Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яшчэ аднаго сяржанта зь Печаў асудзілі за «дзедаўшчыну»


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

18 траўня суд Барысаўскага раёну Менскай вобласьці пакараў трыма гадамі калёніі ўзмоцненага рэжыму 23-гадовага сяржанта Андрэя Зайца з вайсковай часткі 39864 у Печах пад Барысавам.

Пра гэта паведамляе прэс-служба Вярхоўнага суду Беларусі.

Сяржанта прызналі вінаватым у перавышэньні ўлады, «зьвязаным з гвалтам», і службовых паўнамоцтваў, «учыненым з карысьлівай і іншай асабістай зацікаўленасьці» (ч. 1 арт. 455, ч. 2 арт. 455 Крымінальнага кодэксу).

Паводле суду, гэта нанесла «істотную шкоду правам і законным інтарэсам грамадзян, дзяржаўным і грамадзкім інтарэсам».

Таксама падсудны пазбаўлены вайсковага званьня «сяржант» і права займаць пасады, зьвязаныя з выкананьнем арганізацыйна-распарадчых абавязкаў, цягам пяці гадоў.

Пасьля гвалтоўнай сьмерці ў Печах салдата Аляксандра Коржыча былі ўзятыя пад варту 10 чалавек: два афіцэры — камандзір роты, старшы лейтэнант 1994 году нараджэньня, і ягоны намесьнік, капітан 1989 году нараджэньня, — сем сяржантаў і прапаршчык. За непрыняцьце мераў па прадухіленьні гібелі Коржыча з войска звольненыя пяць чалавек, яшчэ двое адхіленыя ад працы.

4 траўня суд Барысаўскага раёну вынес прысуд сяржанту Арцёму Бердніку — тры гады пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці, з пазбаўленьнем права займаць кіроўныя пасады цягам 5 гадоў, з пазбаўленьнем воінскага званьня "сяржант".​ Арцём Берднік таксама не праходзіў па справе Коржыча.

Суд у Барысаве пакараў сяржанта трыма гадамі калёніі за хабар і зьдзекі з шарагоўцаў

3 траўня 21-гадовага сяржанта Ўладзіслава Яльца і 24-гадовага яфрэйтара Максіма Малышку асудзілі за «дзедаўшчыну» ў дачыненьні да пяцёх салдат на чатыры і тры з паловай гады пазбаўленьня волі ў папраўчай калёніі ўзмоцненага рэжыму адпаведна.

«У салдат няма свайго слова ў войску». У Горадні асудзілі двух «дзядоў»

30 сакавіка прапаршчыка з 72 гвардзейскага аб’яднанага вучэбнага цэнтру ў Печах Ігара Хішчанку, які катаваў салдат электрашокерам, пакаралі 5 гадамі зьняволеньня.

Што такое Печы і чаму адтуль шмат кепскіх навінаў?

72-і гвардзейскі аб’яднаны вучэбны цэнтар падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спэцыялістаў — так афіцыйна называецца вайсковая адзінка ў вайсковым гарадку Печы пад Барысавам. Вучэбны корпус у Печах — найвялікшая вайсковая фармацыя ў Беларусі. Паводле «Белорусской военной газеты», у Печах больш за 4,5 тысячы асабовага складу — цэлы пасёлак па цывільных мерках. Тут сканцэнтравана каля 10% усіх вайскоўцаў краіны (агулам у Беларусі іх 48,9 тысячы, інфармацыя БелТА).

Вучэбны цэнтар у Печах існуе з 1960 году. Раней там рыхтавалі толькі малодшых камандзіраў і спэцыялістаў, а з 2001 году — яшчэ і прапаршчыкаў.

72-і вучэбны цэнтар — гэта шэсьць спэцыялізаваных школ, кожная зь якіх лічыцца асобнай вайсковай часткай. У розных школах рыхтуюць будучых танкістаў, кіроўцаў і камандзіраў БМП, снайпэраў, спэцыялістаў радыёсувязі, начальнікаў сталовых — большасьць спэцыялістаў для беларускай арміі. Усяго там навучаюць 81 спэцыяльнасьці.

Акрамя школ, у вучэбны цэнтар уваходзяць тры вайсковыя адзінкі, дзе салдаты праходзяць паўнавартасную службу: батальён аховы і абслугоўваньня, цэнтар тэхнічнага забесьпячэньня і батальён матэрыяльнага забесьпячэньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG