Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менск у ліку самых танных сталіц па кошце жыцьця. Інфаграфіка


Міжнароднае агенцтва Mercer апублікавала дасьледаваньне адносна кошту жыцьця ў 209 сталіцах па ўсім сьвеце.

Паводле экспэртаў, рэйтынг самых дарагіх гарадоў узначальвае Ганконг, далей ідуць Токіё, Цюрых, Сынгапур, Сэул. У першай дваццатцы таксама Масква — 17-е месца.

Менск апынуўся ў самым канцы сьпісу, на 202-й пазыцыі. Таньней жыць толькі ў сямі сталіцах, уключна з постсавецкімі Ташкентам, Бішкекам, Тбілісі.

Такія высновы пацьвярджаюцца і іншымі дадзенымі. За тыдзень да гэтага партал Numbeo прааналізаваў кошт жыцьця больш як у паўтысячы гарадоў, і Менск таксама апынуўся ў ліку самых прывабных для жыхароў і гасьцей — 461 месца. Для параўнаньня, Вільня — на 336-м, Масква — на 372-м, Варшава — на 377-м. Яшчэ таньней у Кіеве — 490-я пазыцыя. Кожны горад ацэньваўся па некалькіх парамэтрах-індэксах, за 100% узяты кошт жыцьця ў Нью-Ёрку.

Даражэй за ўсё жыць у Менску, таньней за ўсё — на Берасьцейшчыне

Варта адзначыць, што ў розных рэгіёнах Беларусі ўзровень жыцьця не істотна, але адрозьніваецца. Урадам вызначаны мінімальны набор прадуктаў, неабходны для жыцьцядзейнасьці беларуса — так званы спажывецкі кошык.

Яго напаўняльнасьць розная для дзяцей, пэнсіянэраў, працаздольных ды іншых катэгорый. Напрыклад, месячны паёк здаровага дарослага чалавека ўключае больш за чатыры дзясяткі прадуктовых найменьняў, расьпісаных да грамаў.

Нягледзячы на агульныя нарматывы, цэны на тавары са спажывецкага кошыка адрозьніваюцца па рэгіёнах.

Даражэй за ўсё пражыць працаздольнаму чалавеку ў Менску — амаль 165 рублёў на месяц. Тут самая дарагая ялавічына, яйкі, мука, маргарын, жывёльны тлушч, сухафрукты ды іншыя пазыцыі.

Таньнейшы за ўсё спажывецкі кошык на Берасьцейшчыне — прыкладна 150 рублёў на месяц. Тут найбольш таннае курынае мяса, масла, сухафрукты.

Паміж імі ўмясьціліся ўсе астатнія. Магілёўская вобласьць — 161 рубель, Віцебская — 159 рублёў, Менская — 157 рублёў, Гомельская — 154 рублёў, Гарадзенская — 154 рублі.

Зь іншага боку, калі суаднесьці харчовы кошык зь сярэднім заробкам, дык, аб’ектыўна кажучы, Менск (926 рублёў) выйдзе не такім ужо і дарагім горадам, а Берасьцейская вобласьць (784 рублі) — ня самым танным рэгіёнам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG