Два гады таму амэрыканская вайскоўка Шэміка Бэрадж перажыла аўтакатастрофу, у якой ледзь не загінула. Бэрадж, якой тады было 19 гадоў, згубіла левае вуха. Цяпер мэдыкі ў вайсковым мэдычным цэнтры ў Тэхасе стварылі ёй новае вуха на руцэ.
Хірургі ўзялі храсткі зь яе рэбраў і перасадзілі пад скуру. Вырасьціўшы такім чынам новае вуха, яны перасадзілі яго на патрэбнае месца. Гэтае вуха «будзе мець новыя артэрыі, новыя вены і нават новыя нэрвы, таму яна будзе здольная адчуваць яго», — цытуе афіцыйны сайт войскаў ЗША падпалкоўніка Оўэна Джонсана, кіраўніка плястычнай і рэканструкцыйнай хірургіі ў вайсковым мэдычным цэнтры Ўільяма Боманта.