Адзін з актыўных удзельнікаў абароны ўрочышча Курапаты Аляксей Туровіч быў адпушчаны зь міліцыі пасьля складаньня трох пратаколаў.
Аляксея Туровіча затрымалі 12 чэрвеня каля 20-ай гадзіны на выхадзе з Курапатаў, на вуліцы Карбышава, зацягнулі ў міліцэйскую машыну і павезьлі ў пастарунак. Пры гэтым супрацоўнікі міліцыі не патлумачылі прычыну затрыманьня.
Актывіста даставілі ў Бараўлянскі аддзел міліцыі Менскага РУУС, дзе абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве, дробным хуліганстве і перашкодзе працы грамадзкай установы. У міліцыі Туровіч правёў некалькі гадзін.
Як адзначыў рэжысэр у камэнтары для Свабоды, міліцыянты абыходзіліся зь ім досыць груба: за тое, што Туровіч упарта маўчаў, ігнаруючы пытаньні праваахоўнікаў, адзін з усёй моцы ўдарыў яго па назе.
Нягледзячы на затрыманьне, Аляксей Туровіч мае намер працягнуць удзел у пратэстах супраць дзейнасьці забаўляльнай установы ў Курапатах.
Аляксей Туровіч — аўтар фільму «Жоўты пясочак», адзін з актыўных абаронцаў Курапатаў.
Затрыманьні актывістаў
31 траўня затрымалі актывістку Вольгу Мікалайчык падчас пікету супраць адкрыцьця рэстарацыі «Поедем поедим». 7 чэрвеня па дарозе з Курапатаў на дзьве гадзіны затрымалі Паўла Севярынца і Вольгу Мікалайчык. 8 чэрвеня затрымалі Дзяніса Ўрбановіча і Вольгу Мікалайчык.
Што важна ведаць: пратэсты супраць новай рэстарацыі ў Курапатах
- Рэстаран «Поедем поедим» у Курапатах меркавана запрацаваў увечары 5 чэрвеня.
- Грамадзкія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы закрыцьця рэстарацыі.
- 1 чэрвеня рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце.
- 28 траўня карэспандэнт Свабоды трапіў на тэрыторыю комплексу, дзе пабачыў падрыхтоўку да хуткага адкрыцьця рэстарацыі.
- Адрас рэстарацыі супадае з адрасам ТАА «Амізбел», якое было створана кампаніяй «Белноватэкс груп». Апошняя валодае шэрагамфэшэнэбэльных рэстаранаў у Менску.
- Рэстарацыя стаіць за 50 мэтраў ад месца, дзе ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
- Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2010 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі. Гісторыя будаўніцтва і змаганьня тут.
- Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.
Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты
У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы. Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 гады ў Курапатах — лясным масіве пад Менскам.