Чарговым пратэкцыянісцкім крокам назваў рашэньне Рассельгаснагляду абмежаваць пастаўкі беларускай малочнай прадукцыі ў Расею міністар сельскай гаспадаркі і харчаваньня Беларусі Леанід Заяц.
«У гэтым годзе мы назіраем неадэкватныя дзеяньні з боку Рассельгаснагляду ў дачыненьні да прадпрыемстваў Беларусі — рашэньні неаб’ектыўныя і нічым не абгрунтаваныя», — цытуе кіраўніка беларускага аграрнага ведамства TUT.by.
Заяц распавёў аб праверках, якія беларуская прадукцыя прайшла ў лябараторыі пасьля таго, як расейскія экспэрты заявілі аб перавышэньні нормы антыбіётыкаў ва ўзорах малочнай прадукцыі зь Беларусі.
«Перавышэньня ня выяўлена. Мы чакалі станоўчага рашэньня Рассельгаснагляду, але так і не дачакаліся. Учорашні выпад — гэта чарговы пратэкцыянісцкі крок. Ідзе выбіваньне з рынку», — лічыць кіраўнік Мінсельгасхарчу Беларусі.
Раней сытуацыю пракамэнтаваў сябра калегіі па прамысловасьці і аграпрамысловым комплексе Эўразійскай эканамічнай камісіі Сяргей Сідорскі. На яго думку, прынятае расейскім бокам рашэньне — гэта «меркаваньне аднаго-двух чалавек, якія ў „Рассельгаснаглядзе“ праводзяць уласную палітыку».
Як паведамляла Свабода, Расея заявіла аб увядзеньні з 6 чэрвеня часовых абмежаваньняў на пастаўкі беларускай малочнай прадукцыі. Гаворка пра малочную сыравіну, у тым ліку ў спажывецкай упакоўцы аб’ёмам больш за 2,5 літра. Ключавыя экспартныя пазыцыі Беларусі тут— сухое малако, вяршкі і сыроватка.
Рашэньне матывуецца неабходнасьцю мераў у сувязі з паступленьнем небясьпечнай малочнай прадукцыі зь Беларусі.
«Забарона закране перапрацоўшчыкаў, якія працуюць на беларускай сыравіне, ці тых, хто проста расфасоўвае малако і іншую прадукцыю», — сказала афіцыйная прадстаўніца Рассельгаснагляду Юлія Мелана.