Дырэктар Эўрапейскай памежнай службы Frontex выказаў занепакоенасьць у сувязі з пашырэньнем новага маршруту, якім уцекачы прыбываюць у Эўропу. Як заявіў Фабрычэ Леджэры ў інтэрвію выданьню Welt am Sonntag, новы маршрут пракладзены з Марока ў Гішпанію. Вытрымкі інтэрвію апублікаваныя на сайце выданьня 7 ліпеня.
Толькі ў чэрвені колькасьць выпадкаў нелегальнага перасячэньня гішпанскай мяжы ўцекачамі з краін Афрыкі дасягала шасьці тысяч. Прыкладна ў палове зь іх гаворка ішла аб мараканцах, астатнія мігранты былі выхадцамі з Заходняй Афрыкі. На думку кіраўніка Frontex, новы маршрут можа зрабіцца ў хуткім часе адным з асноўных.
Паводле дадзеных Міжнароднай арганізацыі ў пытаньнях міграцыі, у 2017 годзе больш за 22 400 уцекачоў высадзіліся на ўзьбярэжжы Гішпаніі — амаль у тры разы больш, чым у 2016 годзе.
Фабрычэ Леджэры падтрымаў пляны, выпрацаваныя на саміце ЭЗ 28-29 чэрвеня, якія прадугледжваюць адкрыцьцё за межамі Эўразьвязу лягераў для мігрантаў, выратаваных ў Міжземным моры. Пра сваю адмову падтрымаць ініцыятыву ЭЗ у стварэньні гэткіх цэнтраў ужо заявілі Эгіпэт, Альбанія, Марока, Туніс і Альжыр.