Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнты Аўстрыі і Нямеччыны прыедуць у Беларусь на адкрыцьцё мэмарыялу ў Трасьцянцы


На 29 чэрвеня заплянаванае адкрыцьцё мэмарыялу ахвярам нацызму ў вёсцы Трасьцянец пад Менскам. Чакаецца, што жалобную цырымонію наведаюць прэзыдэнты Аўстрыі, Нямеччыны, Ізраілю, Польшчы, Чэхіі.

Пра гэта стала вядома падчас прэзэнтацыі 7 чэрвеня ў будынку Нацыянальнай бібліятэкі інфармацыйна-дакумэнтальнай выставы «Лягер сьмерці Трасьцянец. Гісторыя і памяць». Арганізатары імпрэзы — Дортмундзкі міжнародны адукацыйны цэнтар, Менскі міжнародны адукацыйны цэнтар імя Яганэса Раў, фонд «Мэмарыял памяці забітых габрэяў Эўропы», Нацыянальная бібліятэка Беларусі.

Сумесны праект заклікае аддаць даніну памяці ахвярам канцлягеру ў Трасьцянцы і адначасова паказвае, як у Беларусі, Нямеччыне, Аўстрыі, Чэхіі ўшаноўваецца памяць пра загінулых. Таксама экспазыцыя расказвае пра месцы масавага зьнішчэньня мірных грамадзянаў і пра тых, хто чыніў зьверствы.

«Пацьверджаны ўдзел дзейнага аўстрыйскага прэзыдэнта Аляксандра Ван дэр Бэлена і былога прэзыдэнта Хайнца Фішара — сваякі ягонай жонкі загінулі менавіта ў Трасьцянцы, — сказалі Свабодзе ў Менскім міжнародным адукацыйным цэнтры. — Што тычыцца прыезду нямецкага прэзыдэнта Франка-Вальтэра Штайнмаера, яшчэ раней праз дыпляматычныя каналы была ўзгодненая дата 29 чэрвеня, чакаецца канчатковае пацьверджаньне».

Апроч таго, афіцыйныя запрашэньні накіраваныя прэзыдэнтам Ізраілю, Польшчы, Чэхіі, пра канчатковае рашэньне Менск яшчэ не праінфармаваны.

Цырымонія пачнецца 29 чэрвеня а 12-й гадзіне.

Імёны ахвяраў канцлягеру на дрэвах ля вёскі Трасьцянец, 2014 год
Імёны ахвяраў канцлягеру на дрэвах ля вёскі Трасьцянец, 2014 год

Мэмарыяльны комплекс у Трасьцянцы ўзьведзены на месцы канцэнтрацыйнага лягера, які дзейнічаў падчас Другой сусьветнай вайны. Гэта чацьвёрты па колькасьці зьнішчаных у ім людзей пасьля Асьвенціму, Трэблінкі і Майданэка. На тэрыторыі былога СССР гэта самы буйны лягер сьмерці.

Тут былі забітыя мірныя савецкія жыхары і ваеннапалонныя, а таксама грамадзяне Аўстрыі, Нямеччыны, Чэхаславаччыны і Польшчы.

Усяго за гады вайны на тэрыторыі Трасьцянца было забіта 206 500 чалавек усіх узростаў і нацыянальнасьцяў. Большасьць ахвяраў складалі габрэі.

Мэмарыял у вёсцы Трасьцянец пад Менскам, 2014 год
Мэмарыял у вёсцы Трасьцянец пад Менскам, 2014 год

Лягер сьмерці быў арганізаваны ўвосень 1941 году на тэрыторыі калгасу імя Карла Маркса і аб’ядноўваў некалькі месцаў, дзе масава зьнішчаліся людзі: урочышча Шашкоўка (месца масавага спаленьня людзей), урочышча Благаўшчына (месца масавых расстрэлаў) і вёска Малы Трасьцянец (уласна лягер сьмерці).

Людзей расстрэльвалі і скідвалі ў загадзя выкапаныя траншэі, трупы закопвалі і ўтрамбоўвалі гусенічнымі трактарамі. У 1943-м нацысты пачалі замятаць сьляды злачынстваў: яны раскопвалі ўтрамбаваныя равы і спальвалі рэшткі целаў. Глыбокія ямы з попелам былі выяўленыя пры вызваленьні Менску.

У 1963 годзе на месцы былога лягера сьмерці быў пастаўлены абэліск з вечным агнём у памяць пра ахвяраў Трасьцянца. Яшчэ праз два гады паўстаў помнік на месцы крэмацыйнай ямы-печы, у якой было зьнішчана каля 50 000 чалавек. У 2002-м на месцы самых маштабных расстрэлаў ва ўрочышчы Благаўшчына ўсталяваны памятны знак.

10 гадоў таму былі распачатыя работы ў стварэньні мэмарыялу, якія маюцца завершыць толькі цяпер.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG