Як ва Ўкраіне шукаюць жаўнераў мінулых войнаў — і з Чырвонай арміі, і з УПА (Украінскай паўстанцкай арміі, якая ваявала супраць нацысцкай Нямеччыны і СССР).
Украіна 6 чэрвеня ўрачыста перадала Беларусі для перапахаваньня парэшткі малодшага сяржанта Цімафея Марозава, які загінуў у 1941 годзе ў баях пад Кіраваградам (цяпер Крапіўніцкі). Цырымонія адбылася з усімі вайсковымі ўганараваньнямі ў памежным зь Беларусьсю Рэпкінскім раёне Чарнігаўскай вобласьці. Жаўнера Другой усясьветнай перапахаваюць на брацкіх могілках у вёсцы Тарасава Менскага раёну на тэрыторыі храма ў гонар Нараджэньня Прасьвятой Багародзіцы.
Кіраўнік дабрачыннай арганізацыі пошукавага атраду «Зялёная Брама» Анатоль Фартушны расказаў Свабодзе, як беларус загінуў, як яго знайшлі і як ідэнтыфікавалі.
Што адбылося 77 гадоў таму ў Зялёнай Браме
Анатоль Фартушны ўжо шмат гадоў дасьледуе гісторыю баёў, якія адбыліся на пачатку Другой усясьветнай вайны ў Новаархангельскім раёне Кіраваградзкай вобласьці — ён сам паходзіць з тых мясьцін, а ягоны дзед таксама быў удзельнікам тых падзеяў.
Паводле дасьледчыкаў, у канцы ліпеня 1941 году 6-я і 12-я арміі Паўднёва-Заходняга фронту трапілі ў Зялёнай Браме ў атачэньне нямецкіх войскаў і вымушаныя былі стрымліваць праціўніка ў складаных умовах — бязь ежы, вады і, галоўнае, без дапамогі з тылу боепрыпасамі і гаручым для тэхнікі.
Зялёнай Брамай мясцовыя называлі лясныя масівы на мяжы Кіраваградзкай і Чаркаскай абласьцей, дзе і адбыўся гэты бой, які цяпер называюць адным з самых жорсткіх ва Ўкраіне. У ім загінулі каля 20 тысяч салдатаў Чырвонай арміі, а тыя, хто выжыў, трапілі ў палон і былі зьмешчаныя ў канцлягер «Уманскія ямы». Пасьля палону шмат хто зь іх, у тым ліку камандзіры — Павал Панядзелін і Мікалай Кірылаў — былі расстраляныя за нібыта здраду, дэзэртыства і здачу ў палон.
«Марозаў быў памежнікам, ён служыў у 21-м кавалерыйскім канвойным палку войскаў НКВД — гэты полк ахоўваў тыл 12-й арміі ад дывэрсантаў і шпіёнаў. І калі 6-я і 12-я армія прарываліся зь нямецкага атачэньня, памежнікі апынуліся на вастрыні ўдару. У адной яме мы знайшлі 12 байцоў, а празь сем мэтраў ад яе яшчэ 30. Яны супрацьстаялі з чатырма кулямётамі, немцы іх падпусьцілі на 45 мэтраў, а потым адкрылі па іх кулямётны агонь, і ўсе 42 байцы загінулі», — расказвае Анатоль Фартушны.
Сваякоў не знайшлі
Парэшткі Цімафея Марозава, ураджэнца вёскі Судзілавічы Аршанскага павету (цяпер Дубровенскі раён) былі знойдзеныя ў часе экспэдыцыі два гады таму. Тады ж адшукалі і яшчэ аднаго беларуса — Уладзімера Мільту, ураджэнца Шклова Магілёўскай вобласьці, салдата 80-й стралковай дывізіі.
«Парэшткі Ўладзімера Мільты не перадавалі ў Беларусь, ягоныя далёкія сваякі адмовіліся, таму летась яго перапахавалі побач з Памежным мэмарыялам (паблізу сяла Тарговіца Новаархангельскага раёну Кіраваградзкай вобласьці. — РС)», — кажа Анатоль Фартушны.
На пытаньне, чаму знойдзеныя два гады таму парэшткі перадалі толькі цяпер і толькі аднаго беларуса, адказвае:
«Трэба было правільна падрыхтаваць дакумэнты для перадачы. Апроч таго, мы хацелі знайсьці сваякоў загінулага Марозава».
Але не знайшлі — у вёсцы, дзе ён нарадзіўся, знайшлі жанчыну, якая памятала, як яго забіралі ў войска.
Абодвух беларусаў ідэнтыфікавалі па салдацкіх мэдальёнах, у якіх знаходзілася паперка з анкетнымі дадзенымі. «Пашанцавала, што анкеты былі запоўненыя алоўкам, бо аловак даволі добра захоўваецца ў розным асяродзьдзі. Чарніла вельмі кепска захоўваецца, і ёсьць шмат выпадкаў, калі мы ня можам прачытаць укладыш мэдальёна», — тлумачыць супрацоўнік Чаркаскага навукова-дасьледчага экспэртна-крыміналістычнага цэнтру Леанід Сідоранка, які праводзіў экспэртызу знойдзеных артэфактаў.
Пошукаўцы кажуць, што часта ў мэдальёнах ці капсулах знаходзяць незапоўненыя анкеты — у гады вайны многія байцы лічылі запаўненьне дадзеных дрэннай прыкметай, якая прадказвала гібель. Сёньня ж гэтыя забабоны сталі галоўнай перашкодай для ідэнтыфікацыі палеглых. Часам пошукаўцам шанцуе і яны знаходзяць асабістыя рэчы салдатаў — лыжку, кацялок, на якіх высечаныя імя, прозьвішча і частка, у якой ён служыў.
Вайна на Данбасе спыніла супрацоўніцтва з Расеяй
Сёлета пошукаўцы плянуюць правесьці ў Зялёнай Браме яшчэ адну экспэдыцыю.
«Паводле нашай інфармацыі, не адкапана яшчэ 1447 памежнікаў, і, верагодна, там будуць яшчэ і беларусы, і расейцы, і жаўнеры іншых нацыянальнасьцяў. Сёлетняя акцыя перадачы Беларусі парэшткаў першая. Да цяперашняй вайны мы і Расеі перадалі парэшткі аднаго з байцоў. Ёсьць яшчэ чацьвёра расейцаў, і ёсьць іхныя сваякі, якія хочуць іх перапахаваць на бацькаўшчыне, але цяпер складана гэта зрабіць», — кажа Анатоль Фартушны.
Забітыя і забытыя. Чаму Расея пратэстуе супраць зносу камуністычных помнікаў, але маўчыць пра лёс і стан соцень вайсковых могілак Чырвонай Арміі
Шукаюць і воінаў УПА
Ва Ўкраіне штогод праводзяцца раскопкі на месцах баявых дзеяньняў — і Першай, і Другой усясьветных войнаў. Апроч таго, вялікую ўвагу скіроўваюць і на пошукі пахаваньняў воінаў УПА-АУН. Практычна ў кожнай вобласьці працуюць адпаведныя грамадзкія арганізацыі, а да добраахвотных экспэдыцый далучаюцца археолягі, гісторыкі, краязнаўцы, праваахоўнікі, былыя вайскоўцы і студэнты.
Згодна з заканадаўствам, гэтая дзейнасьць мае фінансавацца як зь дзяржаўнага, так і зь мясцовых бюджэтаў, але на практыцы мясцовыя ўлады часьцей падключаюцца толькі на апошнім этапе — пры перапахаваньні знойдзеных парэшткаў.
Дасьледчыкі перакананыя, што і на новай вайне, якая цяпер адбываецца на ўсходзе Ўкраіны, таксама шмат безыменных жаўнераў і будзе патрэбен час, каб аднавіць гістарычную справядлівасьць — пахаваць герояў так, як яны заслужылі, бо загінулі ў баях, абараняючы Радзіму.
Як невядомых герояў шукаюць у Беларусі
Беларускія пошукавыя клюбы таксама займаюцца вяртаньнем імёнаў палеглых удзельнікаў Другой усясьветнай вайны. Бадай што самы вядомы з такіх клюбаў — аршанскі моладзевы пошукавы клюб «Русічы» пад кіраўніцтвам Рыгора Шарая. Клюб існуе ўжо 30 год, і першапачаткова ствараўся менавіта для пошукавай дзейнасьці: удзельнікі займаліся пошукам загінулых і зьніклых у гады мінулай вайны пераважна на тэрыторыі Аршанскага і Дубровенскага раёнаў Віцебскай вобласьці.
Дзякуючы высілкам пошукаўцаў, пасьля правядзеньня раскопак на месцах баёў былі перапахаваныя парэшткі 1200 жаўнераў і афіцэраў. Падчас працы з дакумэнтамі ўдзельнікі клюбу выявілі больш як 6 тысяч раней невядомых прозьвішчаў загінулых воінаў, зьвесткі пра іх былі ўключаны ў кнігі дакумэнтальнай кронікі «Памяць. Дубровенскі раён» і «Памяць. Ворша. Аршанскі раён». Аднак у апошнія гады «Русічы» зьмянілі профіль дзейнасьці: цяпер гэта Аршанскі праваслаўны вайскова-патрыятычны (моладзева-пашуковы) клюб UNESCO, дзе шмат часу аддаецца праваслаўнаму выхаваньню і вайсковай падрыхтоўцы мясцовай моладзі.
Падобная «пераарыентацыя» адбылася і зь іншымі самадзейнымі пошукавымі клюбамі, а раскопкамі на месцах баявых дзеяньняў упаўнаважанае займацца асобнае вайсковае падразьдзяленьне — 52-і спэцыялізаваны пошукавы батальён, які базуецца ў вайсковай частцы 28443 пад Лепелем.