Лінкі ўнівэрсальнага доступу

#SaveOlegSentsov. У сьвеце другі дзень праходзяць акцыі ў падтрымку Сянцова


У суботу, 2 чэрвеня, у краінах сьвету працягваюцца мітынгі і пікеты ў падтрымку Алега Сянцова. Удзельнікі глябальнай акцыі #SaveOlegSentsov патрабуюць вызваліць Сянцова і іншых украінскіх вязьняў, якія знаходзяцца ў расейскіх турмах і калёніях.

У Кіеве на Майдане сабраліся некалькі соцень чалавек. Арганізатары акцыі заклікалі ўдзельнікаў узяць з сабой плякаты і сьвісткі. Напярэдадні чэмпіянату сьвету па футболе ў Расеі «Кіеў пакажа „чырвоную картку“ рэжыму Пуціна», — паведамілі арганізатары.

У Адэсе прайшоў мітынг каля консульства Нямеччыны. Удзельнікі хацелі прыцягнуць увагу краін «Вялікай сямёркі» да праблемы ўкраінскіх палітвязьняў у расейскіх турмах.

Масква: улады не ўзгаднілі акцыю ў падтрымку Алега Сянцова, таму сёньня ў горадзе праходзяць адзінкавыя пікеты. На Ўкраінскім бульвары сабралася каля 15 чалавек.

Менск

Некалькімі днямі раней у амбасаду Расеі ў Менску быў перададзены зварот беларускіх творчых арганізацыяў у абарону Алега Сянцова з просьбай абмяняць Алега Сянцова на затрыманых ва Ўкраіне расейскіх грамадзянаў. Пад зваротам паставілі подпісы паўтары сотні чалавек, у тым ліку рэжысэраў, актораў, літаратараў і журналістаў.

Акцыі ў падтрымку Алега Сянцова праходзяць 2 чэрвеня ў Страсбуры, Лёндане, Вашынгтоне, Бэрліне, іншых гарадах.

Акцыя 2 чэрвеня ў Бэрліне
Акцыя 2 чэрвеня ў Бэрліне

​Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка падзякаваў усім, хто прыняў удзел у акцыі ў падтрымку Алега Сянцова па ўсім сьвеце. «Мы працягнем змагацца за вызваленьне ўсіх украінскіх палітвязьняў і закладнікаў, зьняволеных у РФ і часова акупаваным Крыме і на Данбасе», — напісаў ён у сваім твітэры.

Алегу Сянцову ў жніўні 2015 году прысудзілі ў Расеі 20 гадоў пазбаўленьня волі. Яго абвінавачвалі ў арганізацыі тэрарыстычнай супольнасьці і тэрактах у анэксаваным Крыме: нібыта ён і яго саўдзельнікі рыхтавалі падрыў помніка Леніну ў Сімфэропалі і падпалілі офісы «Рускай абшчыны Крыму» і партыі «Адзіная Расея». Сянцоў сьцьвярджаў, што ў турме яго катавалі.

Amnesty International і расейскі праваабарончы цэнтар «Мемарыял» прызналі Сянцова палітвязьнем. Украіна накіравала ў Эўрапейскі суд у правах чалавека пазоў да Расеі ў сувязі з прысудам рэжысэру.

16 траўня стала вядома, што сенцах абвясьціў бестэрміновую галадоўку з патрабаваньнем вызваліць усіх украінскіх палітвязьняў, якія знаходзяцца ў расейскіх турмах.


Беларусы просяць Расею вызваліць украінскага рэжысэра Сянцова шляхам абмену

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG