Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад чэрвеня беларусам будуць слаць рахункі за кватэру з QR-кодам. Для чаго ён?


Незвычайныя паведамленьні аб аплаце камунальных паслуг атрымаюць беларусы ў чэрвені, паведамляе БЕЛТА. На іх у правым верхнім кутку будзе фігураваць QR-код, у якім закладзеная інфармацыя аб асабістым рахунку. Аплаціць жыльлёва-камунальныя паслугі зь яго дапамогай можна будзе як праз мабільную банкаўскую праграму, так і на пошце.

Так выглядае QR-код
Так выглядае QR-код

Каб аплаціць камунальныя паслугі праз мабільны тэлефон, трэба будзе спампаваць адпаведную мабільную банкаўскую праграму, запусьціць яе і паднесьці камэру тэлефона да QR-коду на невялікую адлегласьць. Счытваньне і расшыфроўка адбудуцца аўтаматычна. На экране зьявіцца асабісты рахунак і палі для ўводу паказаньняў прыбораў уліку вады. Кіруючыся рэкамэндацыямі, застанецца націснуць на віртуальную клявішу «Аплаціць», і аплата адбудзецца.

У цяперашні час магчымасьць аплаты з дапамогай QR-коду прапаноўваюць сваім кліентам «Белінвестбанк» і «БТА-Банк». Іншыя банкі разглядаюць магчымасьць адпаведнай дапрацоўкі сваіх мабільных праграм.

Пачынаючы з чэрвеня, магчымасьць аплаты камунальных паслуг па QR-коду зьявіцца і ў некаторых паштовых аддзяленьнях Менску. З часам іх колькасьць па ўсёй Беларусі будзе павялічвацца. Аддзяленьні мяркуецца абсталяваць адпаведным сканэрам для счытваньня QR-кодаў на як мінімум адным працоўным месцы. Для аплаты трэба будзе прадставіць паведамленьне з кодам.

«Гэты сэрвіс дазволіць скараціць час абслугоўваньня кліентаў. У апэратара няма неабходнасьці ўводзіць кожны раз асабовы рахунак кліента пры прыёме плацяжоў за камунальныя паслугі», — адзначылі ў «Белпошце».

QR-код счытваецца і з экрана манітора, што будзе зручным пры аплаце паведамленьняў, якія паступілі на электронную скрыню. Існуюць тры спосабы іх распаўсюду: на паперы, у электронным выглядзе, а таксама магчымае сумяшчэньне гэтых варыянтаў. Каб жыроўкі прыходзілі на электронную скрыню, неабходна зьвярнуцца ў раьзлікова-даведачны цэнтар па месцы жыхарства і напісаць адпаведную заяву.

Цяпер у Беларусі больш за 50 пастаўшчыкоў паслуг даюць магчымасьць аплаты праз QR-коды. Сярод іх кавярні, школы танцаў, аграсядзібы, арганізацыі, якія прапаноўваюць ІТ-паслугі, аўташколы, навучальныя цэнтры, курсы замежных моў.

QR-код — гэта квадратны малюнак, у якім з дапамогай спэцыяльнага альгарытму зашыфраваная пэўная інфармацыя. Гэта могуць быць аплатныя рэквізыты, спасылка на сайт або звычайны тэкст. Літары «QR» азначаюць «Quick Response», гэта значыць «хуткі водгук» — смартфон або сканэр можа за сэкунду счытаць зь яго інфармацыю або перайсьці па спасылцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG