Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Паводзіў сябе як сапраўдны бандыт», — Лукашэнка пракамэнтаваў затрыманьне Раўнейкі


Аляксандар Лукашэнка праанансаваў новыя гучныя карупцыйныя выкрыцьці і пракамэнтаваў затрыманьне памочніка — інспэктара па Гарадзенскай вобласьці Сяргея Раўнейкі.

Адказваючы 2 чэрвеня на пытаньні журналістаў, Лукашэнка патлумачыў: «Ён трапіў у поле зроку больш за паўтары гады таму. Скажу шчыра, тут перш за ўсё спрацавалі дэклярацыі аб даходах. Калі вывучэньне ішло кадравае, я задаў пытаньне, адкуль такая раскоша: аўтамабілі да дзясятка, кватэры да дзясятка. Ня можа звычайны чыноўнік і яго сям’я так жыць, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Але падазрэньне падазрэньнем, нейкія былі факты. Мы бачылі, што размаўляў з бізнэсоўцамі як паніч... Паводзіў сябе як злачынца, самы сапраўдны бандыт. Гэта мяне зьдзівіла», — сказаў Лукашэнка.

Паводле Аляксандра Лукашэнкі, калі яму далажылі пра гэта, ён сказаў пра неабходнасьць выяўленьня выключнага факту, які б пацьвердзіў адпаведную проціпраўную дзейнасьць.

«Прайшоў пэўны час — 200 тысяч даляраў. Нават бізнэсоўцы дзівяцца. Гэта ўжо нахабнік вышэйшай ступені! Падчас перадачы гэтых грошай яго затрымалі з грашыма ў руках. Апэрацыя рыхтавалася, яна была санкцыянаваная мною» — распавёў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка таксама праанансаваў новыя гучныя карупцыйныя выкрыцьці.

«Днямі вы пачуеце яшчэ новыя факты. Яны ўжо сядзяць там — у сьледчым ізалятары. Проста зараз матэрыялы рыхтуем для таго, каб вам паведаміць, а вы грамадзкасьць азнаёмілі з гэтым», — цытуе Лукашэнку БЕЛТА.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG