Супраць кінапрадусара Гарві Вайнштэйна вылучыла абвінавачаньне яшчэ адна жанчына. Максымальным пакараньнем, калі яго прызнаюць вінаватым, можа стаць пажыцьцёвае зьняволеньне. Пакуль суд у Ню-Ёрку выпусьціў сёньня Вайнштэйна пад заклад.
Восеньню 2017 году Гарві Вайнштэйна, аднаго з самых уплывовых прадусараў Галівуду, абвінавацілі ў дамаганьнях і сэксуальным гвалце дзясяткі жанчын. Судзьдзі разглядаюць справу на падставе заяваў дзьвюх пацярпелых, цяпер ён быў затрыманы на падставе сьведчаньняў трэцяй. У траўні Вайнштэйн сам зьявіўся ў паліцыю, але суд выпусьціў яго пад заклад у мільён даляраў. Сёньня суд таксама палічыў магчымым выпусьціць былога 66-гадовага прадусара ў межах таго ж закладу.
Гарві Вайнштэйн не прызнае сябе вінаватым, але адвакат не выключае, што супраць ягонага падабароннага будуць вылучаныя яшчэ абвінавачаньні.
Справа Вайнштэйна стала пачаткам маштабнай кампаніі #metoo супраць дамаганьняў у ЗША і іншых краінах Захаду.
Вайнштэйна звольнілі зь яго ж уласнай кампаніі, ад яго сышла жонка, яго выключылі з Амэрыканскай і Брытанскай кінаакадэміяў, вырашылі пазбавіць ордэна Ганаровага легіёну, кампанія Weinstein Co. заявіла, што прыбярэ ягонае імя з назвы.
Расьсьледаваньні ў дачыненьні да Вайнштэйна пачаліся ў Нью-Ёрку, Лос-Анджэлесе і Лёндане.