Габрэі, якія восемдзесят гадоў таму беглі зь Беларусі, цяпер вяртаюцца. Штуршком стала адмена візаў для Ізраілю ў канцы 2015 году і нядаўні «бязьвіз» для 80 дзяржаваў. Габрэйскія турысты шукаюць тут ня толькі пахаваньні продкаў, але і таннага экстрыму.
Хаваюцца дагэтуль
Беларускія гіды кажуць, што за апошнія два з паловай гады габрэяў прыяжджае заўважна больш: з Ізраілю, ЗША, Літвы, Польшчы, Вялікай Брытаніі, Бэльгіі, Швайцарыі, Грэцыі, Італіі. Ацаніць, колькі іх менавіта, не бярэцца ніхто з прадстаўнікоў турыстычнай сфэры. Адны кажуць, што паток паболеў у паўтара раза, іншыя — што ўтрая. Дый дагэтуль ня ўсе турысты прызнаюцца ў сваім габрэйскім паходжаньні.
Што страціла Беларусь з адʼездам габрэяў
«З Польшчы прыяжджала жанчына, якую падчас вайны польская сям’я ўкрывала на горадзенскіх могілках у склепе. Потым яна здолела перарабіць дакумэнты, нібы яна полька, і зьехала. Там жанчына ўтойвае свае габрэйскія карані. А тут, у сынагозе, раптам расплакалася і прызналася», — распавядае старшыня габрэйскай супольнасьці ў Горадні Барыс Квяткоўскі.
Габрэйскіх гасьцей паводле прычыны візыту можна падзяліць на тры вялікія групы: турызм памяці, паломніцтва і дзеля адпачынку. Найбольш заўважныя і спэцыфічныя першыя дзьве.
1. Турызм памяці
«Навошта нам Мірскі замак?»
Тут геаграфія падарожжа адрозьніваецца ад традыцыйнага «Мір — Нясьвіж — Наваградак». Маршрут у кожнага свой. Мэта — знайсьці крэўных, наведаць месцы, дзе жылі продкі, або адшукаць іхныя пахаваньні.
«Нехта зацікаўлены толькі ў Мірскай ешыве (габрэйская вышэйшая рэлігійная навучальная ўстанова). Кажуць: „Навошта нам гэты замак?“ На яго нават ня будуць марнаваць час. Яны могуць сказаць на ўсё астатняе: „Гэта ня нашая гісторыя. Гэта нас не цікавіць“», — тлумачыць гід-перакладнік зь Менску Андрэй Бурдзянкоў.
Нягледзячы на індывідуальныя маршруты, можна вылучыць шэраг месцаў, куды едуць многія. Гэта Хатынь, Радунь, Валожын, Мір.
«Апрача Хатыні, цяжка нешта назваць. Яна ўнівэрсальная», — камэнтуе Андрэй Бурдзянкоў.
Паводле супрацоўніка адной з фірмаў, якая займаецца выключна габрэйскім турызмам, самыя папулярныя для наведваньня — Мір, Валожын, Радунь, якія былі штэтламі (габрэйскімі мястэчкамі).
Завіталі ўнучка ўласьніка фабрыкі і прапраўнук праведніка
Некалькі гадоў таму Горадню наведала Хана — унучка Абрама Яфэ, заснавальніка горадзенскай шкляной гуты. Падчас вайны яе вывезьлі з гета за грошы. Цяпер яна жыве ў Ізраілі.
«Калі мы праходзілі зь ёй каля крамы „Ратушная“ (адна з самых вядомых крамаў у цэнтры Горадні. — РС), яна кажа: „Гэта дом, дзе мы жылі“. Ейны муж Схарыя — адзін з асноўных забудоўнікаў гораду-спадарожніка Тэль-Авіва, шэкелевы мільярдэр. У іх двое сыноў: лекар і будаўнік», — узгадвае Барыс Квяткоўскі.
Турыст зь Бялграду распавёў Барысу Квяткоўскаму падчас наведваньня горадзенскай сынагогі, што вайна яго засьпела ў дзіцячым летніку ў Друскеніках, дзе адпачывалі дзеці розных нацыянальнасьцяў. Немцы вывезьлі выхаванцаў у тыл. Канец вайны падлетак сустракаў у Бялградзе. Там асеў, ажаніўся, забыўся на сваё габрэйства. Узгадаў пра яго толькі ў сталым узросьце.
«Габрэі з Амэрыкі, Канады не былі тут 15-20 гадоў і едуць сустрэцца з бацькамі. Ізраільцяне едуць наведаць горад, бо тут жылі продкі. Часам прыяжджаюць сямейнымі кланамі па 10-12 чалавек. Прыяжджаў Ехеам Шаром — прапраўнук праведніка Нахума Каплана, імем якога названая нашая арганізацыя (памёр у Горадні ў канцы ХІХ стагодзьдзя)», — распавядае дырэктарка дому горадзенскай габрэйскай грамады «Мэнора» Алена Куцэвіч.
Стала больш турыстаў з ЗША, бо яны могуць без дадатковых клопатаў прыехаць на пяць дзён. «Вось і цяпер у мяне два чалавекі. Яны езьдзяць па менскіх гета, вывучаюць, дзе магла загінуць бабуля аднаго зь іх», — кажа Андрэй Бурдзянкоў.
«Пах вашага знаходжаньня павінен застацца»
Тамара Барадач паходзіць зь Іўя Горадзенскай вобласьці. Цяпер жыве ў Ізраілі. Яна прывозіць у Беларусь габрэяў з усяго сьвету ў межах свайго праекту «Карані»: з Ізраілю, ЗША, Канады, Аргентыны, Бразыліі, Паўднёвай Афрыкі, Аўстраліі, Францыі, Нямеччыны. За дваццаць гадоў жанчына дапамагла прыехаць 2,5-3 тысячам габрэяў, продкі якіх паходзілі зь Беларусі.
Для кожнай групы Тамара распрацоўвае асобны маршрут. Дапаўняе яго агульнавядомымі месцамі, якія датычаць габрэйскай і беларускай гісторыі. Перад выездам дае хатняе заданьне ўдзельнікам. Кожны мусіць прынамсі даведацца гісторыю сваёй сям’і і намаляваць генэалягічнае дрэва. Часам падарожжа дазваляе закрыць на ім белыя плямы.
«Гэта вельмі глыбокія туры. Многія вяртаюцца па некалькі разоў. Ім тут цікава ўсё: гісторыя, прырода, людзі, паэзія, музыка, фальклёр. Я ім кажу: — Вы наведалі краіну, але пах вашага знаходжаньня павінен застацца. Матэрыялы, якія вы рыхтуеце пра сваю сям’ю, аддайце ў музэй, школу, каб засталіся ўспаміны», — распавядае Тамара Барадач.
«Савецкі тур»
Асобна ў турызьме «каранёў» можна вылучыць «савецкі тур».
«Русыфікаваным, саветызаваным габрэям зь вялікіх расейскіх, украінскіх гарадоў патэнцыйна цікавыя ўсе элемэнты габрэйскай спадчыны: ня толькі Галакост, але і побытавыя рэчы. Яны лепей разумеюць кантэкст, бо паўжыцьця пражылі тут самыя або іхныя бацькі. Амэрыканцам паўжыцьця трэба было б гэта тлумачыць», — кажа гісторык, краязнаўца і ўласьнік аграсядзібы каля Налібоцкай пушчы Алесь Белы.
Ён мае габрэйскія карані і займаецца габрэйскімі турыстамі. Алесь Белы мяркуе, што гэтая катэгорыя «недазасвоеная», хаця магла б быць шматлікай. Бо габрэі гатовыя наведваць ня толькі свае мястэчкі, але і значна шырэй глядзець на беларускую культуру. Аднак ім не хапае прапановаў.
Апошняя камуністычная краіна ў Эўропе, «лінія Сталіна», Ленін, КДБ — вось тое, што яшчэ можа прывабліваць у тым ліку габрэйскіх турыстаў, думае Андрэй Бурдзянкоў.
2. Рэлігійны турызм. «Групы зь вельмі спэцыфічнымі запытамі»
У Беларусі ёсьць месцы, важныя для ўсяго юдэйскага сьвету. Гэта пахаваньні цадыкаў (праведнікаў), да прыкладу, рабіна і філёзафа Хафеца Хаіма ў Радуні, ешывы ў Радуні, Міры, Валожыне.
«Некалі гэта былі ўсясьветна вядомыя ешывы, куды прыяжджалі вучыцца ажно з Амэрыкі», — кажа прадстаўнік адной турыстычнай фірмы.
Артадаксальных і сьвецкіх габрэйскіх турыстаў аб’ядноўваюць вялікія габрэйскія дзеячы, рабіны, іхныя продкі, мяркуе прадстаўнік Асацыяцыі юдэа-хрысьціянскага дыялёгу Shomer-International у Беларусі Яўген Калодзін.
«У Горадні рэлігійныя групы наведваюць сынагогу, гета, занёманскія могілкі, дзе ёсьць пахаваньне цадыка. Яны трымаюць малітву, часам вельмі доўгую. Некаторыя прыяжджаюць, каб проста ўшанаваць і зрабіць фатаздымак», — кажа Яўген Калодзін.
Паводле яго, у рэлігійных групаў больш жорсткія патрабаваньні, прыкладам, да ежы, якая мусіць быць кашэрнай.
«Яны могуць быць вельмі спэцыфічнымі турыстамі зь вельмі спэцыфічнымі запытамі», — пагаджаецца Андрэй Бурдзянкоў.
3. Турызм дзеля адпачынку
Такія турысты найбольш прыяжджаюць улетку, а не на канкрэтнае рэлігійнае сьвята або дзень памяці.
«Нярэдка наведваньне Беларусі аб’ядноўваюць з балтыйскімі краінамі. Цяпер сюды можна адносна танна прыляцець пад „бязьвіз“, усё паглядзець», — кажа Андрэй Бурдзянкоў.
Шмат габрэяў, што жывуць у Ізраілі, прыяжджаюць у Горадню на некалькі гадзін з Друскенікаў, дзе яны лекуюцца ў санаторыях за даступныя для іх кошты.
«Гэта таксама атавізмы памяці. Раней ленінградзкія габрэі прыяжджалі ў Друскенікі. Яны ўжо тады былі месцам адпачынку», — тлумачыць Барыс Квяткоўскі.
Друскеніцкія габрэі завітваюць проста, каб разнастаіць свае штодзённыя працэдуры і шпацыры сьцежкамі санаторыяў.
«Часам яны так ляніва пытаюцца: „А можа, вы ведаеце, на якой вуліцы жыла мая бабуля?“ — „Вядома, я ведаю“. Паказваю ім яр каля гарвыканкаму, дзе раней быў шэраг вуліц: Нізкая, Мокрая, Жабіная, Крывая. Яны даўно зьнесеныя. Гэты раён быў шчыльна заселены габрэямі. Багацейшыя жылі каля аўтавакзалу. Насупраць Брыгіцкага касьцёлу жыла сям’я Зандманаў. Фэлікс Зандман ацалеў падчас вайны, вучыўся ў Сарбоне, стаў доктарам філязофіі», — працягвае старшыня ггорадзенскай абрэйскай супольнасьці.
Дырэктарка адной зь фірмаў кажа, што да яе едуць па танны на ізраільскія меркі экстрым. Ейная агенцыя ладзіць туры на квадрацыклах па Беларусі. Калі гадзіна на квадрацыклах у Ерусаліме каштуе 120 даляраў, то ў Беларусі прыкладна ўтрая таньней.
Адукацыйнага турызму амаль няма
Яўген Калодзін адзначае, што габрэйская моладзь ня едзе вучыцца ў Беларусь. А ў Польшчы дзейнічаюць сумесныя з Ізраілем адукацыйныя праграмы. Паездкі туды на сэмінары і канфэрэнцыі для студэнтаў-габрэяў — звычайная рэч.
Што можна зьмяніць, каб габрэйскім турыстам у Беларусі было лепш?
1. Зьберагчы тое, што захавалася
Паводле Алеся Белага, варта даглядаць або аднаўляць габрэйскія могілкі. Бо толькі збочыш з папулярнага маршруту «Валожын — Іўе — Радунь», і ўжо невядома, дзе знаходзілася сынагога або пахаваньні. Краязнаўца мяркуе, што гэтым могуць займацца як мясцовыя ўлады, так і актывісты.
«Габрэйскія магілы — гэта спадчына і беларусаў». Амбасадар Ізраілю ратуе могілкі ў Магілёве
Гісторык удзельнічаў у валянтэрскім праекце расчысткі могілак, парослых лесам, у Бешанкавічах. Ініцыятаркай яго выступіла Ганна Клімовіч, лекарка-анколяг з Санкт-Пецярбургу. Там пахаваныя і ягоныя, і ейныя продкі. Зь ягоных словаў, за апошнія гады зьявілася шмат падобных прыватных ініцыятываў.
2. Пабудаваць дамы талерантнасьці
Габрэям было б утульней, калі б зьявіліся дамы талерантнасьці, мяркуе Яўген Калодзін. У такіх цэнтрах людзі спыняюцца на ноч, харчуюцца адмысловай ежай, наведваюць культурныя захады, сьвяты, прыводзяць дзяцей на розныя заняткі. У такіх дамах звычайна знаходзіцца міква (адмысловая ванна для рытуальнага абмываньня), у якой артадаксальныя габрэі мусяць ачышчацца раз на тыдзень.
Гатэлі пры гэтым мусяць панізіць кошты, упэўнены Барыс Квяткоўскі.
«Мы ня ў стане забясьпечыць такі ж сэрвіс, як у суседніх краінах, за тыя ж грошы. Калі даюць някепскі сэрвіс — гэта шалёныя цэны. Знаёмы аддаў 70 рублёў за ноч у найтаньнейшым горадзенскім гатэлі. Хто тут будзе начаваць 10 дзён за такую цану?», — пытае старшыня габрэйскай супольнасьці.
3. Каб ня везьці валізку ежы
Прыежджых не задавальняе, што ў Беларусі амаль няма кашэрнай кухні, кажа дырэктарка дому горадзенскай габрэйскай грамады «Мэнора» Алена Куцэвіч. Па-за Менскам няма адмысловых кавярняў, рэстарацыяў. У крамах мала што можна набыць на некалькі дзён.
«Нядаўна ў горадзе былі габрэйскія госьці. Яны мусілі зьехаць празь ежу. Раней да нас прыяжджалі амэрыканцы — з валізкай ежы», — распавядае неймаверныя гісторыі Алена Куцэвіч.
Яўген Калодзін зноў прапануе браць прыклад з Польшчы. Там папулярныя рэстарацыі «Kuchnia żydowska». У іх падаюць не кашэрную ежу, а проста стравы паводле габрэйскіх рэцэптаў, якія гатуюць негабрэі.
4. Болей атракцыяў
У Віцебску летась адкрылі помнік Старому Хатабычу. Казку пра яго напісаў віцяблянін Лазар Лагін (Гінзбург). Можна ставіць болей тэматычных помнікаў, прапануе Алесь Белы. Таксама Віцебск можа яшчэ мацней культываваць вобраз мастацкай школы, пачынаючы ад Марка Шагала.
У Польшчы за апошнія дзесяць год сталі папулярнымі фэстывалі габрэйскай культуры. У Менску на Нямізе яны ладзяцца ўжо два гады, кажа Яўген Калодзін. На яго думку, патрэбна часьцей ладзіць канцэрты, выставы, чым і займаецца ягоная арганізацыя.
Варта папудярызаваць тыя цікавінкі, што ўжо існуюць. Да прыкладу, у Горадні захаваўся дом стваральніка ўсясьветнай мовы эспэранта Людвіка Замэнгофа, кажа Яўген Калодзін. Але пакуль пра гэта гаворыць толькі шыльда на ўваходзе. У той жа час у Беластоку ў падобным доме створаны цэлы культурніцкі цэнтар імя «доктара Эспэранта».
5. Расказваць пра габрэйскую мінуўшчыну
Варта распрацоўваць тэматычныя турыстычныя маршруты, выдаваць падарожныя даведнікі, усталёўваць мэмарыяльныя знакі, інфармацыйныя шчыты, рэклямаваць цікавінкі ў інтэрнэце, праводзіць канфэрэнцыі на габрэйскую тэму — прапануе Алесь Белы.
«Я паставіў інфармацыйны шчыт каля валожынскай ешывы. Раз на тыдзень мне нехта тэлефануе, часьцей па-ангельску, каб трапіць усярэдзіну», — распавядае краязнаўца.
Да таго ж ён распрацаваў экскурсію па габрэйскай спадчыне Ляхаўкі, былым каталіцка-габрэйскім прадмесьці Менску. Аднак камісія не зацьвердзіла гэты маршрут празь няправільную «шапку» ў афармленьні. Зьместу экскурсіі нават не гарталі.
Чарговая ініцыятыва Алеся Белага — кампанія, каб адну з вуліц Быценя Івацэвіцкага раёну назваць імём Цывіі Любеткін, якая паходзіць адтуль. Гэта самая вядомая ў сьвеце гераіняй паўстаньня ў Варшаўскім гета.
6. Як бы намякаць, што радыя гасьцям
Андрэй Бурдзянкоў заўважае па сваіх кліентах, што яны пра нашу краіну ведаюць зусім мала. Таму варта ствараць фільмы, перадачы, відэаролікі. Да таго ж можна разьвіваць кірунак «ад чалавека да чалавека»: адзін зьезьдзіў сюды, яму спадабалася, перадаў іншаму.
«Але трэба, каб яму спадабалася. Каб у аэрапорце, у пункце пропуску на яго ня злосна глядзелі, як бульдогі, а што яны нібы цешацца, што ён прыехаў у краіну. Каб далей з пэрсаналам не было савецкіх грымасаў: „Што вы тут перашкаджаеце працаваць!“. Каб яны як бы намякалі, што радыя бачыць гасьцей», — кажа гід-перакладнік.
«Немагчыма чалавека, які прыяжджае з-за мяжы, прымусіць адпачываць ў бюракратычным стылі „РУП Беларусь“. Трэба прапаноўваць больш крэатыўных турыстычных прадуктаў у самых розных жанрах. Калі ўбачаць, што ў нас jewish friendly атмасфэра, то пойдзе пагалоска, што да нас можна прыяжджаць», — упэўнены і Алесь Белы.
Менск мог бы трансьляваць імідж савецкага ідышкайту
Паводле Алеся Белага, Беларусь мае падставы, каб быць каштоўнай для габрэяў: асобы, месцы, значныя для ўсяго габрэйскага сьвету.
«Менск мог бы трансьляваць імідж, якога няма ў Літве, Украіне, Польшчы. Ён быў сталіцай савецкага ідышкайту (габрэйскай ідэнтычнасці) у 1920–1930-я гады», — кажа Алесь Белы.
Паводле яго, габрэі ўзялі актыўны ўдзел у стварэньні Савецкай Беларусі. Сёньня гэта відаць па архітэктурных шэдэўрах Іосіфа Лангбарда — Дом ураду, Дом афіцэраў, Опэра, Акадэмія навук. Папулярная ў сёньняшняй моладзі Ляхаўка (сучасная вуліца Кастрычніцкая) мае яскравую габрэйскую генэалёгію. Але ніхто не прапануе такога погляду на Менск.
Ён сьцьвярджае, што для габрэяў роля Беларусі ня менш значная, чым іншых краінаў. У савецкі час габрэі з энтузіязмам уключыліся ў пабудову шматнацыянальнай краіны, працавалі для гэтай зямлі. Вядома пра габрэйскі супраціў у гады вайны: у партызанскіх атрадах, у паўстаньнях у гета.
«Людзі думаюць, нібы ёсьць чарадзейскі рытуал, які можна адзін раз выканаць, і ўсё зьменіцца. Але гэта працэс, які трэба рабіць гадамі. Нехта яго мусіць штурхаць. Нехта мусіць падказаць, дзе браць на гэта грошы. У нас калясальная розьніца з той жа Польшчай, дзе чвэрць стагодзьдзя гэтым займаюцца», — кажа Алесь Белы.