Сайт мэсэнджэра Telegram аказаўся недаступным у пошукавай выдачы парталаў Mail.ru і «Спутник». Як паведамілі газэце «Коммерсант» у «Роскомнадзоре», пашукавікі падключыліся да расейскай фэдэральнай дзяржаўнай інфармацыйнай сыстэмы (ФГИС).
Гэтая сыстэма была створана для абмежаваньня доступу да заблякаваных рэсурсаў. Mail.ru і «Спутник» выканалі ў такі спосаб патрабаваньне закону.
Google і «Яндэкс» пакуль не выдаляюць спасылкі на мэсэнджэр, але тэстуюць гэтую магчымасьць, адзначае выданьне.
З 16 красавіка «Роскомнадзор» пачаў блякаваць мэсэнджэр Telegram ў Расеі з прычыны адмовы прадстаўляць ФСБ ключы шыфраванmня перапіскі карыстальнікаў. У выніку ў рэестар забароненай інфармацыі трапілі да 20 мільёнаў IP-адрасоў, была парушаная праца шматлікіх расейскіх сайтаў і сэрвісаў. Акрамя таго, «Роскомнадзор» даў справаздачу аб блякаваньні 80 VPN і проксі-сэрвісаў, якія дазваляюць абыходзіць блякаваньне Telegram.
Больш за 50 міжнародных і расейскіх праваабарончых арганізацый асудзілі блякаваньне Telegram і заклікалі Расею спыніць «атаку на свабоду выказваньня і недатыкальнасьць прыватнага жыцьця ў інтэрнэце».