Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства інфармацыі заблякавала сайт прыхільнікаў легалізацыі марыхуаны


Пікет за легалізацыю марыхуаны, люты 2018
Пікет за легалізацыю марыхуаны, люты 2018

Міністэрства інфармацыі закрыла доступ да сайту кампаніі за дэкрыміналізацыю марыхуаны і кантраляваных рэчываў legalize.by.

Пра гэта Свабодзе паведаміў уладальнік сайту Пятро Маркелаў, якому на электронную пошту Мінінфарм даслаў копію загаду аб блякіроўцы доступу, падпісанага кіраўніком ведамства Аляксандрам Карлюкевічам.

Паводле Міністэрства інфармацыі, на сайце разьмешчаны матэрыялы, якія прапагандуюць «небясьпечны наркатычны сродак марыхуана», ужываньне якога на тэрыторыі Беларусі забаронена. Прапаганда наркатычных сродкаў у СМІ і інтэрнэце забаронена артыкулам 38 Закону аб СМІ, тлумачаць у міністэрстве.

Пятро Маркелаў кажа, што сайт будзе напаўняцца і далей. Таксама рэдактары сайту будуць абскарджваць загад Міністэрства інфармацыі, «бо там няма ніякай прапаганды».

Заблякаваны сайт напаўняўся англамоўнымі матэрыяламі пра дзейнасьць удзельнікаў кампаніі Legalize Belarus. На падтрымку кампаніі рэдактары сайту прапаноўвалі ахвяраваць біткойны.

Пад пэтыцыяй за дэкрыміналізацыю марыхуаны і іншых кантраляваных рэчываў падпісаліся больш за 2000 чалавек, у тым ліку 1600 — у інтэрнэце. Яны заклікаюць увесьці вызначэньне малой колькасьці для кожнага кантраляванага рэчыва і адмяніць крымінальную адказнасьць за іх абарот у памерах, якія не перавышаюць вызначаныя.

19 красавіка міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч заявіў, што яго ведамства не вітае паслабленьня адказнасьці паводле «наркатычных» артыкулаў, у тым ліку для спажыўцоў наркотыкаў.

27 красавіка прадстаўнікі руху «Маці 328» абвясьцілі галадоўку, патрабуючы зьмякчэньня «антынаркатычнага» заканадаўства ў дачыненьні да тых, хто ўжываў забароненыя рэчывы. 16 траўня на партале pravo.by апублікавалі праект зьменаў у «наркатычныя артыкулы» Крымінальнага кодэксу.

Што важна ведаць пра галадоўку «Маці 328»:

Актывіст Legalize Belarus: «Змагацца супраць наркотыкаў — гэта папулізм»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG