Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Як дзейнічаць, калі парваўся абутак, — інструкцыі няма». Чаму на парадзе маршыруюць басанож


Дзяўчаты-вайскоўцы ўдзельнічалі ў парадзе ўпершыню. Яны — прадстаўніцы Сіл спэцыяльных апэрацый, Войскаў сувязі, Ваенна-паветраных сіл, Вайсковай акадэміі, 72-га гвардзейскага Аб’яднанага вучэбнага цэнтру. Прыехалі ў Менск з усёй Беларусі і больш за месяц штодзень займаліся рэпэтыцыямі.

Патрабаваньні — рост ня меней за 175 см, стройны целасклад, узрост да 35 гадоў. Кіцель, белая кашуля, даволі кароткая спадніца вышэй за калена, стыльная пілётка (вытворчасьці фабрыкі галаўных убораў «Людміла») і чорныя туфлі на невысокім абцасе з раменьчыкам (вытворчасьці абутковай фабрыкі «Сівельга»).

Але на парадзе здарылася нечаканасьць, якую зафіксаваў фотакарэспандэнт агенцтва Reuters — перад трыбунай з кіраўніцтвам краіны адна дзяўчына шпацыравала басанож. Адна туфля, хутчэй за ўсё, саскочыла з нагі, як у казцы пра Папялушку, але дзяўчына ішла далей без абутку. Калі прыгледзецца да здымку, відаць, што над пяткай і яшчэ ў двух месцах на назе ў дзяўчыны налеплены плястыр.

Свабода пацікавілася ў кіраўніка прэс-службы Міністэрства абароны Ўладзімера Макарава, ці ёсьць у вайскоўцаў інструкцыі, як дзейнічаць у такой экстрэмальнай сытуацыі.

«Ніякіх адмысловых інструкцый няма. Але дзяўчына — малайчына. Усе прайшло прыстойна, як і павінна быць», — сказаў палкоўнік Макараў і пажартаваў, што можна хадайнічаць аб узнагародзе для дзяўчыны.

На прадпрыемстве «Сівельга» не змаглі патлумачыць, чаму абутак ня вытрымаў нагрузкі ў самы адказны момант — спаслаліся на тое, што генэральнага дырэктара няма на месцы. Ён ад раніцы на «важнай нарадзе».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG