Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледчы камітэт завяршыў справу аб карупцыі ў Белкаапсаюзе і завёў яшчэ дзьве


Сьледчы камітэт Рэспублікі Беларусь, ілюстрацыйнае фота
Сьледчы камітэт Рэспублікі Беларусь, ілюстрацыйнае фота

Сьледчы камітэт Беларусі завяршыў расьсьледаваньне крымінальнай справы ў дачыненьні да першага намесьніка старшыні праўленьня Беларускага рэспубліканскага саюза спажывецкіх таварыстваў (Белкаапсаюз) Дзьмітрыя Баранава, якога абвінавачваюць у хабарніцтве. Яго затрымалі ў красавіку 2017 году.

Паводле вэрсіі сьледзтва, чыноўнік браў хабар на працягу больш як 1,5 года — зь верасьня 2015-га да красавіка 2017 году. Усяго праз сваю давераную асобу ён атрымаў 2,4 тысячы даляраў хабару за тое, што спрыяў пагашэньню крэдыторскай запазычанасьці перад прыватнай фірмай суб’ектамі гаспадараньня, якія ўваходзяць у структуру Белкаапсаюзу, паведамляецца на сайце Міністэрства ўнутраных спраў.

Сьледзтва кваліфікавала ягоныя дзеяньні паводле ч. 3 арт. 430 Крымінальнага кодэксу «Атрыманьне хабару асобай, якая займае адказную пасаду», а дзеяньні даверанай асобы — паводле ч. 1 арт. 431 КК (даваньне хабару).

Крымінальную справу рыхтуюць для перадачы ў суд. Абвінавачанаму пагражае тэрмін ад 5 да 15 гадоў з канфіскацыяй маёмасьці.

Завялі справу за ўхіленьне ад падаткаў на 4,5 млн даляраў

Сьледчы камітэт расьсьледаваў крымінальныя справы аб хабарніцтве ня толькі ў дачыненьні першага намесьніка старшыні праўленьня Белкаапсаюзу, але і яшчэ 6 кіраўнікоў розных суб’ектаў гаспадараньня, а таксама шэрагу іншых асобаў. Усяго больш за 70 эпізодаў.

Раней МУС Беларусі выявіла карупцыйную схему ў дзейнасьці службовых асобаў групы кампаній «АФМ», зьвязанай з пастаўкамі вэтэрынарных прэпаратаў і кармавых дабавак. Хабар перадавала кіраўніцтва гэтага холдынгу або, паводле яго ўказаньняў, мэнэджары асобных фірм. Сума хабараў складала 5-8% ад тавараабароту з прадпрыемствамі аграпрамысловага комплексу.

Фактычны ўладальнік камэрцыйнай структуры з саўдзельнікамі 10 гадоў уносіў у падатковыя дэклярацыі несапраўдныя зьвесткі і ўхіліўся ад выплаты падатку на прыбытак на агульную суму больш за 9,2 млн рублёў (звыш 4,5 млн даляраў ЗША). Частку з гэтых грошай выкарыстоўвалі для хабараў і выплаты заробкаў у «канвэртах» дырэктарам сельгаспрадпрыемстваў.

Цяпер Сьледчы камітэт завёў дзьве крымінальныя справы на ўладальніка камэрцыйнай структуры і яго саўдзельнікаў за ўхіленьне ад выплаты падаткаў, што пацягнула шкоду ў асабліва буйным памеры. Вядзецца расьсьледаваньне, страту ў больш як 4,5 млн даляраў ЗША, нанесеную бюджэту краіны, падазраваныя пакрылі цалкам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG