Лінкі ўнівэрсальнага доступу

9 ролікаў ад менскай рэклямніцы і заўзятаркі аб прыгожым, цікавым і палкім футболе


Культ футболу — гэта больш, чым гульня, гэта трохі рэлігія, гэта захапленьне і запал, кажа рэклямная кансультантка і зацятая футбольная заўзятарка Юлія Ляшкевіч. Адмыслова для Свабоды яна выбрала дзевяць рэклямных ролікаў, якія, апрача рэклямных брэндаў, прадаюць гледачу прыгажосьць футболу.

Ня рэдка ў адрас футбалістаў гучаць папрокі, што гульня сёньня ператварылася ў бізнэс, а самі футбалісты сталі мільянэрамі, якія бегаюць за мячыкам па полі. Сёньня нават рэклямныя ролікі зборных рэклямуюць папулярныя брэнды. Многія зь іх набіраюць сотні мільёнаў праглядаў. Юля Ляшкевіч называе гэта ўзаемавыгадным абменам і лічыць, што яны ня менш, чым брэнд, папулярызуюць футбол.

— Гэтыя ролікі паказваюць, наколькі футбол прыгожая, цікавая і палкая гульня. І нават тыя людзі, якія ў жыцьці, можа, і не глядзяць футбол, паддаюцца ўсеагульнай эўфарыі. Рэкляма вельмі важная для разьвіцьця і папулярызацыі футболу і любога віду спорту. Калі ў футбол укладаецца больш грошай, то больш выдаткоўваецца на кантракты, і гэта прыносіць большы прыбытак клюбам. А гэта ўзаемавыгадны абмен, і адно без другога ня існуе, — гаворыць рэклямная кансультантка Юля Ляшкевіч.

«Ролік, у якім вы ператвараецеся ў Раналду»

— Гэты ролік зьняў Гай Рычы. Ён цікавы сваім наватарскім падыходам, які потым шмат разоў выкарыстоўвалі. Ролік зьняты вачыма чалавека, які глядзіць на футбольнае поле. На той час гэта быў вельмі арыгінальны падыход з выкарыстаньнем камэры Go Pro. Цікава, што гэта ролік пра Раналду, а мы яго бачым толькі імгненьне ў канцы. Гэта цікавы ход чыста камэрцыйна, бо гэта вялікая эканомія на прысутнасьці зоркі. Але акрамя таго, гэта проста цікава. Бо вы самі ператвараецеся ў Раналду і бегаеце па полі разам зь ім. Сёньня чалавека цяжка прымусіць паглядзець нават 30-сэкундны ролік. А гэты ролік працягласьцю больш за 3 хвіліны паглядзелі мільёны.

«Трошкі як комікс і маленькі анэкдот»

— Гэта рэкляма Pepsi. Яна з тых часоў, калі ў гэтага напою была зацятая бойка з Coca-Cola. Мне вельмі спадабаўся іх падыход. Гэта неабавязкова адбываецца на полі. Яны ўзялі розных гульцоў, перанесьлі іх у розныя эпохі, бо гэты ролік мае працяг. Гэта трошкі як комікс і маленькі анэкдот. Мне заўсёды падабаўся Бэкхэм за тое, што ён умее пасьмяяцца над сабою. Гэта іранічныя ролікі. І брэнд паказаў, што яны сьмешныя, сьвежыя. Марка прадае ня толькі тавар, але дух, імідж і стыль жыцьця.

«Многія забываюць, што футбол — вельмі разумная гульня»

— Гэта геніяльны ролік. Гэта міні-сага, якую людзі глядзяць неадрыўна. Там проста цудоўны сюжэт: калі ты ўпарты, ты ўсё ж станеш зоркай. Раналду мяняецца целамі зь невядомым хлопчыкам і пачынае з самага нізу. Ён трапляе каманду, якая дапамагае яму выстаяць і пайсьці. Раналду ў целе хлопчыка празь цярплівасьць і ўменьне ідзе да свайго. Тут паказваецца і важнасьць у футболе фізыкі і цела, да якога потым стыкуецца мозг, і яны разьвіваюцца разам, а таксама важнасьць галавы. Многія забываюць, што футбол — вельмі разумная гульня, калі тваё цела яшчэ не натрэнаванае, але ты ведаеш, як дзейнічаць на полі. Гэта дзьве дасканаласьці. Пра Раналду кажуць, што ён вельмі добра разумее сваё цела. Ён умее тонка зь ім працаваць. Ён не разьлічвае толькі на прыроду, а ён праграмуе цела на вынік. І гэты шасьціхвілінны ролік, дарэчы, паказвае, што Раналду някепскі актор. Калі вы пасядзіце з алоўкам, каб палічыць, колькі разоў там мільгануў лягатып, то выявіцца, што гэта ня так мала, як вам магло здацца напачатку.

«Ролікі прасоўваюць нават не індустрыі, а цэлыя трэнды»

— У той час гэта была новая форма. Цяпер час ідзе хутчэй і прыдумляюць шмат новага. Але тады быў зорны час Pixar. Гэта рабілася для пэўнай аўдыторыі, якой падабаецца такая форма. Яна тут мае вялікае значэньне. Як ролікі на Супэр-кубку ў Амэрыцы, так і футбольныя вельмі важныя тым, што прасоўваюць нават не індустрыі, а цэлыя трэнды. Калі шмат гадоў таму ўводзілі новы фармат тэлевізіі, многія вытворцы ня сталі рабіць гэта раней, а аб’ядналіся, каб разам пачаць прасоўваць яго на чэмпіянаце сьвету. Бо так эканамічна эфэктыўна.

«Калі я ўбачыла яго першы раз, то проста ашалела»

— Вельмі часта кажуць, што футбол — гэта глядыятарскія баі. Тут аналёгія з рыцарскімі спаборніцтвамі. Гэта вялікая бітва народаў. Гэтыя рыцары, якія зьмяталі Эўропу, калі пачыналіся перамяшчэньні людзей. Там шыкоўная канцоўка, апошні кадар, калі яны застываюць у выглядзе велізарнай карціны. Гэта проста неверагодна. Калі я ўбачыла яго першы раз, то проста ашалела. Выкарыстаньне жэстаў, абсалютна не ўласьцівых для нашай эпохі, і выкарыстаньне іх у кантэксьце нашых людзей, гэта было вельмі клясна. Нядаўна нешта падобнае зрабіў «Ювэнтус», якія паказаў сваіх гульцоў у выглядзе старых карцінаў, як герояў антычнасьці. Калі да нас прыяжджалі хлопцы, якія прымалі ўдзел у «Vulicy Brasil», яны расказвалі, як яны выкарысталі вялікія маркі і абыгралі вялікія лягатыпы, прыцягваючы гэтым да сябе ўвагу. Але камэрцыйная індустрыя тым і цудоўная, што яна выкарыстае і цябе. У 2006 годзе брэнды ў сваю чаргу выкарысталі стылістыку муралаў, каб паўсюль па Бэрліне намаляваць вялікіх гульцоў. Гэта была трагічна патасная стылістыка.

«Гульня пачынаецца да гульні»

— Нядаўна ў інтэрнэце можна было пабачыць ролік Ісьляндыі. Гэта набор вельмі прыгожых кадраў, але там шмат штампаў. І тут таксама мы бачым адну лінію — размову бацькі Нэймара, які, як вядома, шмат у чым яму дапамог. Мы бачым шмат заўзятараў, пасы, эпічнае палатно. Гэта патасны ролік. Ён вельмі прыгожы, з прыгожай музыкай. Музыка працуе моцна, разьвівае гэтую гісторыю пра гульню да гульні. Ёсьць такая гісторыя, што калі пачала разгортвацца гісторыя з мэтрасэксуаламі, то самым папулярным зь іх быў Бэкхэм. Быў такі момант, калі ён выйшаў з нафарбаванымі пазногцямі на руках. Усе тады зь яго зьдзекаваліся. Але потым выйшаў цудоўны артыкул. Адзін спартовы журналіст прыехаў да яго дадому. І калі Бэкхэм выйшаў з босымі нагамі, то журналіст пабачыў чорныя пазногці. Ён кожны дзень так трэнуецца, што зьбівае пазногці да чарнаты. І вось тут той момант гульні да гульні. Гэта больш, чым выйшаў і адпрацаваў. Гэта дух. Гульня пачынаецца да гульні. Гэта вельмі моцная рэкляма.

«Ібрагімавіч кажа, што я нясу імя кожнага з вас на сваім целе»

— У роліка Ібргагімавіча цікавая гісторыя. Яна ўжо ня першая. Упершыню гэта было выкарыстана ў рэгбі. Гульцы каманды адной з камандаў дадалі сваю кроў у фарбу, якою потым былі надрукаваныя нумарныя календары зь іхнымі выявамі. А потым была іншая гісторыя. Ты мог зайсьці на сайт, напісаць сваё імя і імёны, і з дапамогай нанатэхналёгіяў яны наносіліся на ніткі, зь якіх былі зробленыя майкі, у якіх выступалі гульцы. Па сутнасьці, гэта працяг той традыцыі. Ібрагімавіч кажа, што я нясу імя кожнага з вас на сваім целе. Ібрагімавіч — гэта чалавек, які вельмі любіць сябе, і гэта цэлы культ для яго. Гэта частка ягонага іміджу. І калі ён выходзіць на поле і кажа, што імя кожнага з вас на маёй скуры, то гэта вельмі прыгожая ідэя.

«У Эгіпце праблема, як і ў нас»

— Гэта найцудоўнейшы ролік. У Эгіпце была праблема. Іх каманда доўга гуляла так-сяк. І вось яна пачала гуляць добра, і пачынаўся нейкі кубак або чэмпіянат сьвету. А ў краіне ня ўсе ведаюць, як завуць гульцоў зборнай. Праблема, як і ў нас. І што яны робяць? Яны бяруць дзіцячую песьню і рыфмуюць імёны ўсіх футбалістаў з тымі функцыямі, якія яны выконваюць на полі. І ўся песьня такая: вось такі і такі стаіць на браме, а вось той нападнік. Гэта песьня для таго, каб людзі запомнілі гульцоў.

«Найлепшы ролік усіх часоў і народаў»

— Гэта самы лепшы ролік усіх часоў і народаў. Сілы зла прыйшлі на зямлю, каб зьнішчыць гульню. Такіх ролікаў яшчэ не было. Гэта цяпер мы прызвычаіліся да вялізных і маштабных ролікаў. Гэты ролік здымаўся не ў часы лічбавай эпохі, гэта ўсё рабілася на стужку. Гэта вялікая пастановачная гісторыя. Гэта адзін з тых ролікаў, якія мяняюць індустрыю. Каля 3 мільярдаў чалавек паглядзяць гэты чэмпіянат. Гэта палова насельніцтва зямлі. Гэта вялізная энэргетыка. Людзі вар’яцеюць. І тут паказана, што такое гульня. Цудоўная драматургія.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG