Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь і Латвія спадзяюцца зарабіць на супольным чэмпіянаце сьвету ў хакеі 2021 году


Архіўнае фота. Чэмпіянат сьвету ў хакеі 2014 году ў Менску
Архіўнае фота. Чэмпіянат сьвету ў хакеі 2014 году ў Менску

У Беларусь з трохдзённым візытам знаходзіцца парлямэнцкая дэлегацыя Латвіі. Яе ўзначальвае старшыня камітэту ў пытаньнях абароны, унутраных спраў і прадухіленьня карупцыі Айварс Латкоўскіс.

10 ліпеня дэлегацыя сустрэлася з кіраўніком Палаты прадстаўнікоў Уладзімерам Андрэйчанкам. Ён прапанаваў латвійскай дэлегацыі падумаць, як разам зарабіць на хакейным чэмпіянаце сьвету 2021 году, які будзе праходзіць у Менску і Рызе.

Беларусь і Латвія сумесна правядуць чэмпіянат сьвету па хакеі 2021 году

«Прыстойнай інфраструктуры па дарозе з Рыгі ў Менск няма. А трэба яе супольна стварыць, паказаць заўзятарам і на гэтым зарабіць грошы. Яны ня будуць лішнімі ні для нас, ні для вас», — сказаў Андрэйчанка.

Айварс Латкоўскіс, кіраўнік латвійскай дэлегацыі, пагадзіўся.

«Чым бліжэй да першынства сьвету, тым кантакты паміж нашымі краінамі будуць часьцейшымі. Але адкладаць гэтыя справы на пасьля ня варта», сказаў Латкоўскіс.

Гандаль паміж Беларусьсю і Латвіяй вырас

Таваразварот паміж Беларусьсю і Латвіяй летась склаў 440 мільёнаў даляраў. Андрэйчанка назваў яго «сур’ёзным», гэта на 28% болей за паказчык 2016 году. Рост працягваецца і сёлета, але да рэкорднага паказчыка, калі абедзьве краіны гандлявалі паміж сабой на 700 мільёнаў за адзін год, яшчэ далёка.

Андрэйчанка між іншым выказаў задаволенасьць латвійскім інвэстыцыямі ў беларускую эканоміку, якія летась склалі 125 мільёнаў даляраў.

Уладзімер Андрэйчанка
Уладзімер Андрэйчанка

«Гэта добры вынік. Бізнэс ідзе ў Беларусь, ён не баіцца. Хоць часам і кажуць, што ў нас праблемы з выбарчай сыстэмай, правамі чалавека» — сказаў Андрэйчанка.

Латвія арыентуецца на Эўразьвяз, але не забываецца пра суседзяў

Латвійскія парлямэнтары казалі, што іх краіна ў замежнай палітыцы арыентуецца на агульную палітыку ў рамках Эўразьвязу і NATO. Аднак пры гэтым у Рызе не забываюцца і пра кантакты з суседзямі.

«Нашы профільныя камісіі пачалі кантактаваць два гады таму, калі яшчэ ў Палаце прадстаўнікоў былі дэпутаты папярэдняга скліканьня. За гэты час былі ня толькі перамовы, але і карысная супраца ў галінах супрацьдзеяньня наркатрафіку і нелегальнай міграцыі» — сказаў Айварс Латкоўскіс.

На наступным тыдні ў Рызе чакаюць міністра замежных спраў Беларусі Ўладзімера Макея. Ён наведае Латвію ў рамках штогадовых сустрэч кіраўнікоў замежнапалітычных ведамстваў Беларусі і Латвіі. Яны сталі традыцыйнымі з 2015 году, калі ў Рызе праводзіўся саміт «Усходняга партнэрства».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG