларусі. Любога сакратара па сельскай гаспадарцы ў любы момант можна было зьняць з пасады – і знайшлося б за што. Найперш, канешне – за невыкананьне пляну, які ўвесь час павялічваўся, бо не зьмяншалася доля прадукцыі, якая адпраўлялася ў «агульнасаюзны фонд».
Трэба думаць, у выкананьні ўказаньняў зьверху Мікалай Іванавіч паказваў цудоўныя вынікі – бліскучая партыйная кар’ера таму сьведчаньне.
Але надышлі часы, калі здольнасьці рэтрансьляваць загады зьверху ўніз было ўжо недастаткова.
І Дземянцей зрабіўся сымбалем поўнай і абсалютнай страты партыйным кіраўніцтвам БССР арыентацыі ў часе (калі надышла перабудова) і ў прасторы (калі Беларусь рабілася сувэрэннай).
Само прызначэньне Дземянцея, чалавека, які, мякка кажучы, ня быў эталёнам аратарскага майстэрства, старшынём Вярхоўнага Савета яшчэ XI скліканьня – выявіла, наколькі кіраўнікі ЦК КПБ ігнаравалі новыя тэндэнцыі, што імкліва разьвіваліся ў грамадзтве (ужо амаль год як працаваў З’езд народных дэпутатаў СССР, і ўменьне весьці дыскусію зрабілася куды больш важным, чым здольнасьць выбіваць з мясцовых кіраўнікоў лічбы ўкосаў і надояў). Ну а пераабраньне на пасаду старшыні Вярхоўнага Савета XII скліканьня паказала ступень упэўненасьці камуністаў у вечным іхнім панаваньні.
У кнізе «Дзевяноста першы» накіды да палітычнага партрэту Дземянцея я назваў – «Старшыня, які не жадаў быць першым». У сэнсе – першай асобай дзяржавы, чым па Канстытуцыі ён быў быць абавязаны.
Нават пасьля прыняцьця Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце (хай і палавінчатай) Дземянцей падпарадкоўваўся Крамлю. А ў межах БССР лічыў сваім абавязкам слухацца першага сакратара ЦК КПБ Малафеева – гэтак жа, як на пасадах сакратароў абкама і ЦК ён слухаўся Машэрава, Кісялёва ды іншых.
Малафееў і пагубіў палітычную кар’еру Дземянцея – калі раніцай 25 жніўня 1991, ня будучы народным дэпутатам Беларусі, па-гаспадарску даў знак сьпікеру прадставіць яму слова. Малафееў рушыў да мікрафону, мы, дэпутаты БНФ, паўскоквалі са сваіх месцаў і заблякавалі трыбуну. Па-сутнасьці, выштурхнулі 1-га сакратара ЦК – на вачах ягоных падначаленых, у прамой трансьляцыі на ўсю Беларусь.
Для лепшага ўсьведамленьня эфэкту – ўявіце, што на нейкім вялікім сходзе дзясятак чалавек сьпіхваюць з трыбуны Лукашэнку, і – ніхто ім за гэта нічога ня робіць.
Для партнамэнклятуры тое было «гібель багоў», Дземянцей разгубіўся, абвясьціў перапынак.
А пасьля перапынку падаў у адстаўку.
Тое быў пераломны момант сэсіі – і праз некалькі гадзінаў Беларусь была абвешчаная незалежнай дзяржавай.
Вось гэтай сваёй адстаўкай Дземянцей застанецца ў гісторыі Беларусі.
А яшчэ – подпісам пад Дэклярацыі аб сувэрэнітэце ў якасьці старшыні Вярхоўнага Савету 27 ліпеня 1990 года і галасаваньнем на Незалежнасьць 25 жніўня 1991 ужо ў якасьці шэраговага дэпутата.