Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітоляг: Расея рыхтуе для Беларусі армянскую мадэль


Арсен Сівіцкі
Арсен Сівіцкі

Госьць «Інтэрвію тыдня» — кіраўнік беларускага Цэнтру стратэгічных і зьнешнепалітычных дасьледаваньняў Арсень Сівіцкі. Ён лічыць, што ціск Расеі на Беларусь напярэдадні выбарчых кампаній 2019 году будзе ўзмацняцца і Крэмль будзе дамагацца сур’ёзных стратэгічных саступак, тлумачыць, у чым асноўны ўклад Беларусі у рэгіянальную стабільнасьць, і заяўляе, што Расея ўжо задумваецца, як забясьпечыць свае інтарэсы ў Беларусі пасьля Лукашэнкі

Расея амаль ва ўсіх сфэрах дэманструе, што Беларусь больш для яе не прыярытэт

— 5 траўня ў Аўстрыю з працоўным візытам прыехаў Уладзімір Пуцін. Гэта першая замежная паездка Ўладзіміра Пуціна пасьля інаўгурацыі. Пазьней ён паедзе ў Кітай, і толькі пасьля гэтага ў Беларусь. Тым самым расейскі лідэр парушыў шматгадовую традыцыю ладзіць першы замежны візыт на новай пасадзе ў Беларусь. Ці надалі б вы гэтай падзеі нейкую знакавую важнасьць, ці гэты факт ня варта пераацэньваць?

— Мяркую, што візыт Пуціна ў Аўстрыю ня трэба пераацэньваць. Я нагадаю, што ня так даўно адбылася сустрэча ў Сочы падчас саміту Эўразійскага эканамічнага саюзу, і ўсе кіраўнікі краінаў гэтага саюзу правялі перамовы з Пуціным. Хутчэй за ўсё, для Пуціна было важна паказаць, што з сымбалічнага пункту гледжаньня менавіта Расея — цэнтар, куды прыяжджаюць кіраўнікі постсавецкіх краінаў. Таму з гледзішча Пуціна рабіць першы візыт у Беларусь было б не зусім рацыянальна пасьля гэтай сустрэчы ў Сочы.

Зь іншага боку, апошнія некалькі гадоў мы назіраем тэндэнцыю, што Расея пераасэнсоўвае стратэгічны характар адносінаў зь Беларусьсю. Ужо некалькі гадоў Расея амаль ва ўсіх сфэрах дэманструе, што Беларусь больш для яе не прыярытэт, як гэта было да 2014 году. Менавіта з гэтага часу мы назіраем нарастаньне канфліктных сытуацый. І можна сказаць, што сёньня гандлёвыя войны, палітычныя канфлікты — гэта ўжо новая нармальнасьць у беларуска-расейскіх адносінах.

Ужо некалькі гадоў Расея амаль ва ўсіх сфэрах дэманструе, што Беларусь больш для яе не прыярытэт

На гэтым фоне Пуцін робіць першы замежны візыт у Аўстрыю, якая традыцыйна разглядаецца як саюзьнік Расеі ў Эўропе, і Расея спрабуе лабіраваць свае інтарэсы ў Эўропе праз гэтую краіну. Тут і эканамічныя, і палітычныя інтарэсы, бо Аўстрыя займае асаблівую пазыцыю адносна эўрапейскіх санкцыяў супраць Расеі. Мне здаецца, што Масква разглядае менавіта Вену як нэўтральную пляцоўку, дзе можна было б арганізаваць нейкі перамоўны працэс.

— Вы сказалі, што палітыка Масквы да Менску стратэгічна мяняецца апошнія гады. У якім кірунку і як гэта праяўляецца?

— Мне падаецца. што Расея будзе дамагацца больш сур’ёзных саступак у вайскова-палітычнай і эканамічнай сфэрах. Перш за ўсё, Расея будзе патрабаваць разьмяшчэньня сваіх вайсковых базаў на тэрыторыі Беларусі і нават зьяўленьня сваіх памежнікаў на мяжы Беларусі з суседнімі краінамі на заходнім кірунку, глыбейшай вайскова-палітычнай інтэграцыі.

Я б сказаў, паводле армянскай мадэлі. Бо ў Армэніі ёсьць і база расейская, і расейскія памежнікі разам з армянскімі на мяжы, і рэгіянальная групоўка войскаў, якая падпарадкаваная расейскай Паўднёвай вайсковай акрузе. То бок Расея будзе спрабаваць рэалізаваць такую армянскую мадэль. Але першае пытаньне — безумоўна, стварэньне базаў на нашай тэрыторыі.

Уладзімер Пуцін у Аўстрыі
Уладзімер Пуцін у Аўстрыі

Што да эканомікі, дык тут Расея з дапамогай інстытуцыянальных мэханізмаў, перш за ўсё Эўразійскага эканамічнага саюзу, будзе спрабаваць заблякаваць нашу эканамічную супрацу з Эўропай і Кітаем. Шмат праблемаў стварае новы Мытны кодэкс ЭўрАзЭС. Але будуць і нефармальныя спробы ўплываць на нашы эканамічныя стасункі са сьветам. Нагадаю, нядаўна Пуцін спрабаваў пераарыентаваць нашы экспартныя плыні нафтапрадуктаў з балтыйскіх партоў на парты ў Ленінградзкай вобласьці Расеі. Таксама Расея будзе працягваць перашкаджаць доступу беларускай прадукцыі на свой рынак, бо відавочна, што Расея праводзіць уласную праграму імпартазамяшчэньня, ня ўлічваючы інтарэсы свайго саюзьніка.

Асноўны ўклад Беларусі у рэгіянальную стабільнасьць якраз у тым, што мы не разьмяшчаем расейскія базы на сваёй тэрыторыі.

— Тэма расейскай вайсковай базы ў Беларусі зноў усплыла ў СМІ гэтымі днямі. Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей ня выключыў магчымасьць расейскай вайсковай базы ў Беларусі. Чаму Макей, які адносна іншых беларускіх чыноўнікаў мае імідж, скажам асьцярожна, больш празаходняга і большага лібэрала, выказаўся такім чынам?

— Мне падаецца, што гэтая цытата была вырвана з кантэксту. Спадар Макей кажа пра тое, што зараз Беларусь ня будзе разьмяшчаць расейскую базу на сваёй тэрыторыі, бо ня хоча падрываць рэгіянальную бясьпеку і быць крыніцай праблемаў. І потым робіць такую дыпляматычную агаворку, што трэба ўлічваць, як будзе зьмяняцца абстаноўка ў будучыні. Гэтая агаворка — хутчэй спроба нагадаць нашым заходнім партнэрам пра тое, якую ролю Беларусь грае ў кантэксьце рэгіянальнай бясьпекі.

Бо наш асноўны ўклад у рэгіянальную стабільнасьць якраз у тым, што мы не разьмяшчаем на сваёй тэрыторыі расейскія базы, якія могуць ствараць пагрозы і выклікі суседнім краінам. Па сутнасьці, мы стрымліваем агрэсіўныя намеры зьнешняй палітыкі Расейскай Фэдэрацыі.

Словы Макея таксама сыгналізуюць, што Расея пытаньне базы дагэтуль ня выключыла з парадку дня.

Гэтая тактыка — пераканаць расейскі бок, што Беларусь будзе карысная як нэўтральная перамоўная пляцоўка — больш не працуе

— Ці ўдасца Менску адбівацца ад гэтага націску наконт базы? Магчыма, беларускае кіраўніцтва будзе спрабаваць пераканаць Маскву, што ёй больш выгадны нэўтральны статус Беларусі, статус донара стабільнасьці ў рэгіёне? Але ці «купляе» Крэмль гэтыя аргумэнты?

— Гэта такая традыцыйная тактыка, калі Менск спрабуе пераканаць Маскву адмовіцца ад плянаў разьмяшчаць вайсковыя базы, бо нібыта Беларусь будзе больш карысная як нэўтральная пляцоўка для перамоваў. Але, улічваючы візыт Пуціна ў Аўстрыю (я і раней чуў такія ацэнкі), Расея больш аддае перавагу Аўстрыі як такой нэўтральнай пляцоўцы. Ёсьць і чуткі, што даволі нэрвова расейскі бок успрыняў правядзеньне ў беларускай сталіцы Менскага форуму. Асабліва падкрэсьлівалася, што ён праводзіўся на заходнія грошы. І гэта, маўляў, спроба адарваць Беларусь ад Расеі.

Так што гэтая тактыка — пераканаць расейскі бок, што Беларусь будзе карысная як нэўтральная перамоўная пляцоўка — больш не працуе. Але пазыцыя Аляксандра Лукашэнкі даволі трывалая, і ён ня пойдзе на тое, каб разьмяшчаць тут расейскія войскі. Бо ён разумее, што гэта будзе падрываць ня толькі сувэрэнітэт і незалежнасьць, але таксама і асновы ягонай улады ў Беларусі. І мне падаецца, што гэтае пытаньне абвострыцца пад канец году, калі Беларусь будзе ўваходзіць у палітычны цыкль прэзыдэнцкіх і парлямэнцкіх выбараў. Крэмль будзе дамагацца даволі сур’ёзных стратэгічных саступак з боку Лукашэнкі, бо гэта будзе разглядацца Крамлём як умова нейкай падтрымкі.

— Расея апошнім часам яўна актывізавала сваю ідэалягічную і палітычную актыўнасьць у Беларусі. Падтрымліваюцца розныя прарасейскія арганізацыі, ствараюцца сайты, праводзяцца мерапрыемствы. Чаму гэта робіцца? Расея ўжо не давярае цалкам Лукашэнку і працуе на будучыню, на стварэньне прарасейскага лобі ў Беларусі?

Няма сумневу, што Расея будзе даволі сур’ёзна ўмешвацца ў палітычны працэс у Беларусі ў 2019–20 годзе

— Так, сапраўды, гэтая актыўнасьць сьведчыць, што Расея ўжо думае, як забясьпечыць свае стратэгічныя інтарэсы ў Беларусі ў час транзыту ўлады і ў пасьлялукашэнкаўскі пэрыяд. Дзеля гэтага Расея спрабуе стварыць сталае кола прарасейскіх сілаў, на якія Масква можа абапірацца ў будучыні.

Зь іншага боку, гэта можна разглядаць як пэўны псыхалягічны ціск на Аляксандра Лукашэнку, бо Крэмль, па сутнасьці, дэманструе, што ў Масквы заўсёды знойдзецца альтэрнатыва. Мы штосьці падобнае назіралі ў 2010 годзе, калі нават празаходнія апазыцыйныя лідэры езьдзілі ў Крэмль на перамовы і шукалі там падтрымку. А зараз Расея пераходзіць да больш актыўнай стратэгіі фармаваньня адкрыта прарасейскіх сілаў у Беларусі.

Відавочна, што беларускія ўлады ня могуць тут рэагаваць жорстка, як яны рэагуюць на дзейнасьць празаходняй апазыцыі — бо гэта будзе выклікаць жорсткую рэакцыю Крамля. Але няма сумневу, што Расея будзе даволі сур’ёзна ўмешвацца ў палітычны працэс у Беларусі ў 2019–20 годзе. Бо стратэгі Крамля разумеюць, што створана даволі спрыяльная каньюнктура, каб прасоўваць свае стратэгічныя інтарэсы, найперш на постсавецкай прасторы.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG