Урад Індыі зьвярнуўся да мэсэнджэра WhatsApp з просьбай прыняць меры для прадухіленьня распаўсюджваньня непраўдзівай інфармацыі і правакацыйнага кантэнту, які ня раз прыводзіў да лінчаваньняў і выпадкаў масавага зьбіцьця ў краіне.
Сёлета ў Індыі з прычыны хлусьлівых паведамленьняў аб выкрадальніках дзяцей больш за дзесяць чалавек былі жорстка зьбітыя, як мінімум трое загінулі.
1 ліпеня стала вядома аб масавым забойстве пяці чалавек. Іх таксама падазравалі ў крадзяжы дзяцей з прычыны паведамленьняў у мэсэнджэрах.
«Сур’ёзнае незадавальненьне падобнымі падзеямі было перададзена кіраўніцтву WhatsApp. Ім было рэкамэндавана прыняць неабходныя меры, каб выправіць становішча», — гаворыцца ў заяве IT-Міністэрства Індыі.
Кіраўніцтва WhatsApp адказала, што ня хоча, каб іх плятформа выкарыстоўвалася для распаўсюджваньня фэйкавай інфармацыі. Кампанія таксама прапанавала ўзнагароду для дасьледчыкаў, якія маглі б падзяліцца сваімі прапановамі па барацьбе з дэзінфармацыяй.
Раней кампанія WhatsApp паведаміла агенцтву Reuters, што навучае сваіх карыстальнікаў распазнаваць фэйкавыя навіны. Акрамя таго, мэсэнджэр тэстуе функцыю пазначэньня неарыгінальных перасыланых паведамленьняў, якія часта ўтрымліваюць хлусьлівую інфармацыю.