Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь не ў прыярытэце. Масква адказвае Менску на «малочныя» папрокі


Міністар сельскай гаспадаркі Расеі Дзьмітры Патрушаў правёў сустрэчу зь міністрам сельскай гаспадаркі і харчаваньня Беларусі Леанідам Зайцам.

У нарадзе таксама бралі ўдзел кіраўнікі профільных дэпартамэнтаў аграрных ведамстваў. Абмяркоўваліся часовыя абмежаваньні на пастаўкі беларускага малака, уведзеныя Рассельгаснаглядам.

Спачатку ў кантралёраў узьніклі прэтэнзіі да якасьці малочнай прадукцыі, а напярэдадні перамоваў зьвярнулі ўвагу на іншую загану — наяўнасьць нітратаў у пітным малацэ сямі прадпрыемстваў. Ад 6 чэрвеня быў накладзены часовы мараторый на беларускі экспарт.

Як паведамляе прэсавая служба расейскага міністэрства, Дзьмітры Патрушаў падкрэсьліў «партнэрскі характар» міжнароднага супрацоўніцтва дзьвюх краін, у тым ліку на рынку малака, а таксама выказаў гатоўнасьць дэталёва разабрацца ў цяжкасьцях гандлёва-рынкавага ўзаемадзеяньня.

Дзьмітры Патрушаў
Дзьмітры Патрушаў

«Супрацоўніцтва зь Беларусьсю традыцыйна носіць інтэнсіўны канструктыўны характар, — сказаў Патрушаў. — Нас аб’ядноўвае адзіная эканамічная прастора, што спрыяе падвышанай цікавасьці да ўзаемнага гандлю сельгаспрадукцыяй. Але існуе шэраг пытаньняў, якія патрабуюць падвышанай увагі».

Пры гэтым ён прызнаў, што прыярытэтам для Міністэрства сельскай гаспадаркі Расеі ёсьць абарона інтарэсаў айчынных сельгасвытворцаў і спажыўцоў.

«Малочная вайна» Расеі зь Беларусьсю: нізкая якасьць прадукцыі ці замах на перапрацоўчыя прадпрыемствы?

Кіраўнік Рассельгаснагляду Сяргей Данкверт, якога беларускі бок неаднаразова абвінавачваў у перадузятасьці, 7 чэрвеня патлумачыў прычыны абмежаваньняў на пастаўку малочнай прадукцыі зь Беларусі. Па яго словах, вымушаная мера зьвязаная з выпадкамі парушэньня вэтэрынарна-санітарных нормаў і патрабаваньняў Эўразійскага эканамічнага саюзу і Расейскай Фэдэрацыі.

Сяргей Данкверт
Сяргей Данкверт

«Рашэньне пра часовыя абмежаваньні прынятае па выніках нарады, праведзенай у Рассельгаснаглядзе — як адказ на факты паступленьня небясьпечнай малочнай прадукцыі зь Беларусі ў Расею», — падкрэсьліў Сяргей Данкверт.

Ён удакладніў, што абмежаваньні закранулі толькі прадукцыю, у якой выяўлялася найбольшая колькасьць парушэньняў і якая служыць сыравінай для індустрыяльных перапрацоўшчыкаў — пастэрызаваныя, сухія, кансэрваваныя і згушчаныя малако і вяршкі; сыроватку; канцэнтраты і некаторыя іншыя пазыцыі ў тары аб’ёмам звыш 2,5 кг.

Леанід Заяц
Леанід Заяц

Міністар сельскай гаспадаркі і харчаваньня Беларусі Леанід Заяц прызнаў, што расейскі рынак — мэтавы для многіх беларускіх вытворцаў. Таму ўсе заўвагі і рэкамэндацыі партнэраў будуць прынятыя да ведама і ўлічаныя, а кантроль за якасьцю прадукцыі ўзмоцнены. Беларускі чыноўнік таксама папрасіў калегу даць даручэньне аб правядзеньні дадатковых кансультацый з Рассельгаснаглядам для тэхнічнага абмеркаваньня праблемных пытаньняў.

Дзьмітры Патрушаў даручыў профільным дэпартамэнтам стварыць працоўную групу, разабрацца ў сытуацыі і разгледзець магчымасьць зьняцьця часовых абмежаваньняў — пры ўмове выпраўленьня парушэньняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG