Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія пісьменьнікі выступілі супраць адкрыцьця рэстарацыі ў Курапатах


Актывісты вывешваюць плякаты на агароджы забаўляльнага комплексу, у якім адкрылася рэстарацыя, 7 чэрвеня 2018
Актывісты вывешваюць плякаты на агароджы забаўляльнага комплексу, у якім адкрылася рэстарацыя, 7 чэрвеня 2018

Рада грамадзкага аб’яднаньня «Саюз беларускіх пісьменьнікаў» выступіла з заявай, у якой выказвае «рашучы пратэст з нагоды ганебнай падзеі» — адкрыцьця рэстарацыі «Поедем поедим», «наведнікі якой будуць харчавацца і танцаваць побач зь лесам памятных крыжоў курапацкага мэмарыялу».

У звароце адзначаецца, што фактычна ў 30-ю гадавіну першай публікацыі праўды пра Курапацкую трагедыю ў тыднёвіку «Літаратура і мастацтва», непасрэдна каля грамадзкага мэмарыялу — месца ўшанаваньня ахвяраў сталінскіх забойстваў, насуперак нэгатыўнаму стаўленьню грамадзкасьці, быў адкрыты забаўляльны комплекс-рэстарацыя «Поедем поедим».

Ля «Поедем поедим» сутычкі супрацоўнікаў рэстарацыі з актывістамі. УЖЫВУЮ

«Такой ганьбы ня зьведвала ніводнае месца памяці ахвяр, ніводзін мэмарыял у сьвеце: забудова вакол іх заўсёды і неадменна плянуецца з улікам меркаваньняў супольнасьці, у тым ліку меркаваньняў маральна-этычных, якія, як мы вымушаны адзначыць, вельмі рэдка ўлічваюцца ў Беларусі ў дачыненьні да ахвяр сталінскіх рэпрэсій.

З другога боку, ніводзін забаўляльны рэстаран не адкрыецца ў Хатыні, Трасьцянцы, як не адкрыты ён у Асьвенціме ці Майданэку. Але ў Курапатах, дзе былі расстраляныя сотні беларускіх паэтаў, празаікаў, актораў і навукоўцаў, дзясяткі тысяч дагэтуль невядомых людзей, такая зьнявага па-ранейшаму магчымая», — адзначаецца ў заяве.

Стала вядома, хто валодае рэстарацыяй «Поедем поедим» у Курапатах

На тэрыторыі забаўляльнага комплексу
На тэрыторыі забаўляльнага комплексу

СБП заклікае ўладальнікаў зямлі, на якой збудаваны комплекс, да шырокага грамадзкага дыялёгу, у выніку якога будуць выпрацаваныя захады да дээскаляцыі канфлікту і ўлічаныя ўсе інтарэсы. На думку пісьменьнікаў, памяць пра сотні тысяч загінулых, зьнішчаных сыноў і дачок Беларусі патрабуе стварэньня ў Курапатах Музэю ахвяраў бальшавіцкіх рэпрэсій.

Што важна ведаць: пратэсты супраць новай рэстарацыі ў Курапатах​

  • Рэстаран «Поедем поедим» у Курапатах меркавана запрацаваў увечары 5 чэрвеня.
  • Грамадзкія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы закрыцьця рэстарацыі.
  • 1 чэрвеня рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце.
  • 28 траўня карэспандэнт Свабоды трапіў на тэрыторыю комплексу, дзе пабачыў падрыхтоўку да блізкага адкрыцьця рэстарацыі.
  • Адрас рэстарацыі супадае з адрасам ТАА «Амізбел», якая была створаная кампаніяй «Белноватэкс груп». Апошняя валодае шэрагам фэшэнэбэльных рэстаранаў у Менску.
  • Рэстарацыя стаіць за 50 мэтраў ад месца, дзе ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
  • Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2010 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі. Гісторыя будаўніцтва і змаганьня тут.
  • Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.​

«Бульбаш-хол» быў збудаваны ў ахоўнай зоне Курапатаў — межы той зоны пасунулі ўжо пасьля пачатку будаўніцтва. Актывісты, якія пратэстуюць супраць «карчмы на костках», лічаць будоўлю незаконнай і амаральнай, патрабуюць «музэй, а не шынок».

Рэстарацыю, нягледзячы на пратэсты, адкрылі — таемна і неўрачыста. Міліцыянты не далі пікетоўцам паставіць намёт каля рэстарацыі. У час пратэсту было некалькі сутычак людзей, якія называлі сябе наведнікамі рэстарацыі, з пратэстоўцамі. Міністар унутраных спраў заяўляў, што сілавікі «ня будуць буфэрам паміж бакамі».

Бойка ля рэстарацыі ў Курапатах. ФАТАФАКТ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG