Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хапун замест «Акцыі вызваленьня і салідарнасьці» Статкевіча. ФОТА І ВІДЭА

абноўлена

Адзін зь лідэраў апазыцыі Мікола Статкевіч заклікаў прыйсьці на несанкцыянаваную «Акцыю вызваленьня і салідарнасьці» 3 ліпеня а 13 гадзіне на праспэкт Незалежнасьці каля бульвару Талбухіна. Яго затрымалі, як толькі ён выйшаў з дому. Таксама каля ўласнага дому затрымалі Вячаслава Сіўчыка.

Ня менш за два дзясяткі людзей, якія маглі ўзяць удзел у акцыі, «людзі ў цывільным» затрымлівалі на падыходзе да бульвару. Толькі некалькі пасьпелі разгарнуць плякаты (у тым ліку некалькі з цытатамі Аляксандра Лукашэнкі наконт нацысцкай Нямеччыны і Адольфа Гітлера).

Асьцярожна, падчас затрыманьня «людзі ў цывільным» лаяліся матам.

У ліку затрыманых Максім Вінярскі, Аляксандар Абрамовіч, Валянцін Троцкі, Ніна Багінская і Сяргей Спарыш — апошні падчас затрыманьня крычаў «Сьмерць фашызму» і «Гітлер капут». Паводле каардынатаркі руху «Разам»​ Алены Талстой, разам зь ёй у Першамайскім РУУС сталіцы знаходзяцца 24 чалавекі. Затрыманыя таксама пяць назіральнікаў «Вясны» і БХК. Забіралі ў тым ліку людзей, якія давалі інтэрвію карэспандэнту Свабоды.

Абноўлена ў 17:00. Затрыманыя на бульвары Талбухіна актывісты знаходзяцца ў Першамайскім РУУС. Пра гэта карэспандэнту Свабоды стала вядома ад дзяжурнага супрацоўніка РУУС. «Іх разьвялі па кібінетах. Калі адпусьцяць і што зь імі будзе, мне невядома», — сказаў дзяжурны. Усяго, паводле праваабаронцаў зь «Вясны», у Першамайскім РУУС цяпер знаходязцца 6 назіральнікаў і каля 20 актывістаў.

Абноўлена ў 20:00. Затрыманых адпусьцілі амаль усіх. Жонцы Статкевіча ў міліцыі паведамілі, што да суду яе мужа адправілі ў Цэнтар ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсьціна. Паводле ўдзельніцы Руху Салідарнасьці «Разам» Алены Талстой, на Акрэсьціна адвезьлі таксама Вячаслава Сіўчыка і Максіма Вінярскага. Стала вядома, што ў ізалятары часовага ўтрыманьня Менскага раёну знаходзіцца старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, які ня браў удзелу ў акцыі і быў затрыманы па дарозе ў аэрапорт.

Статкевіч прапаноўваў як адсьвяткаваць гадавіну вызваленьня Менску ад нямецкіх войскаў савецкімі войскамі ў час Другой усясьветнай вайны (у Беларусі афіцыйна адзначаецца як Дзень Незалежнасьці), так і «выказаць салідарнасьць з тымі, хто цяпер змагаецца за вызваленьне краіны ад улады прыхільніка Гітлера».

Ён і ягоныя паплечнікі згадваюць, што Лукашэнка казаў у 1995 годзе: «Нямецкі парадак фармаваўся стагодзьдзямі, пры Гітлеры гэтае фармаваньне дасягнула найвышэйшай кропкі, гэта тое, што адпавядае нашаму разуменьню прэзыдэнцкай рэспублікі і ролі ў ёй прэзыдэнта».

Напярэдадні акцыі Статкевіч пісаў, што можа і не дабрацца да яе, бо пад вокнамі ягонага дому дзяжурыць машына зь «людзьмі ў цывільным».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG