У сэрыі «Бібліятэка Свабоды» выйшла кніга Алены Струвэ «Турма, мужчына і жанчына. Як сядзяць у сучаснай Беларусі». Публікуем фрагмэнты гэтай кнігі. Сёньня разьдзел «Агентурная зона»: Каго і як схіляюць «стукаць» МУС ды КДБ? «Стукацтва» як норма турэмнага супольніцтва. Жанчыны-«наседкі».
АГЕНТУРНАЯ ЗОНА
Зэкі кажуць, што самае цяжкае ў зоне — не «стучать». «Выхаваўчая» сыстэма за кратамі выбудаваная так, каб зацікавіць вязьня супрацоўнічаць з адміністрацыяй у якасьці інфарматара.
Як адбываецца вэрбаваньне за кратамі? У чым адрозьненьне паміж агентамі і «стукачамі»? Чаму зьняволеныя пагаджаюцца быць інфарматарамі? Якія бонусы атрымліваюць яны за сваю дзейнасьць?
Каго і як схіляюць «стукаць» МУС ды КДБ?
Сябра анархісцкага руху Ігар Аліневіч, які адседзеў у няволі пяць гадоў, спрабуе наўскідку сказаць, які працэнт інфарматараў сёньня за кратамі. Калі ўзяць зону, то гэта, на яго думку, недзе 50/50. Ад старых вязьняў, зь якімі сутыкаўся ў Наваполацку ды на «Віцьбе», Ігар чуў, што пры Саветах на кожны барак (100–200 асуджаных) прыпадала па некалькі стукачоў. За дваццаць гадоў лічба ўзрасла ў разы.
Ня менш іх сёньня і на волі, адзначае былы палітвязень.
Ад Ігара Аліневіча
Ігар Аліневіч трапіў за краты па «наводцы» свайго паплечніка, якому на той час вельмі давяраў.
— У верасьні 2010-га беларускія сілавікі затрымалі шэраг анархістаў. Супрацоўніцтва прапаноўвалі многім. Антон пагадзіўся. Праз тры месяцы, калі я быў у Маскве, яго паслалі на сустрэчу са мной.
Аліневіча затрымалі ў маскоўскім гандлёвым цэнтры людзі ў масках. Потым была экстрадыцыя ў Менск, СІЗА КДБ, папраўчыя калёніі ў Наваполацку і Віцебску.
Супрацоўніцтва, паводле яго, прапаноўвалі ажно дзьве спэцслужбы. Спачатку КДБ, потым — МУС. Глыбокага адрозьненьня паміж гэтымі дзьвюма структурамі ён ня бачыць:
— Розьніцца толькі спэцыфіка кампрамату, а сутнасьць адна — паставіць пад сумнеў рэпутацыю чалавека ў ягоным асяродзьдзі.
У «Амэрыканцы» мне прапаноўвалі застацца ў іх і папрацаваць на КДБ у якасьці хакера. Гэта пры тым, што я нават не валодаў такімі навыкамі. Як прыклад прыводзілі праўрадавых хакераў Кітаю. Я ня стаў нават пытацца, чаго менавіта яны хацелі — ламаць сайты палітычных рухаў, шпіёніць за людзьмі ці змагацца зь дзіцячай парнаграфіяй у інтэрнэце. Якімі б высакароднымі матывамі яны ні кіраваліся, зьвязвацца з чэкістамі — гэта сабе на пагібель.
Дый пра якую барацьбу са злом зь іх боку можа ісьці гаворка? Возьмем «справу 17-ці», калі КДБ і УБАЗ некалькі гадоў служылі «дахам» для распаўсюду наркотыкаў. Ці можна ў такім выпадку разам з гэтымі структурамі змагацца супраць гэтага або якога іншага зла?
Пасьля СІЗА, гэта было ў наваполацкай ПК-10, Аліневічу прапаноўвалі стаць кашталянам вытворчай зоны, або, як называюць гэтую пасаду зэкі, «галоўказлом промкі». Праўда, у апошнім месцы зьняволеньня, калёніі «Віцьба», яму, як ён кажа, ужо нічога не прапаноўвалі.
— У «Амэрыканцы» разам са мной у камэры былі дакладна дзьве «наседкі». Чалавек сталага веку Ўладзімер, пра якога было вядома, што ён чыноўнік з Магілёва. Ён вельмі стараўся, задаваў пытаньні як мог, у лоб, што выклікала толькі ўсьмешку і пачуцьцё суму. Гэтага немаладога чалавека было шкада. Хутчэй за ўсё апэратыўнікам удалося ўвесьці яму ў вушы, што ён ніякі не крымінальнік, а нармальны грамадзянін, які крыху заблытаўся, а таму ягоны абавязак — дапамагчы органам. Магчыма, паабяцалі зьмякчыць прысуд.
Іншым, куды больш дасьведчаным сексотам быў Максім Н. Той нічога не выпытваў, паводзіў сябе асьцярожна. Што ён сексот, я даведаўся толькі гады праз чатыры, калі ў калёнію пасьля «Амэрыканкі» прыбыў адзін хлопец. Аказваецца, ён сядзеў разам з Максімам. Толькі тады яго ўжо клікалі Андрэем.
Гэты новы хлопец расказаў, што западозрыў у сваім сукамэрніку даносчыка і дзеля праверкі неяк мімаходзь абмовіўся, што ў перадачы для яго будзе схаванае ў цыгарэтах нейкае забароненае рэчыва. У выніку цыгарэты прыйшлі разламанымі. Такім чынам Максіма, ён жа Андрэй, вывелі на чыстую ваду.
Аліневіч прыгадвае, што толькі на зоне ён пачаў разумець розныя дэталі ў паводзінах Максіма-Андрэя. Напрыклад, сукамэрнік увесь час пісаў нібыта лісты, прычым нашмат больш, чым атрымліваў. Хутчэй за ўсё потым, ідучы, напрыклад, у санчастку, ён перадаваў іх куратару.
— Каб схіліць чалавека даносіць на іншых, опэры ўжываюць розныя падыходы, арыентуючыся на яго магчымыя псыхалягічныя асаблівасьці. Шмат хто зь сядзельцаў на зоне — звычайныя слабыя людзі, якія ня могуць адмовіць мацнейшым. Такіх цкуюць, палохаюць праблемамі за кратамі, і многія не вытрымліваюць. Тым ня менш эфэкт ад працы такіх стукачоў вельмі малы, бо страх ня можа быць трывалым матыватарам. Звычайна такі чалавек трымае злосьць на тых, хто прымушае яго да неўласьцівых рэчаў. Проста пачынае ўтойваць інфармацыю.
Другая катэгорыя сексотаў — людзі хітрыя ды мэркантыльныя. Яны ідуць на супрацоўніцтва дзеля ўласнай выгады, напрыклад, умоўна-датэрміновага, або каб мець на зоне «дах» для свайго неафіцыйнага бізнэсу — продажу тэлефонаў, наркотыкаў і г. д. Такія сексоты могуць нават трапіць у штрафны ізалятар, але наступствы для іх заўсёды будуць мяккія.
Аднак самыя прафэсійныя агенты — тыя, якія «стукаюць» паводле «прызваньня». Іх караюць ШЫЗА і ПКТ, нават пасылаюць са спэцыяльным заданьнем на «крытку». Такі «ідэйны» можа пакутаваць больш, чым іншы «блатны», абы легенда была рэалістычная.
Гэта людзі кшталту нашага земляка, ураджэнца Горадзеншчыны, агента царскай «ахранкі» Еўна Азэфа. Яны — асы сваёй справы, і часам незразумела, хто кім кіруе: ці то спэцслужбы імі, ці яны спэцслужбамі.
Дарэчы, мне даводзілася сутыкацца з выпадкамі, калі зэк — памочнік опэра — быў нашмат больш таленавіты за самога опэра.
А ўвогуле, як стукача ні назаві, ён усё роўна падлюга і нягоднік.
«Стукацтва» як норма турэмнага супольніцтва
Беларускі крымінальнік-рэцыдывіст Зьміцер Вольны перакананы, што «стукацтва» — гэта норма любога турэмнага супольніцтва.
Ад Зьмітра Вольнага
— Што тычыцца мяне, то мне прапаноўвалі «стукаць» яшчэ ў міліцэйскім пастарунку, у працэсе сьледзтва. Прапаноўвалі адкрытым тэкстам: раскажы пра Л., пра Н., пра Д., што ты думаеш пра іх, чым займаюцца; можа, чуў нешта пра іхныя крымінальныя сувязі. Але так, здаецца, усім падчас допытаў кажуць. У турме і на зоне такіх прапановаў не было.
Думаю, яны самі бачаць, каму можна прапаноўваць, а каму — не. Па сутнасьці, у сваёй апэратыўнай працы міліцыянты за кошт стукачоў і вылазяць.
Асабліва шмат стукачоў у сьледчых камэрах, зазначае Зьміцер.
— Звычайна ўсе гэтыя мярзотнікі карыстаюцца момантам, што чалавек, калі трапляе у камэру, асабліва ўпершыню, слаба ўсьведамляе, што зь ім здарылася. У любым выпадку трэба памятаць пра тое, што маўчаньне — золата.
Тых, хто «стукае», хапае як у кожнай турэмнай камэры, так і ў кожным кубрыку калёніі. Там бражку паставілі, дзірку ў сьцяне зрабілі, каб дарога (для турэмнай пошты) паміж камэрамі была, а не праз акно, бо так больш бясьпечна. Ахоўнікі ўсё ведаюць пра гэта. На нешта рэагуюць, а на нешта заплюшчваюць вочы.
Найлягчэй, распавядае Зьміцер, вылічыць «наседку» на зоне або ў турме, найцяжэй у СІЗА. Напрыклад, асуджаны на зоне, які ўвесь час бегае да апэратыўніка, не застаецца незаўважаным. Яшчэ больш празрыстая сытуацыя на так званай «крытцы». Там кожны перамяшчаецца, што называецца, «па вызначаным маршруце», а таму кожнае адхіленьне (новы чалавек, прыезд да кагосьці адваката, канфлікт у камэры, дзіўныя паводзіны сукамэрнікаў) — навідавоку, і на ўсё гэта зьвяртаюць увагу.
Стукача, які мае турэмны рэжым, аднак пры гэтым застаўся сядзець у СІЗА, выявіць цяжка. І ў Магілёве, і ў Горадні турма і сьледчы ізалятар знаходзяцца на адной тэрыторыі. У СІЗА пастаянны рух, зьмена людзей, паходы да сьледчага, адваката, кароткія спатканьні і г. д. Адсачыць, хто да каго і як часта ходзіць, практычна немагчыма. Адміністрацыя, дазваляючы свайму чалавеку адбываць прысуд менавіта ва ўмовах сьледчага ізалятару, сьвядома ідзе на парушэньне. Да таго ж такога вязьня ў далейшым могуць чакаць самыя сур’ёзныя санкцыі з боку сваіх жа крымінальнікаў.
Многія былыя, якія вызваліліся значна пазьней за Зьмітра, кажуць, што стукацтва на зоне квітнее ўсё больш.
Жанчыны-«наседкі»
Журналістку Ірыну Халіп разам зь яе мужам, былым кандыдатам на прэыздэнта Андрэем Саньнікавым, затрымалі ў ноч з 19 на 20 сьнежня 2010 году пасьля ўдзелу ў несанкцыянаванай дэманстрацыі супраць вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў. Некалькі месяцаў яна правяла ў СІЗА КДБ па абвінавачаньні ў арганізацыі масавых беспарадкаў.
Паводле яе, «наседкі» былі ў дзьвюх жаночых камэрах. Іхны ўзровень нярэдка выклікаў, мякка кажучы, усьмешку.
У сваім «Дзёньніку зэчкі» журналістка згадвае, што абедзьвюх «падсадных качак» арыштанткі вылічылі хутка.
«Наседка», якая сядзела ў адной камэры з Ірынай Халіп ды галоўнай рэдактаркай сайту «Charter’97» Натальляй Радзінай, была «моцная цётка гадоў шасьцідзесяці ў норкавым футры і шапцы», якіх не здымала нават падчас сну. Дарэчы, канваіры загадзя перад яе прыходам загадалі вызваліць для яе ніжні ложак. Жанчына прадставілася Таняй Івановай, расказвала, што сярод дэманстрантаў апынулася выпадкова, пасьля вячэры ў рэстарацыі. Калі Таня ўзгадвала ў размовах сваё былое жыцьцё працаўніцы савецкага гандлю, яна прагаворвалася і называла сваё сапраўднае імя.
Другая падсадная — яе кінулі ў камэру да намесьніцы старшыні «Маладога Фронту» Насты Палажанкі, таксама арыштаванай за Плошчу-2010 — была «бяззубая Галюня, якая распавядала, што зубы яна страціла ў Гомельскай калёніі, зь якой нядаўна вызвалілася. А на Плошчу прыйшла, як водзіцца, выпадкова і здымала тое, што адбываецца, на мабільны тэлефон, так і апынулася ў СІЗА КДБ».
Цягам тыдня «Таня» ды «Галюня» рабілі спробы вывесьці «палітычных» на размову аб падзеях 19 сьнежня, але сукамэрніцы «кожны раз абяцалі, што сьледзтва ва ўсім разьбярэцца, і размова так і не атрымлівалася. Калі іх вызвалілі, мы выказалі здагадку, што дамы, атрымаўшы свой сьціплы ганарар, ужо стаяць у чарзе па сьпіртное, каб адзначыць выкананьне заданьня».
Часам «наседку» можна вылічыць, а часам і не, мяркуе былая зьняволеная Ала Л. Падчас сьледзтва яна ўтрымлівалася ў СІЗА МУС на «Валадарцы», а пасьля суду — у гомельскай калёніі. Улічваючы спэцыфіку тэмы, жанчына просіць не называць яе сапраўднае імя, а таксама артыкул.
Ад Алы Л.
Ала кажа, што ў калёніі, паводле яе адчуваньняў, магла «стукаць» палова зэчак. Але гэта ў цяперашніх традыцыях, што ў турме, тое і на волі. Тым больш сярод жанчын. Жанчыны — істоты гаваркія, а таму могуць здаць нават не наўмысна, а «па прастаце душэўнай», усьміхаецца яна.
— Усіх «шасьцёрак» на зоне і ў камэрах СІЗА ведаюць так званыя «старшыя», якія сочаць за парадкам. Адна з задач старшай — падсяліць новую арыштантку бліжэй да той, якая можа выцягнуць зь яе для опэраў максымум інфармацыі.
Разьлік робіцца на тое, што паміж суседкамі найчасьцей узьнікаюць кантакт і больш-менш даверлівыя стасункі. Новенькая пакрысе сама шмат выбалботвае пра сябе. Большасьці першаходак вельмі хочацца зь некім падзяліцца, а гэтага рабіць ня варта. Нават, калі ты і давяраеш некаму.
Жанчына кажа, што аднойчы і сама атрымала прапанову аб адпаведных паслугах з боку адміністрацыі. Выглядала ўсё вельмі ненадакучліва: а як вам сядзіцца, а як дзяўчаты, а як А, а як Б? Пыталіся не пра ўсіх, а пра асобаў моцных, харызматычных, якія былі ў стане паўплываць на іншых. Ала, паводле яе, рабіла выгляд, што не разумее, пра што гаворка. І потым зь ёй быццам бы да гэтай тэмы не вярталіся.
Жанчына чула, што нібыта паміж добраахвотніцай і адміністрацыяй падпісваецца нейкая папера, хутчэй неафіцыйная. Для заказчыкаў яна істотнай ролі не адыгрывае. А вось калі пра паперку стане вядома іншым сядзельцам, праблемы ў стукачкі будуць.
І на зоне, і ў СІЗА, паводле Алы, вельмі выдзялялася катэгорыя асуджаных за махлярства ды крадзеж у дзяржавы ў асабліва буйных памерах. «Адукаваныя, багатыя, паводзілі сябе як гаспадыні жыцьця. На ўсю моц супрацоўнічалі з адміністрацыяй. Спробы паставіць іх на месца мелі непажаданыя наступствы. Карцар, ШЫЗА, спагнаньне за парушэньне правілаў утрыманьня за кратамі».
Далей ў разьдзеле «Агентурная зона»: Чалавек, які шмат ведаў. Добрых агентаў берагуць. «Гвалтоўна не вэрбуем». На чым трымаецца агентурная праца. Апэратыўнікі і апэратыўніцы ў СІЗА. Аб чым папярэджвае былы вэрбоўшчык.
Замовіць кнігу Алены Струвэ «Турма, мужчына і жанчына. Як сядзяць у сучаснай Беларусі» можна ТУТ.
Папярэднія публікацыі
Зона Х. Пажыцьцёвае
Зона Х. Расстраляныя і нерасстраляныя
Зона хвароб. Турэмная псыхіятрыя
Зона хвароб. Гінэкалёгія, інваліднасьць, сьмяротнасьць