Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь і Белоруссия: як працуе нацыянальнае


Спрэчка вакол заяваў Юрыя Зісера актуалізавала цікавы аспэкт старой, як Беларусь, праблемы — як працуе нацыянальнае. Не, не пра тое, што зь нечага пункту гледжаньня варта пакласьці ў яго падмурак — а як, празь які мэханізм яно засвойваецца, прымаецца.

Бясспрэчных прыкладаў, па шчырасьці, няшмат: сьцяг, герб, мова, Эўропа-Расея — дагэтуль прадметы спрэчак, а не кансэнсусу. А вось як што адбываецца, адбывалася з тым, вакол чаго кансэнсус ёсьць? Адзін з прыкладаў — назва краіны, аднолькавая і на беларускай, і на расейскай мовах.

Прыгадаем пачатак, пункт адліку. Яшчэ напрыканцы 80-х назва на расейскай «Белоруссия» была агульнапрынятая, пра яе сьпявалі «Песьняры» і самадзейныя барды, гэтая назва красавалася ў назьве галоўнай афіцыйнай газэты тады яшчэ рэспублікі ў складзе СССР.

Ну, а потым улада прыняла рашэньне — і па-беларуску, і па-расейску краіна называецца Беларусь. Як улада загадае — так усе і зробяць як міленькія. Беларусы ж законапаслухмяны народ. Так? Не, ня так. Дакладней, не зусім так.

Ці ў моцы дзяржавы справа?

Вось пару гадоў таму ўвяла дзяржава «дармаедзкі» збор. І беларусы падпарадкаваліся як міленькія? Не, не падпарадкаваліся. Заплацілі грошы ў адказ на «ліст шчасьця» толькі 10%. А 90% аказаліся няміленькімі.

Ці вось нядаўняе блякаваньне «Хартыі». Аўдыторыя яе, можа, і зьменшылася, але не ў разы. Многія захавалі вернасьць улюбёнаму выданьню, звычцы, калі хочаце. І гэта патрабавала пэўных высілкаў. А на пачатку 90-х хіба было такое супрацьдзеяньне за «Белоруссию»?

Ну добра, дзяржаўным газэтам, на ТБ і радыё далі тады каманду — і пачалі выконваць. А незалежны друк? Давялося ў 90-я працаваць у БДГ і «Імені». Газэты гэтыя выдаваліся па-расейску, ідэалёгія, так бы мовіць, гэтых выданьняў (і іх супрацоўнікаў) істотна адрозьнівалася ад ідэалёгіі, скажам, «Свабоды».

Але неяк нікому з супрацоўнікаў не прыходзіла ў галаву пісаць у гэтых газэтах так, як было агульнапрынята яшчэ некалькі гадоў таму — «Белоруссия». І не таму, што ўладальнік газэты Пётар Марцаў неяк гэта забараняў. Проста не прыходзіла ў галаву.

Спрэчкі пра «Беларусь-Белоруссия» віравалі і тады, як і цяпер працягваюцца, праўда, інтэрнэту тады не было. Але каго з кім? Звычайна ці беларусаў з расейцамі, ці паміж беларусамі, але наконт таго, ці маюць права расейцы называць Беларусь так, як называлі раней. Але не беларусаў зь беларусамі пра тое, як ім называць сваю краіну.

Хто змагаўся і пацярпеў за «Белоруссию»?

Рашэньне пра назву прыняла тады дзяржава. Але ці дамагалася яна рэалізацыі гэтага рашэньня, ці ўжывала санкцыі за яго невыкананьне? Ня памятаю ніводнага папярэджаньня Мінінфарму газэтам, ня памятаю ніводнай адміністрацыйнай справы за ўжываньне неналежнай назвы краіны. Падаецца, што і не было іх.

Дый як ім было быць, калі гэтае «забароненае» слоўца красавалася ў галоўнай дзяржаўнай газэце? Яно там і цяпер ёсьць, прынамсі на сайце ўнізе дробным шрыфтам, як назва прадпрыемства, юрыдычнай асобы. Якія суды, якія папярэджаньні? Дык калі рашэньне ўлады проста ніхто не парушае, то, можа, справа не адно ў цудадзейнай моцы дзяржаўнага прымусу?

А можа, трапіла ў мазгі і сэрцы, шчоўкнула — нашае, сваё, так і павінна быць.

Яшчэ адна вэрсія пра тое, як робіцца нацыянальнае — што гэта вынік ціску хай невялікай, але апантанай, матываванай меншасьці, якая накідае свае каштоўнасьці пасіўнай большасьці. Напэўна, і так бывае, але з назвай краіны на расейскай было ня так. Ня так, бо не было супраціву, галасоў «Не, а мы будзем пісаць і называць так, як раней рабілі».

Ну, і яшчэ пра закон і дзяржаўную моц. Быў закон, паводле якога дзяржаўная мова адна. Быў закон, па якім сьцяг бел-чырвона-белы, а герб — «Пагоня». Прынамсі аднаму (хоць напэўна не аднаму) беларусу гэта не падабалася — Аляксандру Лукашэнку. І быў закон адзін, а стаў — іншы.

А чаму ж не вярнуў «Белоруссию»? Хіба складана яму было ўставіць яшчэ адно пытаньне ў рэфэрэндум, хіба складана было хоць указ ці дэкрэт выдаць? Улада ж можа ўсё, усё ад яе, усё празь яе? Не, ня ўсё. Нехта можа сказаць, што з мовай і сымбалямі яму проста ў галаву стукнула, а з назвай краіны — ня стукнула. А чаму ня стукнула? А можа таму, што на той момант калі каму і стукала наконт назвы, дык ужо мізэрнай колькасьці.

Байка пра ахвяраў нацыяналізму

Некалькі гадоў таму пачуў ад аднаго дасьведчанага чалавека забаўную і павучальную гісторыю. Мо байка, мо праўда, але праўдападобна. Падрадзіўся адзін дзяржаўны дасьледны цэнтар рабіць аналітыку для адміністрацыі прэзыдэнта пра новыя тэндэнцыі ў расейскай палітыцы адносна Беларусі. Ну а што нашыя — будуць працаваць самі? Лянота ж. Знайшлі расейскага палітоляга, які і пёк рэгулярна агляды. Яму крышачку плацілі, астатняе дзялілі паміж сабой.

І вось пасылалі яны ў адміністрацыю шэдэўры аналітычнай думкі гэтага расейца як плён уласнай нястомнай працы. А ён жа пісаў у тэксьце, як у іх прынята — Белоруссия, Белоруссией, Белоруссии. А супрацоўнікам таго дасьледнага цэнтру лянота ж была гэта папраўляць, перабіваць на «Беларусь» у Вордзе праз замену. Так і слалі начальству. Раз, два, тры. Там чытаюць, і чапляе вока — што за «Белоруссия», гэта хто пісаў — нашыя?

Ну, і ў выніку афэра раскрылася, пачаўся скандал, у тым дасьледным цэнтры каму трэба далі па мазгах.

Але з чаго ўзьнік скандал? Заўважу, ня ў «Нашай Нівы» ўзьнік сумнеў, не ў людзей, у якіх у сэрцы ВКЛ, БНР і «Пагоня». У звычайных беларускіх чыноўнікаў, якія могуць нават і вельмі пазытыўна ставіцца да Расеі, і гаварыць па-расейску. Але — непарадак, у нас так ня пішуць, у нас так не прынята.

Кансэнсус, які не абмяркоўваецца

Вось гэта і ёсьць нацыянальнае, кансэнсус, які не абмяркоўваецца. Гэта так — таму што гэта так для ўсіх нас. Дык ад’едзь у Смаленск, а тым больш у Маскву, там пра нас будуць гаварыць «Белоруссия». Там так. А мы тут. І ў нас так. Хто вырашыў? Ды ўсе мы. Хто такія мы? Тыя, хто называе краіну паміж Польшчай і Расеяй і па-расейску Беларусьсю.

Можна сказаць: дык гэта ж дробязь. Але гэта, па-першае, ня дробязь, а па-другое (ці якраз па-першае) гэта дэманстрацыя мэханізму, як працуе, фармуецца нацыянальнае. Калі працуе, тады так.

У гэтым сэнсе паказальная і гісторыя з Настай Ванеевай, 11-гадовай цымбалісткай са Смаргоні, які паправіла на расейскім тэлешоў вядучага Максіма Галкіна наконт назвы яе краіны. Хіба справа ў тым, што яе вучаць у школе называць краіну Беларусьсю і па-расейску? Так, і ў гэтым. Але ня толькі.

Дзеці не заўсёды і не ўва ўсім слухаюць і слухаюцца настаўнікаў. Аднак Наста жыве ў грамадзтве і чуе яго, яна камунікуе з бацькамі, з раднёй, езьдзіць у грамадзкім транспарце, ходзіць па вуліцах, ходзіць у крамы, глядзіць тэлебачаньне, сядзіць у інтэрнэце. Калі б грамадзкая норма была ў гэтым пытаньні гнуткая, калі б у школе вучылі гаварыць так, а людзі вакол яе гаварылі прынамсі і так і інакш, мяркую, што яна б ня стала папраўляць дарослага чалавека.

Але яна рэтрансьлявала Галкіну не адно школьныя правілы, а тое, што зьяўляецца нормай у яе грамадзтве.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG