Як паведаміў Павал Севярынец, адзін з удзельнікаў акцыі абароны Курататаў, актывісты выпрацавалі супольную пазыцыю па перамовах з уласьнікамі рэстарацыі ля ахоўнай зоны мэмарыялу.
«Прадстаўнікі абаронцаў Курапатаў гатовыя сустрэцца з уладальнікамі рэстаранна-забаўляльнага комплексу 27 чэрвеня а 10.00 на пляцоўцы парталу TUT.BY. Наша ўзгодненая пазыцыя:
- Спыненьне працы рэстарацыі.
- Незалежнае грамадзкае расьсьледаваньне абставінаў будаўніцтва з удзелам усіх зацікаўленых бакоў.
- Выкуп рэстарацыі грамадзкасьцю непрымальны», — паведаміў Севярынец у Фэйсбуку.
Подпісы пад заявай паставілі Марат Гаравы, Зьміцер Дашкевіч, Рыгор Кастусёў, Алег Корбан, Вольга Мікалайчык, Эдуард Пальчыс, Павел Севярынец, Вячаслаў Сіўчык і Ганна Шапуцька.
Што важна ведаць: пратэсты супраць новай рэстарацыі ў Курапатах
- Рэстаран «Поедем поедим» у Курапатах меркавана запрацаваў увечары 5 чэрвеня.
- Грамадзкія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы закрыцьця рэстарацыі.
- 1 чэрвеня рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце.
- 28 траўня карэспандэнт Свабоды трапіў на тэрыторыю комплексу, дзе пабачыў падрыхтоўку да хуткага адкрыцьця рэстарацыі.
- Адрас рэстарацыі супадае з адрасам ТАА «Амізбел», якое было створана кампаніяй «Белноватэкс груп». Апошняя валодае шэрагам фэшэнэбэльных рэстаранаў у Менску.
- Рэстарацыя стаіць за 50 мэтраў ад месца, дзе ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
- Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2010 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі. Гісторыя будаўніцтва і змаганьня тут.
- Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.
Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты
У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што іх зазналі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладная колькасьць невядомая — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы. Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 гады ў Курапатах — лясным масіве пад Менскам.