Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Турма, мужчына і жанчына. Моўная зона. Мат і «феня»


У сэрыі «Бібліятэка Свабоды» выйшла кніга Алены Струвэ «Турма, мужчына і жанчына. Як сядзяць у сучаснай Беларусі». Публікуем фрагмэнты гэтай кнігі. Сёньня працяг разьдзелу «Моўная зона»: Мат і «феня». Карыстальнікі і перакладчыкі. Рэцыдывіст: «Турэмную лексыку ведае ўсё грамадзтва». Лінгвіст Сяргей Ямшчыкоў: «Я мушу перакласьці ўсё». Лінгвіст Валеры Шчукін: «Шукаў дапамогі сярод братвы».

Замовіць кнігу можна ТУТ

Мат і «феня». Карыстальнікі і перакладчыкі


Як язык — люстэрка арганізму, гэтаксама і мова, у якой задзейнічаны язык, — адлюстраваньне кагнітыўнай сыстэмы чалавека. Бо мову ня зубраць, а пазнаюць, і, акумулюючы ўласны досьвед, зьвязваюць тую або іншую зьяву з пэўным найменьнем. Наколькі эфэктыўнымі могуць быць захады, скіраваныя на забарону ненарматыўнай лексыкі, уведзеныя, напрыклад, у суседняй Расеі, дзе да арыштанта-парушальніка ўжываюць штрафныя санкцыі, у тым ліку і пакараньне ШЫЗА?​


Рэцыдывіст: «Турэмную лексыку ведае ўсё грамадзтва»


«Што тычыцца ўвядзеньня ўсялякіх моўных табу за кратамі, то тут можна толькі сьмяяцца», — кажа былы крымінальнік Зьміцер Вольны.


Ад Зьмітра Вольнага

— І мат, і «феня», як ужываліся раней зэкамі ды турэмнікамі, так і будуць ужывацца. Ніякія забароны тут нічога ня зробяць. Часам можна прачытаць у СМІ, што нібыта блатныя ў турмах мат не ўжываюць, бо гэта забаронена зладзейскімі законамі. З гэтым не пагаджуся. Што яны, нейкія асаблівыя? Зразумела, ня лаюцца як рамізьнікі, гэта ўсё паміж сабой.

Ну як вы сабе ўяўляеце зону бяз мату? Калі адзін зэк кажа другому: «Аляксандар Пятровіч, шаноўны, ці ня знойдзецца ў вас лішняй заварачкі гарбаты, а то мае харчовыя запасы зусім канчаюцца?» Фігня нейкая. Там жа ў многіх адукацыі тры клясы або ўвогуле няма ніякай.

Зьміцер Вольны кажа, што сустракаў людзей, якія ўмелі і лаяцца, і размаўляць на «фені» прыгожа. У Глыбокім, калі старыя рэцыдывісты, якія прайшлі ГУЛАГ, пачыналі гаварыць, то можна было заслухацца. Маладзейшыя так не маглі. Цяпер у размовах сучасных зьняволеных гучаць толькі рэшткі той «фені».

«Пасть порву, моргалы выколю», — ярка ўвасоблены вобраз злодзея ў законе выбралі для помніка актору Яўгену Лявонаву ў Маскве
«Пасть порву, моргалы выколю», — ярка ўвасоблены вобраз злодзея ў законе выбралі для помніка актору Яўгену Лявонаву ў Маскве

— Цяпер памятаю толькі асобныя словы, — узгадвае Зьміцер Вольны, — кшталту «мянты», «чэрці», «крытая» (у сэнсе турма), «кулямёт» (у сэнсе карты), «баланда», «шлёмка» (гэта міска), «вясло» (лыжка), «шконка» (ложак), «кармушка» (акенца ў дзьвярах, празь якое падаюць ежу), «кіча» (вязьніца). Далей: «кум» (апэратыўнік), «гаспадар» ці, як правіла, прыніжана — «гаспадыня», то бок начальнік калёніі. Калі паважаны начальнік, то будуць казаць «гаспадар».

Але, мне здаецца, гэтыя слэнгавыя словы ведаюць таксама і звычайныя грамадзяне. Бо ў Беларусі заўсёды было і ёсьць шмат турмаў і лягераў. Бадай у кожнай сям’і знойдуцца свае сядзельцы.

Лінгвіст Сяргей Ямшчыкоў: «Я мушу перакласьці ўсё»

Што такое мат і «феня» з гледзішча прафэсійных лінгвістаў? Выпускнікі Менскага інстытуту замежных моваў, што сёньня завецца Менскім лінгвістычным унівэрсытэтам — Сяргей Ямшчыкоў і Валеры Шчукін (падвойны цёзка вядомага беларускага апазыцыянэра) — на працягу дзясяткаў гадоў прафэсійна працуюць з крымінальнай мовай, перакладаючы на судовых працэсах у Нямеччыне ды ЗША.

Сяргей Ямшчыкоў жыве ў Нямеччыне без малога 30 гадоў, ён запатрабаваны перакладчык з расейскай мовы. На пачатку 1990-х, калі амбасадарам Беларусі там быў Пятро Садоўскі, Сяргей перакладаў зь нямецкай на беларускую і зь беларускай на нямецкую на перамовах з рознымі віп-пэрсонамі, у тым ліку і з былым кіраўніком МЗС Нямеччыны Гансам-Дзітрыхам Геншэрам. Таксама перакладаў, але ўжо з расейскай, будучую нобэлеўскую ляўрэатку Сьвятлану Алексіевіч, працаваў зь Віктарам Ерафеевым, Міхаілам Хадаркоўскім, многімі іншымі.

Перакладчык Сяргей Ямшчыкоў, міністар замежных справаў Нямеччыны Г.-Д. Геншар, беларускі амбасадар П.Садоўскі, міністар замежных справаў Беларусі П.Краўчанка
Перакладчык Сяргей Ямшчыкоў, міністар замежных справаў Нямеччыны Г.-Д. Геншар, беларускі амбасадар П.Садоўскі, міністар замежных справаў Беларусі П.Краўчанка

Былога менчука нярэдка запрашаюць на судовыя працэсы ў якасьці перакладчыка па лініі абвінавачаньня ці абароны тых выхадцаў з былога СССР, якія парушылі законы Нямеччыны. Працуючы з гэтымі кліентамі, ён мусіць мець справу як з матам, так і зь «феняй».

З гледзішча лінгвістыкі, кажа ён, гэта ня тое самае. Мат належыць да сацыяльна непрымальнай табуяванай лексыкі, аднак тым ня менш зразумелай у грамадзтве. А «феня» — гэта таемная мова, у якой, адрозна ад мату, сэнс сказанага шыфруецца. Гэтую мову «для ўнутранага карыстаньня» пачалі ўжываць у сярэднявечнай Русі вандроўныя гандляры (так званыя афені), а ад іх перанялі злачынцы.

І ў першым, і ў другім выпадку трэба перакладаць адэкватна: як форму, так і зьмест. Калі мат удаецца перакласьці сяк-так, наколькі дазваляюць магчымасьці нямецкай мовы, то пераклад крыптамовы выходзіць нашмат больш дакладны. Паводле колішняга менчука, ні мат, ні «феню» забараніць немагчыма. Яны бесьсьмяротныя. Прычым ня толькі на постсавецкай прасторы, але ва ўсім сьвеце. Бо заўсёды будуць тыя сацыяльныя пласты, у якіх яны функцыянуюць.

Ад Сяргея Ямшчыкова

— Тое, што ў постсавецкіх краінах завецца «феняй», у лінгвістыцы мае афіцыйную назву — арго. Не жаргон, не дыялект, а сацыялект, мова, якой карыстаецца сацыяльна замкнёная група. Прадстаўнікі гэтай групы ня хочуць, каб чужынцы разумелі, што яны кажуць. Вось гэта і ёсьць арго. А «феняй» гэта завецца па-расейску. У нямецкіх крымінальнікаў таксама ёсьць сваё арго, свой сацыялект, ён таксама паходзіць зь сярэднявечча і завецца Rotwelsch. Мяшанка нямецкай мовы, у тым ліку дыялектнай, з габрэйскімі, цыганскімі ды іншымі элемэнтамі.

Сяргей Ямшчыкоў
Сяргей Ямшчыкоў

Што да расейскай «фені», то тут лексыка збольшага расейская. Разумець яе немагчыма, калі ты не выхоўваесься і не жывеш у пэўным асяродзьдзі або рэгулярна не глядзіш каналы расейскага тэлебачаньня зь фільмамі пра якую-небудзь «маліну»... Але цяпер зьявілася нямала добрых тлумачальных аднамоўных расейскіх слоўнікаў ды падручнікаў, якія для перакладчыкаў служаць добрымі дапаможнікамі.

— Перад тым, як пачаць працаваць з сваімі кліентамі, вы неяк рыхтуецеся?

― Абавязкова. Я рыхтуюся прафэсійна, як лінгвіст, але галоўным чынам эмацыйна. Бо, паверце мне, камунікацыя з гэтымі людзьмі дае ўсё, што хочаце, але ня радасьць. Што тычыцца моўнага боку, то гэта праца са слоўнікамі, і да таго ж мне дасылаюць у якасьці ўзору гэтак званыя «малявы» — цыдулкі падсудных, дзе яны паведамляюць нейкую інфармацыю на волю сваім «карашам» (сябрам). Такім чынам, я ўяўляю сабе, што гэта за асобы і якую мову яны будуць выкарыстоўваць. Як для прафэсіянала для мяне пераклад «фені» — гэта тое самае, што пераклад мэдычнай, будаўнічай, хімічнай і рознай іншай спэцлексыкі. Аплата гэтых перакладаў вядзецца паводле закону аб аплаце працы экспэртаў суду. Як перакладчык я лічуся экспэртам суду.

— Крымінальнікі бываюць розныя... «Злодзей у законе» Япончык трымаў у амэрыканскім судзе самае працяглае па часе апошняе слова, якое цягнулася гадзіну сорак сем хвілін. Паводле тых, хто працаваў на працэсе, гэта была стылёва і граматычна бездакорная прамова. Гэтак жа бездакорна Япончык, як сьведчылі людзі зь ягонага кола, валодаў і крымінальным арго. Зразумела, ёсьць іншыя злачынцы — тыя, хто ўжывае «феню» таму, што проста ня ведае, як сказаць на нармальнай мове...

Сяргей Ямшчыкоў
Сяргей Ямшчыкоў

— Адзначу, што ва ўсіх злачынцаў, якія знаходзяцца пад сьледзтвам або паўсталі перад судом, толькі адна мэта — каб іх не зразумелі звонку. У Япончыка, паводле ягоных сьведчаньняў, было некалькі адукацыяў. А ў маёй цяперашняй турэмнай кліентуры ў лепшым выпадку — клясы чатыры. Узровень адукацыі, сама гаворка — проста непараўнальныя.

Мая цяперашняя кліентура — гэта так званыя позьнія перасяленцы з Казахстану і іншых частак СССР, этнічныя немцы. Яны забыліся на расейскую мову, а новай так і ня вывучылі і размаўляюць на нейкай трасянцы з расейскай, паўнямецкай і паўфені. Дарэчы, за гэтыя амаль 30 гадоў, што я ў Нямеччыне, мне ні разу не даводзілася перакладаць крымінальнікаў зь Беларусі. Яны мне не сустракаліся.

— Якая розьніца паміж матам нямецкім і расейскім?

— Нямецкая лаянка — яна фэкальна-анальная. Расейская больш каітальная. Я чытаў працу аднаго нашага лінгвіста, якія вывучаў гэтую табуяваную мову, дык ён напісаў вельмі вобразна: нямецкая лаянка — гэта фэкальная выспа ў моры сэксу.

Як лінгвіст магу сказаць, што мат — частка мовы. Яна была, ёсьць і будзе, хоць некаму можа падабацца, а некаму і не. Мы ведаем гэтыя словы, але ведаем таксама, што гэта табу. У літаратуры мат можа несьці сваю стылістычную функцыю. Таксама ў камунікацыі паміж людзьмі мат адыгрывае яшчэ і функцыю сублімацыі. Калі пэўныя эмоцыі, якія ўціскаліся нейкі час, можна выразіць адным брыдкім словам — дзеля таго каб выпусьціць пару.

— Наколькі часта вы адчувалі цяжкасьці зь перакладам?

— Што тычыцца маіх кліентаў, так званых апошніх перасяленцаў з былога СССР, то іх мова была драбязой у параўнаньні з тым, што могуць казаць беларускія міліцыянты... Аднойчы я праслухаў выстаўленую ў сеціве ненарматыўную размову меркаванага экс-кіраўніка беларускай міліцыі са сваімі падначаленымі і зразумеў, што тут для перакладу патрабаваўся б найвышэйшы пілятаж. З уласнага досьведу магу сказаць, што такога моўнага экстрыму мне за сваё жыцьцё перакладаць не даводзілася.

Але ж праца перакладчыка — гэта ня праца цэнзара ці папы рымскага. Мы павінны казаць тое, што чуем. Гэта завецца адэкватным перакладам. Даваць жа ацэнку, у тым ліку маральна-этычную — гэта ўжо не мая мэта.

Турма ў Лейпцыгу. Ілюстрацыйнае фота
Турма ў Лейпцыгу. Ілюстрацыйнае фота

Лінгвіст Валеры Шчукін: «Шукаў дапамогі сярод братвы»

Колішні мянчук, у мінулым выкладчык ін’язу Валеры Шчукін зьехаў у ЗША ў 1980-я. Трыццаць гадоў працуе судовым перакладчыкам у Нью-Ёрку. За гэты час у якасьці судовага экспэрта-лінгвіста Шчукін узяў удзел у тысячы працэсаў. Яго кліенты — расейскамоўныя злачынцы, ад дробных вулічных хуліганаў да мацёрых бандытаў ды аўтарытэтаў, сярод якіх быў і вядомы «злодзей у законе» Вячаслаў Іванькоў па мянушцы Япончык.

Гэты крымінальны аўтарытэт пражыў 69 гадоў. Пачынаў з кішэнных крадзяжоў. Калі распадаўся СССР, ён сядзеў. У 1991 годзе аб яго вызваленьні пачалі хадайнічаць вядомыя людзі, сярод якіх называюць сьпевакоў Ёсіфа Кабзона, Аляксандра Разэнбаўма, афтальмоляга Сьвятаслава Фёдарава.

Япончыка выпусьцілі, і ў 1992-м ён выехаў за мяжу. Неўзабаве ў ЗША яго арыштавала ФБР паводле абвінавачаньня ў вымаганьні вялікай сумы грошай — 2,7 мільёна даляраў — ад двух бізнэсоўцаў расейскага паходжаньня. На пачатку 1997-га ён атрымаў дзевяць гадоў і сем месяцаў зьняволеньня за вымагальніцтва і фіктыўны шлюб з грамадзянкай ЗША. Пакараньне адбываў у амэрыканскай турме.
У 2004-м быў дэпартаваны ў Расею. У 2009-м на яго зрабілі замах. Праз два месяцы ён памёр ад раненьняў.


Ад Валерыя Шчукіна

​У размове з журналістам Сяргеем Астраўцовым Валеры Шчукін успамінаў:

— У вялікай справе Япончыка — Вячаслава Іванькова — мяне абралі ягоным галоўным перакладчыкам. Гэта быў для мяне вялікі камплімэнт, калі ён мне сказаў: з васьмі перакладчыкаў абароны я выбраў цябе.

Іванькоў пры размове ў турме ніякай «фені» не ўжываў. Больш за тое, ён карыстаўся самым высакамоўным, літаратурным стылем, каб паказаць сваю адукаванасьць. Гэта мне таксама было няпроста перакладаць.

Прыклад: «Вось кароткі мартыралёг усіх забітых маіх сяброў». Альбо: «Вось чым займаюцца клеўрэты ад КДБ». Ён казаў, што скончыў чатыры ўнівэрсытэты. Калі я спытаў: якія чатыры ўнівэрсытэты? — У турме! Так, яго цяжка было перакладаць.

На «фені» крымінальнікі размаўляюць толькі паміж сабой. І гэта фіксуецца, калі праслухоўваюць тэлефон або нехта побач зь імі робіць запіс, пакуль яны яшчэ не арыштаваныя. І ў судзе, калі слухаюцца запісы, трэба перакладаць гэты крымінальны жаргон.


Паводле Валерыя Шчукіна, у працы з кліентамі яму часьцей даводзіцца перакладаць крымінальнае арго або «феню», чым мат. А гэта для яго як лінгвіста ёсьць вельмі цікавай справай. Мат у практыцы Шчукіна сустракаўся лічаныя разы.

Так аднойчы ў судзе злачынца Слава Любарскі ўсклікнуў: «Якога х... судзьдзя задае тое самае пытаньне пяты раз?» Валеры Шчукін кажа, што для яго гэта быў цяжкі момант: рашэньне трэба было прыняць вельмі хутка, за паўсэкунды. Ён успомніў правіла перакладчыкаў: ніколі не зьмякчаць мову. І пераказаў пытаньне даслоўна.

Чатырнаццаць прысяжных, судзьдзі і ўсе прысутныя ў залі паглядзелі на яго са зьдзіўленьнем. Падумалі, мабыць, спачатку, што ў пачутым вінаваты перакладчык. Аднак пасьля паседжаньня судзьдзя падышоў да Валерыя Шчукіна і пахваліў за добрую працу. А Любарскі сваім воклічам нашкодзіў сабе.​

Валеры Шчукін
Валеры Шчукін

— Кожная этнічная група мае сваіх бандытаў. Вось толькі зь Беларусі не было. Хіба што адзінае выключэньне: Цімоха Гомельскі, які ў мінулым уваходзіў у бліжэйшае атачэньне Япончыка і нейкі час быў «смотрящим» за Беларусьсю і Нью-Ёркам. Яго некалькі гадоў таму застрэлілі ў Расеі. Але каго тут толькі не было.

Абавязак перакладчыка ў амэрыканскім судзе — перакласьці штосьці незразумелае зь іншай мовы на ангельскую, кажа Валеры Шчукін. Даводзіцца ўвесь час карыстацца слоўнікамі крымінальнага жаргону, аднак яны не заўсёды могуць дапамагчы, прызнаецца ён:

— На жаль, гэтыя слоўнікі даюць нармальны, літаратурны пераклад. Дапусьцім, слова «мусор» у слоўніку будзе — паліцыянт, міліцыянт, работнік праваахоўных органаў. Але ёсьць слова pig, сьвіньня, гэта на жаргоне азначае абразьліва «паліцыянт». «Пошел к мусорам» — «He went to the pigs». Слоўнікі, на жаль, не прыводзяць раўназначных словаў на ангельскай мове, якіх вельмі і вельмі мала.

Калі прыняць усю расейскую «феню» за сто працэнтаў, то ў ангельскай мове будзе ўсяго тры ці чатыры працэнты. Няма такой красамоўнай «фені», як у расейскай мове: ксіва, малява. Амэрыканскі жаргон вельмі прымітыўны. Такога «багацьця» ў амэрыканскім няма.

Валеры Шчукін (справа) у праграме пра крымінал на расейскамоўным канале ў Нью-Ёрку
Валеры Шчукін (справа) у праграме пра крымінал на расейскамоўным канале ў Нью-Ёрку

Валеры Шчукін адзначае, што пераклад многіх «паняцьцяў» — справа зусім няпростая.

— Нялёгка было перакласьці, напрыклад, такое паняцьце як «вор в законе». Я нават шукаў дапамогу на Брайтан-Біч у рэстарацыі, дзе бандыты з былога СССР зьбіраюцца. Я пытаўся ў іх, што значаць тыя або іншыя словы.

«Феня» — гэта як «рыфмаваны слэнг» лёнданскіх кокні, рэзюмуе Валеры Шчукін: вазакі ў Лёндане паміж сабой размаўлялі, і ўсім было зразумела, апроч паліцыянтаў. Што да мату, то падсудныя могуць карыстацца ім у турме, калі, напрыклад, апынуцца са сваімі. Але ніколі ў судзе. Бо ніхто ня хоча пагоршыць сваё становішча падчас працэсу, нашкодзіць самому сабе.

Папярэднія публікацыі

Моўная зона. Мова турмы — расейская

Зона сустрэч: пра «гэта» і ня толькі

Зона сустрэч: раманы і спатканьні

Агентурная зона

Зона Х. Пажыцьцёвае

Зона Х. Расстраляныя і нерасстраляныя

Зона падтрымкі

Наркаманская зона

Палітзона

Зона хвароб. Турэмная псыхіятрыя

Зона хвароб. Гінэкалёгія, інваліднасьць, сьмяротнасьць

Зона хвароб. Тэрапія, хірургія, стаматалёгія

Штрафная зона

Прамзона

Жылая зона

Дзіцячая зона

Жаночая зона

Мужчынская зона

Тэрыторыя эзкаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG