8 траўня лідэр армянскай рэвалюцыі быў абраны кіраўніком ураду краіны. Што адбылося за гэты час у Армэніі, якія крокі новы ўрад зрабіў, якім паспрыяў, якія зьмены зьвязваюць зь ім?
1. Новы ўрад памяняў 8 з 10 кіраўнікоў вобласьцяў краіны.
2. Быў арыштаваны дэпутат парлямэнту, былы генэрал і намесьнік міністра абароны Манвэл Грыгар'ян. Ён быў абвінавачаны ў прысваеньні гуманітарнай дапамогі для армянскіх салдат і ў незаконным валоданьні зброяй. Таксама арыштаваныя жонка Грыгар'яна і яго сын, мэр буйнога гораду Эчміядзін.
3. Быў арыштаваны былы кіраўнік аховы прэзыдэнта Сэржа Саргсьяна Вачаган Казар'ян, ён быў абвінавачаны ў незаконным узбагачэньні.
4. Быў арыштаваны Эдуард Бабаян, кіраўнік службы аховы алігарха і палітыка, лідэра партыі і парлямэнцкай фракцыі «Квітнеючая Армэнія» Гагіка Царук'яна. Бабаяна абвінавачваюць у зьбіцьці чалавека.
5. Распачатая крымінальная справа супраць Лявона Саргсьяна, брата былога кіраўніка Армэніі Сэржа Саргсьяна. Яго абвінавачваюць у хаваньні маёмасьці, якая падлягала дэкляраваньню, а таксама ў незаконным узбагачэньні. Крымінальныя справы распачатыя таксама супраць дачкі Лявона Саргсьяна.
Таксама распачатая крымінальная справа супраць Нарэка Саргсьяна, сына Аляксандра Саргсьяна, другога брата экс-прэзыдэнта. Нарэк Саргсьян зьехаў у Расею.
6. Распачатая крымінальная справа супраць былога міністра абароны Мікаэла Аруцюньяна. Яго абвінавачваюць у датычнасьці да жорсткага разгону пратэстаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2008 году.
7. Сышоў у адстаўку Тарон Маргар'ян, мэр Ерэвану, прадстаўнік да апошняга часу кіроўнай у краіне Рэспубліканскай партыі
8. Сышоў у адстаўку Ара Варданьян, які 10 гадоў быў выканаўчым дырэктарам усеармянскага фонду «Аястан». Варданьян быў затрыманы Службай нацыянальнай бясьпекі 3 лiпеня паводле падазрэньня ў прысваеньні сродкаў і злоўжываньні паўнамоцтвамі службоўца грамадзкай арганізацыі. 5 ліпеня ён быў вызвалены пад заклад.
9. Былы прэзыдэнт Армэніі Робэрт Качар'ян выкліканы на допыт у справе аб жорсткім падаўленьні пратэстаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2008 году. Тады ў сутычках з паліцыяй загінулі 10 чалавек.
10. У выніку перамоваў з прэм’ер-міністрам Николам Пашыньянам група кампаній «Ташыр» прыняла рашэньне з 1 ліпеня гэтага году часткова субсыдыяваць тарыф на электраэнэргію для сацыяльна незабясьпечаных семʼяў у памеры 10 драмаў (2 амэрыканскія цэнты) за 1 кВт-гадзіну
11. Паводле стану на 1 ліпеня ў выніку антыкарупцыйных справаў была пагашаная шкода дзяржаве з прычыны няўплаты падаткаў памерам 42 мільёны даляраў.
12. Сын прэмʼер-міністра Ашот Пашыньян у ліпені адправіўся служыць у войска. Ён яшчэ ў траўні ў відэазвароце заявіў, што добраахвотна вырашыў напісаць заяву і прайсьці службу ў Нагорным Карабаху.