Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Маці 328» атрымалі адказ ад Качанавай, патрабуюць сустрэчы з Лукашэнкам


Ілюстрацыйнае фота. Актывісткі руху «Маці 328» перад сустрэчай з прадстаўнікамі адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі. Менск, 2 траўня 2018 году
Ілюстрацыйнае фота. Актывісткі руху «Маці 328» перад сустрэчай з прадстаўнікамі адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі. Менск, 2 траўня 2018 году

Кіраўніца адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі даслала актывісткам руху «Маці 328» адказ на іх патрабаваньні.

Што важна ведаць пра галадоўку «Маці 328»:

Удзельніцы руху «Маці 328» вырашылі з 14 траўня спыніць галадоўку, якая працягвалася ў Лідзе. Пра гэта Свабодзе паведаміла лідэрка руху Ларыса Жыгар. Яна заявіла, што калі іх патрабаваньні ня будуць выкананыя, то акцыі пратэсту адновяцца па ўсёй краіне.

Людміла Лапко зь Ліды пацьвердзіла Свабодзе, што гутарыла з лідэркай руху «Маці 328» Ларысай Жыгар наконт спыненьня галадоўкі, але не пагадзілася зь ёю і працягвае галадоўку, пакуль асабіста не атрымае адказ на просьбу аб прыёме ў адміністрацыі Лукашэнкі.

Паводле Жыгар, удзельніцы руху «Маці 328» яны атрымалі адказ ад кіраўніцы справамі адміністрацыі прэзыдэнта Натальлі Качанавай, у якім паведамляецца, што законапраект па зьменах артыкулу 328 Крымінальнага кодэксу прайшоў крыміналягічную экспэртызу і 11 траўня паступіў для разгляду ў Палату прадстаўнікоў.

Ларыса Жыгар
Ларыса Жыгар

«Для нас гэта вельмі значны плюс, паколькі мы на працягу двух з паловай гадоў дамагаліся гэтага, і вынік урэшце ёсьць, — заявіла Жыгар. — Цяпер наша праца будзе ў тым, каб дэпутаты азнаёмілі нас, „Маці 328“, са зьместам законапраекту. Нам, дарэчы, абяцалі, што ўсе дэпутаты ў рэгіёнах, калі законапраект паступіць да іх, будуць запрашаць маці для азнаямленьня і абмеркаваньня», — сказала Свабодзе Жыгар.

Паводле яе, калі гэтага не адбудзецца, то ім давядзецца зноў зрабіць нагадаць пра сябе.

«Нам вельмі важна азнаёміцца з законапраектам, бо пакуль для нас гэта кот у мяшку», — кажа спадарыня Ларыса.

Важным, паводле Жыгар, зьяўляецца тое, якім чынам зьмены ў законапраекце будуць распаўсюджвацца на тых, хто быў асуджаны ў 2013 — 2017 гадах, паколькі раней іх запэўнівалі, што закон мае зваротную сілу ў бок паляпшэньня.

Асабліва важным момантам, паводле яе, зьяўляецца тое, як законапраект улічвае зьмены ў дачыненьні непаўналетніх, паколькі на іх павінна распаўсюджвацца канвэнцыя ААН «Аб правах дзіцяці», якую Беларусь падпісала.

І галоўнае патрабаваньне, ад якога рух «Маці 328» не адступае, — сустрэча з Аляксандрам Лукашэнкам.

«Яно было, ёсьць і застаецца самым галоўным. Мы хочам яму данесьці пра ўсё, што адбываецца, менавіта з нашай пазыцыі — пазыцыі „Маці 328“, паколькі мы больш чым перакананыя, што сапраўднае становішча рэчаў яму не даносіцца», — падкрэсьліла Жыгар.

Паводле яе, на 4 траўня ва ўдзельніц руху «Маці 328» была заплянаваная сустрэча з Генэральным пракурорам Беларусі Аляксандрам Канюком, якая не адбылася. А ўдзельніцам руху вельмі хацелася б удакладніць у генэральнага пракурора, якім будзе мэханізм перагляду спраў асуджаных.

«Гэта ўсё для нас вельмі важна. Таму яшчэ раз падкрэсьліваю, што галадоўка толькі прыпынена, але калі нашы патрабаваньні ня будуць выкананыя, то акцыі адновяцца па ўсёй краіне і з новай сілай», — заявіла Ларыса Жыгар.

Яна таксама выказала надзею, што законапраект у першым і другім чытаньні будзе разгледжаны на працягу вясновай сэсіі парлямэнту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG